У Цэнтральным доме афіцэраў падвялі вынікі штогадовага творчага конкурсу на найлепшае асвятленне ў сродках масавай інфармацыі пытанняў будаўніцтва і развіцця Узброеных Сіл Беларусі, патрыятычнага выхавання насельніцтва нашай краіны.
Міністр абароны Беларусі генерал-лейтэнант Віктар Хрэнін, звяртаючыся да супрацоўнікаў СМІ, сказаў: «Сёння гэта наша агульная справа — захаванне міру на беларускай зямлі. Вы — нашы надзейныя таварышы і памочнікі. Не сумняваюся ў тым, што і надалей ваша дзейнасць будзе адрознівацца аб’ектыўнасцю і высокім прафесіяналізмам».
Намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі адзначыў: «112 рэдакцый, якія ўзялі ўдзел у конкурсе, — гэта нядрэнны вынік. У вас складаная работа, але цікавая. Тое, што вы робіце, важна для будучыні, таму што ад таго, як якасна, цікава, незвычайна пакажаце сёння Узброеныя Сілы Беларусі, будзе залежаць у тым ліку прэстыж ваеннай службы і жаданне маладых людзей ісці ў армію».
Сярод узнагароджаных — і спецыяльны карэспандэнт газеты «Звязда» Данііл Хмяльніцкі, які атрымаў дыплом І ступені ў намінацыі «Спецыяльны праект».
Віншуем калегу!