Амбіцый шмат, грошай — няма
Амбіцыі — справа, у прынцыпе, нядрэнная, асабліва ў дзяржаўным маштабе. Калі яны накіраваны на дасягненне высакародных мэт. Ну, напрыклад, вырабіць пабольш харчовых прадуктаў, каб і сваіх грамадзян накарміць, і галодным у іншых краінах дапамагчы. Ці пабудаваць завод па вытворчасці чаго-небудзь патрэбнага людзям, трактароў там, ці аўтамабіляў, ці, напрыклад, халадзільнікаў. Нарэшце, проста адшукаць у дзяржбюджэце дадатковыя рэсурсы і пабудаваць пару-тройку новых бальніц ці школ. Так, прынамсі, прынята ў нас, беларусаў.
Аднак амбіцыйнасць некаторых нашых суседзяў накіравана зусім у іншы бок! Так, блізкая да нас Літва, да якой рукой падаць, — вырашыла раптам пагуляць ваеннымі мускуламі, таму вуснамі свайго камандуючага ўзброенымі сіламі генерала Раймундаса Вайкшнараса выказала жаданне стаць самай мілітарызаванай краінай НАТА шляхам павелічэння ў бліжэйшай будучыні сваіх выдаткаў на абарону аж да 10 % ад валавога ўнутранага прадукту! Гэта пры тым, што ўжо зараз афіцыйны Вільнюс выдаткоўвае на ваенныя патрэбы 5,38 % ВУП, што ў абсалютных лічбах складае немалыя 4,8 мільярда еўра!
Цікава, што на такія ахвяры Літва пайшла фактычна добраахвотна. У рамках НАТА доўгі час (з 2006 года неафіцыйна, а з 2014 года — на аснове рашэння саміту альянсу ва Уэльсе) нарматыў выдаткаў на ваенныя патрэбы складаў усяго 2 % ад ВУП. У гады свайго першага прэзідэнцтва лідар ЗША Дональд Трамп выказваў незадаволенасць гэтай лічбай і называў такое мізэрнае, з яго пункту гледжання, фінансаванне «крадзяжом веку», маючы на ўвазе, што саюзнічкам па Паўночнаатлантычным альянсе не грэх і мацней раскашэліцца на ўласную бяспеку. І, зразумела, патрабаваў павялічыць нацыянальныя еўрапейскія абаронныя бюджэты мінімум да 3 %. Аднак ужо ў пачатку сваёй апошняй перадвыбарнай кампаніі цяперашні кіраўнік Белага дома загаварыў аб 4 %, а потым павялічыў свае патрабаванні да 5 % ад ВУП. У чэрвені 2025 года на саміце НАТА ў Гаазе еўрапейскія саюзнікі і Канада саступілі ціску ЗША і афіцыйна абавязаліся падняць планку абаронных выдаткаў да 5 % ВУП. Але — паступова і толькі да 2035 года. І дагэтуль многія члены НАТА плятуцца ў хвасце, не спяшаючыся выконваць пазначаныя арыенціры.
Напрыклад, Албанія, Бельгія, Іспанія, Партугалія і Славенія да гэтага часу прытрымліваюцца планкі ў 2 % ад ВУП і перавышаць яе не спяшаюцца. Такія краіны, як Вялікабрытанія, Германія і Францыя, найбуйнейшыя і найбольш уплывовыя ў Еўропе і НАТА як па ваенна-палітычнай, так і па эканамічнай вазе, пакуль затрымаліся на ўзроўні прыкладна 2,3 % ад валавога прадукту. Паміж 2-2,5 % знаходзяцца Балгарыя, Венгрыя, Нідэрланды, Румынія, Славакія, Фінляндыя, Чэхія, Швецыя.
Германія, трэба сказаць, дастаткова заўзята кінулася развіваць свае ўзброеныя сілы. Скарыстаўшыся момантам, Берлін голасна абвясціў аб павелічэнні войска да паўмільёна байцоў, аб шырокай вайсковай мадэрнізацыі і маштабным пераўзбраенні. У паветры павеяла адраджэннем вермахта часоў нацысцкага рэжыму. З 1 студзеня 2026 года ў Германіі набыў моц закон аб новых правілах ваеннай службы па патрабаванні, які фактычна заклаў аснову для аднаўлення абавязковага прызыву. У ЗША закупляюцца знішчальнікі пятага пакалення F-35 Lightning II, у Ізраіля — сістэмы супрацьракетнай абароны Arrow-3, уласны ваенпрам актыўна штампуе для Бундэсвера найноўшыя мадэлі танкаў Leopard 2A8. Але — усё ў межах 2,3 % ад ВУП. А то ж на шматлікія сацыяльныя праграмы, якімі так ганарылася Германія, можа не хапіць. А гэта можа прывесці да бунту, асабліва з боку мігрантаў, якія так звыкліся з салодкім жыццём за кошт нямецкай дзяржавы. Таму мілітарызуемся, вядома, але пакуль у дастаткова вузкіх фінансавых рамках.
Але ёсць сярод членаў НАТА і «выдатнікі», якіх хлебам не кармі — але дай праявіць ініцыятыву і прадэманстраваць свае вернападданіцкія пачуцці. Такія, каб іх ухвалілі з Вашынгтона, гатовыя з сябе апошнюю кашулю зняць «на патрэбы фронту». Ну як з сябе — са сваіх грамадзян, вядома. Вось, напрыклад, Польшча — у 2026 годзе яе ваенныя выдаткі плануюцца на ўзроўні 4,8 % ВУП. У Латвіі — 4,91 %. Але далей за ўсіх пайшла Літва. Ужо ў гэтым годзе яе абаронныя выдаткі перавысілі 5 % ад ВУП, да 2030 года планавалася давесці гэту лічбу да 6 %, але, відаць, падалося замала. І вось камандуючы ўзброенымі сіламі агучвае новы запаветны рубеж — 10 % ад ВУП!
Дык хто ці што прымушае літоўскі ўрад павялічваць свае ваенныя выдаткі да непрыстойна вялізных адносных велічынь? Празмерныя геапалітычныя амбіцыі! Перыферыйная дзяржава Еўропы з насельніцтвам каля 2,8 млн чалавек (і гэта па афіцыйных даных, у рэальнасці менш), з сярэднім узроўнем эканамічнага развіцця раптам вырашыла стаць нароўні з вялікімі дзяржавамі і заняцца пытаннямі глабальнага светаўладкавання! Яшчэ ў студзені 2026 года літоўскі прэзідэнт Наўседа даваў гучныя абяцанні абараніць Украіну, накіраваўшы да яе чарнаморскіх берагоў цэлы ваенны карабель, ды ў прыдачу паслаць сухапутныя войскі — ажно 150 чалавек! Непераможная армада! Праўда, грамадскасці так да гэтага часу і невядома, ці адбыўся гэты эпахальны «далёкі паход».
У мінулы чацвер, 11 чэрвеня, літоўскі Сейм ухваліў адпраўку цэлых 40 літоўскіх вайскоўцаў у дапамогу ЗША для ўдзелу ў аперацыях у Армузскім праліве. Шкада толькі, што пакуль яны даедуць, усе аперацыі там ужо скончацца — бо ў пачатку гэтага тыдня стала вядома аб дамоўленасцях, дасягнутых паміж Іранам і ЗША, па магчымым завяршэнні канфлікту і падпісанні адпаведнага мемарандума. Ах, гэтая вечная прыбалтыйская марудлівасць!
Але калі самі літоўцы марудзяць з удзелам у міжнародных ваенных аперацыях, то іх калегі па НАТА з задавальненнем карыстаюцца гасціннасцю Літвы і праводзяць на яе тэрыторыі шматлікія вайсковыя вучэнні. У дадатак да манеўраў, якія ўжо прайшлі або працягваюцца, такім, як Spring Storm 2026, Sword 26, BALTOPS 2026, з 15 чэрвеня дададуцца сумесныя трэніроўкі літоўскіх, польскіх і французскіх вайскоўцаў у раёне Сувалкскага калідора. Гэтыя вучэнні носяць грозную назву «Адважны кабан — 2026». Паралельна на палігоне ў Руднінкаі, у непасрэднай блізкасці ад граніцы з Рэспублікай Беларусь, адпрацоўвае свае баявыя навыкі 45-я танкавая брыгада Бундэсвера, якую гасцінны літоўскі ўрад вырашыў размясціць у сябе ў краіне на пастаяннай аснове. А яшчэ з вялікай радасцю афіцыйны Вільнюс гатовы прыняць у сябе амерыканскія войскі, ды з ядзернай зброяй у дадатак! Прычым за кошт літоўцаў, зразумела.
Вось на ўсю гэту прыгажосць і патрабуецца накіраваць 10 % ад літоўскага ВУП. Або тое, што ад іх застанецца падчас такіх любімых у Прыбалтыцы распілоўванняў і адкатаў! Бо карупцыю там ніхто не адмяняў. Спытайце пра гэта хаця б экс-камандуючага літоўскай арміяй Вальдэмараса Рупшыса, які за кошт ваеннага бюджэту ўставіў сабе дарагія зубныя імпланты, а таксама за дзяржаўны кошт арандаваў сабе жыллё ва ўласнага сына!
Ну а плаціць, як заўсёды, будзе народ. Нездарма ж з 1 студзеня 2026 года ў Літве набылі моц маштабныя змены ў падатковым заканадаўстве, накіраваныя ў тым ліку на напаўненне Дзяржаўнага абароннага фонду. У выніку падаткі на грамадзян і бізнес выраслі. Павінен жа нехта фінансаваць геапалітычныя амбіцыі літоўскага кіраўніцтва!
Аляксей БЯЛЯЕЎ, палітолаг