Аб чым гаварылі ў Мінску на міжнародным стаматалагічным кангрэсе
Ён сабраў удзельнікаў з дзясятка краін, а сваю прадукцыю прадставілі больш за паўсотні ўдзельнікаў. Гэта абсталяванне для стаматалагічных кабінетаў, інструменты, матэрыялы, рэнтген-устаноўкі і аксесуары, абсталяванне для зубатэхнічных лабараторый, артадантыі, анестэзіялогіі, прэпараты і аксесуары па доглядзе за зубамі, стаматалагічныя лекавыя прэпараты і многае іншае.
Сярод удзельнікаў форуму — Расія, Кітай, Азербайджан, Арменія, Узбекістан, Паўднёвая Карэя, Іран, Турцыя.
— Кіраўнік дзяржавы, выступаючы на ІІІ Мінскай міжнароднай канферэнцыі па еўразійскай бяспецы, адзначыў, што ніякія закрытыя граніцы не пашкодзяць кантактаванню прафесіяналаў, сяброў і разважных людзей. Наш форум — пацвярджэнне гэтаму, — падкрэсліла першы намеснік міністра аховы здароўя Алена БОГДАН, дадаўшы, што кангрэс дае цудоўную магчымасць студэнтам нароўні з вядомымі прафесарамі, стаматолагамі, кіраўнікамі асацыяцый прадставіць свае навуковыя, а дзесьці і інавацыйныя распрацоўкі. І менавіта на такіх форумах закладваюцца новыя навуковыя праекты, а інавацыі атрымліваюць шлях у практычнае ўвасабленне.
Рэктар Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, прафесар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Сяргей РУБНІКОВІЧ адзначыў, што ў Беларусі стаматалогія актыўна развіваецца ў некалькіх кірунках. Гэта выкарыстанне 3D-тэхналогій і штучнага інтэлекту. Дзякуючы падтрымцы дзяржавы распрацоўваецца спецыяльная праграма «Асістэнт ўрача-стаматолага». У будучыні яна дазволіць з выкарыстаннем штучнага інтэлекту найбольш якасна, своечасова і з эканоміяй часу і рэсурсаў дыягнаставаць стаматалагічныя захворванні на падставе даных з прамянёвай камп'ютарнай тамаграфіі, а таксама клінічных даных. Праграма дасць магчымасць вызначаць стратэгічны план лячэння на падставе нацыянальных клінічных пратаколаў. Гэта лічбавы прадукт, які палепшыць якасць аказання стаматалагічнай дапамогі і выяўлення схаваных паталогій у пацыентаў з прыватнымі праблемамі.
Рэктар Самаркандскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук Жасур РЫЗАЕЎ падкрэсліў, што Беларускі міжнародны стаматалагічны кангрэс, які праходзіць у рамках форуму, ужо стаў важнай платформай для абмену навуковымі дасягненнямі, перадавым і клінічным вопытам, а таксама інавацыйнымі падыходамі ў галіне стаматалогіі.
— Мы высока цэнім унёсак нашых беларускіх калег у развіццё медыцынскай навукі і адукацыі, што сёння патрабуе персаналізацыі і адкрытасці, — сказаў ён, дадаўшы, што Самаркандскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт з вялікай цікавасцю развівае партнёрскія адносіны з вядучымі ВНУ і навуковымі цэнтрамі Беларусі. Ён адзначыў, што спектр тэм, якія ахопліваюцца, шырокі, таму нават вузкія спецыялісты змогуць знайсці для сябе нешта новае.
Дырэктар навукова-даследчага аддзела Школы стаматалогіі Нанкінскага медыцынскага ўніверсітэта ЛАЙКУІ ЛЮ падкрэсліў, што рады прыняць удзел у прафесійным дыялогу.
— У рамках ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях» у снежні мінулага года мы падпісалі пагадненне з Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэтам аб стварэнні сумеснай кітайска-беларускай лабараторыі па даследаванні і прафілактыцы захворванняў поласці рота, што азнаменавала выхад супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю ў галіне стаматалогіі на якасна новы, больш глыбокі і маштабны ўзровень.
Дарэчы, днямі гэта лабараторыя была адкрыта на базе дзяржаўнай установы «Рэспубліканскі клінічны стаматалагічны цэнтр — Універсітэцкая клініка».
На выстаўцы было шырока прадстаўлена абсталяванне для стаматалагічных кабінетаў. Адна з кампаній прапанавала гасцям пазнаёміцца з магчымасцямі інтрааральных сканераў — з іх дапамогай ствараюць 3D-мадэль поласці рота пацыента. Былі прадстаўлены таксама стаматалагічныя ўстаноўкі самага рознага цанавога дыяпазону — ад 8 тысяч рублёў для ўрачоў-пачаткоўцаў да абсталявання коштам ад дзясятка тысяч долараў.
Сучасныя вытворцы стаматалагічнага абсталявання дбаюць не толькі пра камфорт пацыента ў стаматалагічным крэсле, але і пра самога ўрача. Наведвальнікам прапанавалі пазнаёміцца са стаматалагічным інструментам прэміум-класа. Як расказвае ўрач-стаматолаг Яўгенія Дуровіч, пакрыццё сучаснага эрганамічнага інструмента выконваецца з медыцынскага сілікону, за кошт чаго рука ўрача зафіксавана ў правільным становішчы, што зніжае нагрузку на мышцы, суставы і звязкі, а значыць, абараняе доктара ад прафесійнага захворвання.
Сучасная імплантацыя зубоў — гэта ў пэўным сэнсе касмічныя тэхналогіі, якія імкліва развіваюцца і выкарыстоўваюць самыя перадавыя методыкі. Мэта сённяшніх вытворцаў — стварыць такія імпланты, якія будуць прыжывацца ў 100 % выпадкаў. Сёння беларусам даступныя сістэмы вядучых сусветных вытворцаў. Выраб зубных пратэзаў — яшчэ адна высокатэхналагічная галіна. На выстаўцы былі прадстаўлены станкі для выпільвання пратэзаў, печы для іх сінтэрызацыі, фарбы для надання натуральнага выгляду.
Алена КРАВЕЦ
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА