У нас ёсць пэўны стэрэатып, як трэба сустракаць Новы год: прыбраная ёлачка, багаты стол, шампанскае ў келіхах, радасныя госці... Але ў жыцці не заўсёды атрымліваецца менавіта так. А часам атрымліваецца і зусім не так... Давайце паслухаем, як дзіўна сустракалі Новы год вядомыя дзеячы беларускай культуры...
Язэп Драздовіч вандраваў па Месяцы
Легендарны мастак-вандроўнік Язэп Драздовіч падарожнічаў не толькі па любай Беларусі, але ў сваіх «візіях» і па іншых планетах... Зарабляў, ходзячы па сялянскіх хатах, дзе распісваў дываны і шафы, а для душы адлюстроўваў у словах і фарбах сцэны жыцця на Месяцы, Марсе і Сатурне... 1 студзеня 1933 года ён занатоўвае ў сваім дзённіку:
«З Новым годам! Прыйдзі, Новы год, і не крыўдзі мяне нэндзай-бядою, так як папярэднія — старыя... Прынясі мне добрыя памысныя варункі жыцця дзеля працы маёй на карысць людзём праз навуку, праз прыгожае слова і прыгожыя творы мастацтва!
Праз увесь дзень сяджу дома. Сам зварыў сабе есць — падабедаў і пішу... Пішу — занатоўваю свае лунныя падарожжы — «На Арыяполь».
Так што ў тую навагоднюю ноч Язэп Драздовіч вандраваў па Месяцы, пра што складае новае апавяданне «У лабірынтах Чорнай Лопаўкі» (так ён называў «убачаную» ім лакацыю на Месяцы) і малюе план месяцовага горада Трывежа.
Алесь Гарун рэфлексаваў на самоце
Беларускі паэт Алесь Гарун 1916 год сустрэў у высылцы, куды трапіў за рэвалюцыйную дзейнасць. Не прайшло і паўгода, як удалося з рабочага залатых капальняў Ленскай золатапрамысловай акругі стаць памочнікам наглядчыка горных рабочых. Паэт хварэў на сухоты, марыў вярнуцца на радзіму. Як прайшоў яго Новы год, адлюстроўвае верш:
«У ноч на Новы год
Сяджу я адзін у святліцы
З душою, агорнутай сумам.
Гадзіннік стары на паліцы
Ўтуруе самотлівым думам.
Усё прамінае у часе:
Няволя, самота, пакута, —
А йшчэ што у долі ў запасе?
«Дванаццаць гадзін і мінута».
Жыццё уцякае нязначна,
Па хвілечцы хвілька. Чаму ты
Не ловіш яго, неабачны?
«Дванаццаць гадзін, дзве мінуты».
Віктар Грамыка спяваў гімн
У нумары «Звязды» за 1 студзеня 1968 года надрукаваныя навагоднія віншаванні знакамітых дзеячаў культуры, што наведалі рэдакцыю. Народны мастак Беларусі Віктар Грамыка, які праславіўся карцінамі на тэму Вялікай Айчыннай вайны, распавёў тады наступнае: «Перад маімі вачыма паўстае сустрэча 1944 года ў партызанскім атрадзе. Было гэта ў вёсцы Лабанаўшчына на Полаччыне. Я працаваў тады ў падпольнай газеце „Народны мсцівец“, дарэчы, з вашым звяздоўцам, добрым журналістам і арганізатарам, Францам Іосіфавічам Ляпескім... Мы шмат выдавалі лістовак, друкавалі таксама газеты іншых падпольных райкомаў партыі. За некалькі тыдняў да Новага года прынялі па радыё і апублікавалі тэкст Гімна Савецкага Саюза. Але музыкі не ведалі, і на сустрэчы Новага года пачалі спяваць Гімн на мелодыю „Варшавянкі“. Ноччу мы выйшлі на вуліцу і вельмі здзівіліся, калі пачулі, што недзе на другім канцы вёскі таксама спяваюць Гімн на мелодыю „Варшавянкі“. Мы потым часта ўспаміналі гэты выпадак, бо зразумелі, якое гэта было вялікае сведчанне любві народа да сваёй радзімы».
Іван Міско піў валяр’янку
Народны мастак Беларусі Іван Міско сябраваў з артыстычнай сям’ёй Яроменкаў.
«З Яроменкі-старэйшага маску нават зняў, хацеў ляпіць яго партрэт, ужо і дамовіўся на сустрэчу. Але ў той жа дзень, што ён павінен быў у майстэрню прыехаць, ён памёр. Памятаю выпадак, калі мы з Яроменкам-старэйшым апынуліся ў лечкамісіі ў адной палаце. Новы год, а нас не пусцілі дадому. Роўна ў дванаццаць ночы нам дактары налілі валяр’янкі, мы ўсталі, чокнуліся, павіншавалі адзін аднаго і ляглі спаць».
Фердынанд Рушчыц перапісваў карціну
1895 год мастак Фердынанд Рушчыц сустрэў у якасці студэнта Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, яго настаўнікам быў Іван Шышкін. А на святы мастак едзе на радзіму і занатоўвае ў дзённіку:
«Новы год заспеў мяне ў Мінску. На нейкія тыдні два вымушаны забыцца пра сваю майстэрню, увесь мой час заняты падрыхтоўкай да студэнцкага балю і студэнцкімі забавамі, якіх у Мінску дастаткова і якія зрэдку лічу для сябе неабходнымі.
Студэнцкі баль. Людзей крыху менш, чым летась. Танцавалі з ахвотай, аж да 8-й. Падчас балю сур’ёзных непаразуменняў не здарылася, сумна, балі нашы занепадаюць».
А вось новае стагоддзе і 1900 год Рушчыц сустракае ў роднай сядзібе Багданава за працай. 31 снежня 1899 года ён запісвае: «Перарабляў і перарабляю „Beчap“. Круціўся на адным месцы. Нарэшце прыйшла думка перапісаць ваду, і гэта поўнасцю змяніла карціну».
Віктара Шніпа не пусцілі ў інтэрнат
Паэт Віктар Шніп успамінае: «У нас дома ў вёсцы ў маім дзяцінстве на Навагоднюю ялінку кожны год чаплялі ўсё меней і меней купленых цацак. Ставілі ялінку, разбіралі, і цацкі біліся. Новых не было дзе купіць. І калі мне было гадоў дванаццаць, а сястры Валі адзінаццаць, мы пачалі самі рабіць цацкі на ялінку. Ляпілі з пластыліну і воску, выразалі з паперы гірлянды, сняжынкі. Калі мне было чатырнаццаць гадоў, дык мы перад Новым годам зрабілі хатнюю насценную газету. Я пісаў вершы і смяшынкі, а сястра з братам малявалі. Пачытаць нашу насценную газету прыходзілі не толькі нашы сябры і аднагодкі, а таксама дарослыя суседзі».
А вось калі паэту было шаснаццаць, ён паступіў у Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум і пасяліўся ў інтэрнаце на вуліцы Змітрака Бядулі. Цяпер Новы год прайшоў зусім іначай:
«Да пачатку 1977 года застаецца гадзіны чатыры. З сябрамі скінуліся на дзве пляшкі кубінскага рому. У краму выпала ісці мне. Пайшоў. Купіў. Вяртаюся ў інтэрнат. На вахце аблава — фізрук з ваенруком правяраюць сумкі. „Куды нясеш пітво?“ — грозна пытаецца ваенрук. Я разгубіўся толькі на момант: „Еду ў госці да дзядзькі з цёткай. Для іх купіў...“ — „Раз для сваякоў купіў, то і едзь да іх!“ — сказаў фізрук і не прапусціў мяне ў інтэрнат. Давялося Новы год сустракаць у дзядзькі Барыса і цёткі Галі».
Хведар Жычка стаяў на пасту
Паэт Хведар Жычка — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, служыў у Балтыйскім флоце, мабілізаваўся ў 1951-м. А ў адным са сваіх вершаў апісаў сваю навагоднюю ноч у якасці вайскоўца, але ўжо мірнага часу:
«Адзначыць Новы год бакалам
не дазваляе мне Статут.
Ды што бакал той?
Хіба мала
стаяць сягоння на пасту?!
Сасонка мне згінае постаць
і зычыць шчасця Млечны Шлях.
А за мяне падыме тосты
уся Савецкая зямля.
Я — на пасту.
Я ганаруся
вялікім іменем — салдат,
і ў дождж, і ў град, і ў завіруху
загад Радзімы — ёсць загад!
Вартую ноччу навагодняй
спакой савецкіх берагоў.
Няхай багатым на рэкорды,
шчаслівым будзе Новы год!»
Няхай жа шчаслівым новы год будзе і для ўсіх вас, шаноўныя чытачы! А святы няхай запомняцца незвычайнымі, але толькі прыемнымі ўражаннямі!