Top.Mail.Ru

Наведаць Палац Незалежнасці і пачуць гісторыю стварэння аднаго з сімвалаў суверэнітэту нашай краіны можа кожны

«Тут — часцінка душы кожнага беларуса»

Вось і ўчора гасцямі галоўнай палітычнай пляцоўкі краіны сталі навуковыя супрацоўнікі Інстытута эканомікі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Навукова-даследчага эканамічнага інстытута Міністэрства эканомікі, а таксама студэнты і выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта.

Аснова ўсяго — эканоміка

З тых самых часоў, калі кіраўнік дзяржавы прыняў рашэнне адкрыць Палац Незалежнасці для шырокай публікі, цікавасць да экскурсій расце: групы наведвальнікаў бываюць тут ледзь не гэтак жа часта, як высокія госці — міністры, кіраўнікі буйных прадпрыемстваў, замежныя дэлегацыі. Учора ўбачыць на ўласныя вочы залы, дзе прымаліся лёсавызначальныя для краіны рашэнні, змаглі чарговыя наведвальнікі — супрацоўнікі навукова-эканамічнай сферы краіны. Увогуле, Прэзідэнт часта робіць акцэнт на эканоміцы. Падкрэсліваючы, што яна — аснова ўсяго, як адзначыла дырэктар НДЭІ Мінэканомікі Наталля Берчанка, кіраўнік дзяржавы неаднойчы звяртаўся да вучоных, у тым ліку да эканамістаў:

— Наш інстытут працуе на сацыяльна-эканамічнае развіццё краіны, і наведванне Палаца Незалежнасці — месца, якое для Беларусі з’яўляецца насамрэч знакавым, — увесь калектыў успрыняў як вялікае натхненне і ўзнагароду, — падкрэсліла дырэктар. — Вядома, інтэр’еры ўражваюць, яны проста не могуць пакінуць абыякавым. Але галоўнае нават не гэта. Калі на свае вочы бачыш, на якім узроўні знаходзіцца краіна, якімі магчымасцямі валодае, і ўсведамляеш, што ўсё гэта створана намі самімі, беларусамі, — вось што аказвае вельмі моцнае ўражанне.

Сярод патрыётаў — моладзь

Нягледзячы на ўсю ўласцівую яму велічнасць, гасцей Палац Незалежнасці прымае ахвотна, з прывітальнай і прыхільнай атмасферай. Асаблівую цікавасць у будучых эканамістаў выклікала Зала ўрачыстых цырымоній. 

Дар’я Русенка, студэнтка трэцяга курса факультэта права БДЭУ, тут ужо не ўпершыню — 24 снежня дзяўчына ўдзельнічала ў Рэспубліканскім навагоднім балі для моладзі:

— Мне здаецца, сапраўдны патрыёт, апынуўшыся тут, у сценах Палаца, не можа не ўразіцца яго маштабам. Хочацца даведацца пра гэта месца як мага больш — нягледзячы на тое, што пэўныя веды аб ім у мяне ўжо ёсць, яны ўсё роўна здаюцца недастатковымі. Убачыць усё на свае вочы па-сапраўднаму каштоўна і цікава, — адзначыла Дар’я Русенка. — Сённяшняе наведванне Палаца Незалежнасці, безумоўна, гонар для нас, студэнтаў. Усе мы трапілі сюды за свае заслугі, і я ўпэўнена: для кожнага гэта вялізны вопыт, які запомніцца на вельмі доўгі час.

Эканоміка — навука дакладная, патрабуе вялікай увагі, адказнасці і любові да сваёй справы. З такім самым падыходам будаваўся Палац Незалежнасці. І кожная дэталь, кожны ўпісаны ў інтэр’ер арнамент, нацыянальны ўзор у сучасным дызайне таму пацверджанне. А тое, што ўзвялі будынак усяго за 30 месяцаў замест 57, прычым цалкам з айчынных матэрыялаў, сіламі нашых архітэктараў і рабочых, — яшчэ адна прычына для гонару кожнага беларуса.

У гэтым прызнаўся і Ілья Шаўко, студэнт чацвёртага курса факультэта права БДЭУ:

— У Палацы Незалежнасці я ўпершыню. Спадабалася, што падчас экскурсіі шмат расказваюць пра яго будаўніцтва, 

гісторыю стварэння. Але атмасфера — яна адчуваецца

без слоў. Тут столькі значных палітычных падзей адбывалася, і, як толькі ўваходзіш, адразу гэта адчуваеш. Разумееш: вось тут працуе кіраўнік дзяржавы, тут вырашаецца лёс краіны, — падзяліўся юнак. — Для моладзі такія экскурсіі вельмі важныя. Яны выхоўваюць пачуццё патрыятызму, гонару за сваю краіну, гонару за тое, што ты беларус.

Выключна станоўчыя ўражанні

Увагу наведвальнікаў нязменна прыцягвае прыёмная Прэзідэнта: тут амаль кожны стараецца зрабіць кадр на памяць. У холе перад ёй праходзяць невялікія выставы пейзажнага жывапісу вядомых беларускіх мастакоў. Прайсці міма Музея падарункаў таксама немагчыма — усе экспанаты адсюль калісьці ўручалі Прэзідэнту падчас яго візітаў або перадавалі ў Палац. Выбудоўваць экспазіцыю імкнуцца па тэматычным або падзейным прынцыпе, але ў самім падыходзе пануе поўная адкрытасць — без залішняй афіцыйнасці:

— Сам будынак уражвае сваёй грандыёзнасцю. Нават тое, што ўдалося ўбачыць яшчэ да пачатку экскурсіі, пакідае выключна станоўчае ўражанне, — адзначыла 

Кацярына Самасюк, малодшы навуковы супрацоўнік НДЭІ Мінэканомікі. — Асабліва спадабаліся падарункі нашаму Прэзідэнту ад кіраўнікоў іншых дзяржаў: адчуваецца, як шануюцца міждзяржаўныя адносіны, як выбудоўваецца давер. Кожны экспанат, кожная работа па-свойму адлюстроўвае краіну, культуру дарыльшчыка. Спадабаліся і карціны беларускіх мастакоў, літаральна напоўненыя радасцю і шчасцем.

Вядома, Палац Незалежнасці здольны ўразіць сваім культурным складнікам. Калекцыя жывапісу налічвае сотні палотнаў беларускіх майстроў, але тут прадстаўлены работы і замежных мастакоў, знаходзяць для сябе нямала цікавага знатакі скульптуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Сярод іх і малодшы навуковы супрацоўнік НДЭІ Мінэканомікі Анастасія Бальшакова:

— Першае ўражанне — Палац Незалежнасці зачароўвае. Ён сімвалізуе нашу краіну. І тое, што ў яго стварэнне ўклалі сілы менавіта нашы суайчыннікі, азначае: кожны беларус, увесь народ так ці інакш датычны да гэтага. Можна сказаць, тут ёсць часцінка душы кожнага з нас. Вядома, хочацца і самой зрабіць свой унёсак у той жа навукова-эканамічнай сферы.

А яшчэ Палац Незалежнасці ўмее здзіўляць. У Зале дзяржаўных узнагарод, напрыклад, гасцям расказалі аб заведзенай калісьці самімі экскурсантамі традыцыі: калі загадаць жаданне, стоячы за трыбунай, аднойчы абавязкова вернешся сюды па ўзнагароду з рук самога Прэзідэнта. Менавіта ў гэтай зале кіраўнік дзяржавы асабіста адзначае тых, хто дабіўся высокіх вынікаў, старанна працаваў на карысць Радзімы. Верыць у прыкмету ці не — асабістая справа кожнага. Але такія экскурсіі, бясспрэчна, натхняюць на тое, каб рабіць усё для ажыццяўлення такога жадання.

Аміна НАЗАРАВА

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю