Top.Mail.Ru

Нацыянальны мастацкі музей Беларусі і Дзяржаўны Рускі музей працягваюць супрацоўніцтва

Мультымедыйная планшэтная выстаўка «Краіна перамог. Да 80-й гадавіны Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне», створаная ў супрацоўніцтве Дзяржаўнага Рускага музея і Нацыянальнага мастацкага музея, працуе ў Мінску. У зале беларускага мастацтва XX–XXI стагоддзяў галоўнага корпуса Мастацкага да 26 чэрвеня можна ўбачыць праект, які знаёміць з рэпрадукцыямі знакамітых работ з калекцыі славутага музея Санкт-Пецярбурга, а таксама змяшчае інфармацыю аб гісторыі стварэння жывапісных, графічных твораў у гістарычным кантэксце. 


У цэнтры ўвагі стваральнікаў выстаўкі — лёсавызначальныя падзеі, ключавыя войны і бітвы ў гісторыі Расіі. Храналогія экспазіцыі падразумявае аповед, які пачынаецца з пытання заснавання дзяржавы і аб’яднання зямель і заканчваецца тэмай блакады Ленінграда. Канцэпцыю праекта падчас урачыстага адкрыцця патлумачыла генеральны дырэктар Рускага музея Ала Манілава: 

— Мы прысвяцілі гэтую выстаўку не толькі творам, звязаным непасрэдна з Вялікай Айчыннай вайной, блакадай Ленінграда, а вырашылі, што будзе правільна пагаварыць аб перадгісторыі перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, аб вытоках, аб сіле духу народа-пераможцы. 

Выпрабаванні і гераізм — экспазіцыя ў Мастацкім музеі знаёміць з тэматычнымі творамі рускага выўленчага мастацтва мінулага: «Бой скіфаў са славянамі» (1881) Віктара Васняцова, «Уезд Аляксандра Неўскага ў Пскоў пасля Лядовага пабоішча» (1945) Уладзіміра Сярова, «На вайну» (1888) Канстанціна Савіцкага, «На лініі агню» (1916) Кузьмы Пятрова-Водкіна... Пра перыяд Вялікай Айчыннай вайны і перамогу расказваюць Аляксандр Дайнека («Абарона Севастопаля», 1942), Іраклій Таідзэ («Радзіма-маці кліча!», 1942), Мікалай Быльеў-Пратапопаў («Каля Меднага вершніка зімой. На Няву па ваду», 1941–1942), Міхаіл Бабышоў («Масква салютуе», 1945)... Увайшлі ў экспазіцыю таксама работы Саламона Юдовіна: ураджэнец Бешанковіч, падапечны Юдэля Пэна, зіму 1941–1942 гадоў ён правёў у Ленінградзе, а пазней апынуўся ў эвакуацыі пад Яраслаўлем. Малюнкі, выкананыя падчас першай блакаднай зімы, сталі асновай цыкла ксілаграфіі і лінагравюр «Ленінград у дні Вялікай Айчыннай вайны» (1944–1947). 

Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Ганна Конанава, развазважаючы пра «Краіну перамог», падкрэсліла, што перавага фармату мультымедыйнай перасоўнай выстаўкі — гнуткасць і даступнасць публіцы: 

— Усе вялікія музеі, безумоўна, разумеюць, што падарожжа твора, асабліва буйнафарматнага, на гістарычную тэматыку, немагчыма часта. Гэта вельмі рэдкая і эксклюзіўная падзея. Каб шырокая публіка пазнаёмілася з калекцыяй Дзяржаўнага Рускага музея ў жывым інтэрактыўным фармаце, дапамагаюць сучасныя тэхналогіі.

Так, мультымедыйная планшэтная выстаўка дазваляе пазнаёміцца з адукацыйна-асветніцкай анлайн-платформай «Краіна перамог». Навучальныя матэрыялы, лічбавыя копіі гістарычных дакументаў, інтэрактыўныя элементы — гэтае і многае іншае змяшчае ў сабе адмысловы інфармацыйны рэсурс. 

P. S. Што датычыцца супрацоўніцтва музеяў дзвюх краін, то кіраўнік Рускага музея выказала задаволенасць тым, што яно становіцца сістэмным і карысным для абодвух бакоў. Ала Юр’еўна паабяцала, што праз пэўны час мінская публіка пазнаёміцца і з іншымі скарбамі. Гаворка ў тым ліку аб выстаўцы аднаго шэдэўра. Пра выбар твора пакуль не вядома, аднак паведамляецца, што на базе праекта будуць праводзіцца Дні Рускага музея, разлічаныя амаль на тыдзень. У Мінск з Санкт-Пецярбурга завітаюць найлепшыя спецыялісты — мастацтвазнаўцы і рэстаўратары правядуць лекцыі, семінары, майстар-класы. 

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю