Top.Mail.Ru

Навошта латвійскія ўлады запалохваюць сваіх грамадзян «жудаснай» Беларуссю

На днях медыяпрастора краіны-суседкі «вылілася» матэрыяламі з разраду «не хадзіце, дзеці, у Афрыку (Беларусь) шпацыраваць» ... гэта не даслоўна, вядома ж, але сутнасць наратываў перададзена дакладна: ездзіць па бязвізу ў нашу краіну вельмі шкодна і небяспечна, маўляў, завярбуюць, пасадзяць, а калі нават і не, дык можаце не вярнуцца дадому: у імгненне закрыем граніцу ў аднабаковым парадку (пагражаюць нават не за дзень-два, а на працягу некалькіх гадзін усталяваць жалезную заслону) і будзеце «кукаваць» і горка плакаць.


Паглядзім больш пільна, чым жа так страшная ў вачах латвійскіх улад наша Сінявокая.

Інфармацыя пра «татальны кантроль на беларускай граніцы» ілюструецца такім вось нібыта «фота». Звярніце ўвагу на сцяг і на назву краіны. Штучны інтэлект руліць!

Не ехаць і ўсё тут!

«Ці варта жыхарам Латвіі ездзіць у Расію і Беларусь?» На гэта пытанне адказаў міністр абароны Андрыс Спрудс у інтэрв’ю праграме «900 секунд» на тэлеканале TV3. Ваенны чыноўнік спасылаецца на розныя гібрыдныя пагрозы і лічыць неабходным працягваць тлумачальную работу з людзьмі, якія ўсё ж вырашаюць адправіцца ў суседнія краіны — Расію і Беларусь, тлумачачы ім магчымыя наступствы такіх дзеянняў, пра якія гаворыцца ў справаздачах службы дзяржаўнай бяспекі.

«З агрэсарам варта падтрымліваць як мага менш кантактаў — як на індывідуальным, так і на дзяржаўным узроўні. Так, адносіны не разарваныя цалкам, але рызыкі неабходна ўсведамляць, абмяркоўваць іх, і людзям варта прыслухацца да заклікаў не ездзіць ні ў Расію, ні ў Беларусь», — падкрэсліў спікер.

Чым палохаюць? Ну, тут усё старое, як свет: прымусовай вярбоўкай, уяўнымі затрыманнямі (нават за няправільны колер гальштука, напрыклад) і працяглымі пасадкамі... Так-так-так. Жах, а не краіна! А ўсё чаму? 

Ды таму што людзі аддаюць перавагу старой добрай ісціне: «Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць». І — едуць 

у Беларусь па бязвізу (мы ж ад іх граніцу не закрываем, а наадварот, заўсёды рады дарагім гасцям). Хтосьці — убачыцца са сваякамі, хтосьці — закупіцца смачнымі, якаснымі і недарагімі прадуктамі, хтосьці — паправіць здароўе па цалкам дэмакратычных цэнах... Карацей, едуць сабе людзі і бачаць зусім не тое, што ім навязвае латвійская дзяржпрапаганда.

Дарэчы, ёсць і яшчэ адна «ініцыятыва» латвійскіх улад: грамадзянам Беларусі і Расіі плануюць абмежаваць выдачу віз (ездзяць тут усялякія, распавядаюць небыліцы...). Пакуль праект разглядаюць парламентарыі, але, згодна з тэндэнцыяй, рашэнне таксама павінна хутка з’явіцца.

У Беларусь — па дровы

Паводле даных службы дзяржбяспекі Латвіі (СДБ), апублікаваных на мінулым тыдні, штомесяц у сярэднім пяць тысяч жыхароў Латвіі здзяйсняюць паездкі ў Беларусь, ігнаруючы папярэджанні СДБ і МЗС (вось яны якія, нягоднікі, не слухаюць угаворванняў...). 

У дакладзе адзначаецца, што «некаторыя з затрыманых жыхароў Латвіі ў абмен на зняцце абвінавачванняў удзельнічалі ў беларускай прапагандысцкай дзейнасці, усхваляючы Беларусь і зневажаючы Латвію ў адпаведных інтэрв’ю».

Вось тут хочацца проста сказаць: што, праўда вочы коле? 

Дастаткова адзін раз прыехаць і зайсці ў любую прадуктовую краму краіны, якая знаходзіцца пад санкцыямі (пра што верашчыць з кожнага праса заходняя прапаганда), як паняволі станеш вяшчальнікам краіны міру і справядлівасці, якой і з’яўляецца Беларусь.

Вось і нядаўна латвійскі блогер Раман Самуль, які пераехаў у нашу краіну ў канцы 2022 года, распавёў БелТА:

— Жыццё ў Латвіі вельмі цяжкае, бо наша кіраўніцтва на афіцыйным узроўні адсекла ўсе кантакты з Расіяй і Беларуссю. Людзям і так было цяжка, але яны, прынамсі, маглі нешта прывезці з Беларусі. Напрыклад, прадукты харчавання. Даходзіла да хохмы, калі на прычэпах везлі дровы. Гэта сапраўды было. Яшчэ да ад’езду я плаціў за тону брыкета шалёныя грошы. Быў нейкі скачок, і гэта абыходзілася нават у 800 еўра. Цяпер сярэдні кошт брыкета складае ад 250 да 350 еўра за тону. А ў Беларусі на фоне такіх цэн брыкет, можна сказаць, бясплатны. Я нават ведаю людзей, якія купілі прычэп пад гэту справу і ездзілі закупляцца праз латвійска-беларускую граніцу.

Блогер адзначыў, што бывалі такія выпадкі, калі пенсіянеры гублялі кватэры праз запазычанасці за камунальныя паслугі.

— Кватэру выстаўляюць на аўкцыён, набліжаныя (да чыноўнікаў. — Заўв. БелТА) усё гэта скупляюць за капейкі, а старых выкідаюць на вуліцу. Дык вось, яны каапераваліся з іншымі пенсіянерамі, заходзілі ў чужую хату і жылі там, каб хоць неяк выжыць. Часам я нават бачыў такія страшныя сітуацыі, калі дах проста працякаў, зімой у доме было немагчыма знаходзіцца, але людзі нейкім спосабам трымаліся, — канстатаваў Раман Самуль.

Тут паняволі з’явіцца жаданне з’ездзіць (а можа і пераехаць на ПМЖ) у гасцінную краіну-суседку з яе «жахамі рэжыму» — даступнымі паслугамі, таварамі і невысокім цэннікам на ўсё гэта. Безумоўна, убачанае не пойдзе ні ў якое параўнанне з «райскім садам», які іх чакае дома. Вось і імкнуцца ўлады ўсімі даступнымі сіламі перашкодзіць гэтаму руху.

Галоўнае — запалохаць людзей

Днямі некаторыя заходнія (у тым ліку і прыбалтыйскія) інфармрэсурсы апублікавалі «страшылку»: маўляў, беларускія пагранічнікі масава правяраюць на граніцы ў людзей тэлефоны (ну зусім расперазаліся!). А ў якасці «доказу» прывялі фатаграфію, згенерыраваную штучным інтэлектам. Выглядае цалкам праўдападобна. Толькі вось толькі сцяг і слова «Беларусь» «паляць» падробку — нацыянальны сімвал зусім далёкі ад арыгінала, ды і назва краіны — з памылкай. Ну хіба ж да дэталяў, калі галоўнае — запалохаць людзей…

Гэтым не абмяжоўваюцца. Учора адзін латвійскі рэсурс падзяліўся цікавай інфармацыяй, агучыўшы ініцыятыву СДБ, якая вырашыла «скараціць рызыкі актыўнасці замежных спецслужбаў супраць жыхароў Латвіі». Прывядзём даслоўна: «Ім бы ў бальніцу звярнуцца — па адрасе. Але дыягназ хочуць паставіць медыкам — наконт знаёмства за межамі НАТА або ЕС, падчас паездкі ці проста зносін анлайн. Падрабязна: час і месца кантакту з чалавекам з трэцяй краіны, імя, прозвішча, узрост, род заняткаў, характар кантакту (сваяк, знаёмы, аднакласнік, аднакурснік), абставіны знаёмства і г. д. Справа сур’ёзная — не апендыцытная... Ну, і каналы сувязі, вядома: нумар тэлефона, электронная пошта, іншыя сродкі сувязі.

Журналісты, якія раскапалі свавольствы СДБ у шпіталі, сцвярджаюць, што пра ўказанне „спяцоў“ ведаюць і прафсаюз, і міністэрства аховы здароўя, і інстанцыя, якая адказвае за ахову асабістых звестак жыхароў Латвіі.

Самае дзіўнае — ясна ж, што „просьбу“ службы дзяржбяспекі атрымалі не толькі ў Рыжскай бальніцы, — насельніцтва неяк ужо і не здзіўляецца чарговаму „клопату“ пра сябе. І не супраціўляецца. У „райскім садзе“ ЕС пажывеш — і не да такога прызвычаішся..

У тэму

З пачатку года нашу краіну наведалі больш за 18 тысяч замежнікаў з 38 краін, уключаных у спіс бязвізу. Большасць падарожнікаў прыехала з Літвы, Латвіі і Польшчы.

Усяго з 15 красавіка 2022 года, калі пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым для грамадзян Літвы і Латвіі, нашу краіну наведалі 1 050 428 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбылі 330 499 замежнікаў, з Літвы — 596 411, з Польшчы — 105 996.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне аб прадаўжэнні бязвізавага ўезду для грамадзян 38 еўрапейскіх дзяржаў да 31 снежня 2025 года ўключна.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю