Галоўны прыз — бусел, крылы якога нагадваюць заслону сцэны, — «паляцеў» сёлета ў розныя рэгіёны Беларусі.
Галоўны прыз — бусел, крылы якога нагадваюць заслону сцэны, — «паляцеў» сёлета ў розныя рэгіёны Беларусі.
Узнагароджанне найлепшых адбылося на сцэне найстарэйшага тэатра краіны ў чатырох секцыях — «дзіцячы тэатр», «тэатр лялек», «музычны тэатр» (балет, опера, аперэта, мюзікл), «драматычны тэатр» (асобна для вялікай і малой сцэны). У фінале былі прадстаўлены 37 спектакляў з 27 тэатраў розных рэгіёнаў Беларусі.
У кожнай секцыі — сваё журы, старшыні якіх выходзілі на сцэну і віталі лаўрэатаў. Іх аказалася шмат. Пры тым, што звычайна выбіраюць «Найлепшы спектакль» у кожным з кірункаў, гэта не адзіная намінацыя, якая сведчыць пра ўзровень, бо тэатр — рэжысёрскае мастацтва, яго стварае асоба (фактычна, і якасць твору задае). І тады вынікі падаюцца значна больш цікавымі! Сёлета вызначэння «Найлепшы спектакль» недастаткова, каб зразумець, што адметнага з’явілася ў тэатры за два гады ад мінулага конкурсу — трэба глядзець на вынікі шырэй... А яны вельмі цікавыя і шмат у чым нечаканыя — нават міністр культуры краіны, заслужаны артыст Беларусі Руслан Чарнецкі звярнуў увагу на гэта. Але гледачы, паводле адзнак журы, заўсёды могуць скласці ўласны рэйтынг спектакляў.
Калі ў драматычным тэатры — то ўсё зразумела. «Найлепшы спектакль тэатра драмы для вялікай сцэны»: «Фаўст. Змова з д’яблам» паводле Гётэ Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Горкага ў пастаноўцы Дэвіда Разумава — можна шчыра парадавацца за маладога рэжысёра. І за артыста Сяргея Чэкерэса, чыя праца ў гэтым спектаклі была адзначана прэміяй за «Найлепшую мужчынскую ролю». Спектакль разумны і глыбокі. А вось на артыстку Юлію Гружэўскую, чыё выкананне жаночай ролі палічылі найлепшым, звярнулі ўвагу ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі ў пастаноўцы «Заручыны». «Найлепшы спектакль тэатра драмы для малой сцэны» — «Вежы Маладзечанскага замка» паводле п’есы Ягора Конева. Пастаноўку ў Мінскім абласным драматычным тэатры ажыццявіў Валерый Анісенка. А вось за «Найлепшую рэжысёрскую працу» — адзначаны Аляксандр Козак, яго пастаноўка «Вера» ідзе ў Брэсцкім акадэмічным тэатры драмы. Звычайна гледачы думаюць, што калі ёсць найлепшыя спектаклі, то, напэўна, іх ставяць найлепшыя рэжысёры. Тым больш цікава гледачу пасля глядзець і думаць: а чаму ж так? І не ў адной намінацыі...
Пры тым, сваю прэмію Яўген Карняг атрымаў за «Найлепшы спектакль для дзяцей і юнацтва» — «Разумны сабачка Соня» Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек. Хоць і тут, вядома, канкурэнцыя, бо спектаклі для дзяцей прапаноўваюць усе айчынныя тэатры. Свае ацэнкі журы атрымалі Брэсцкі тэатр лялек (спектакль «Ефрасіння Полацкая. Святыя літары», створаны пры падтрымцы гранта Прэзідэнта), Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Горкага ( за акцёрскі ансамбль у «Казках Пушкіна») і Беларускі тэатр юнага гледача (за мастацкае ўвасабленне першай у Мінску пастаноўкі казкі «Пітэр Пэн»).
Асобная тэма і секцыя — музычны тэатр. Здавалася б, тут усё прасцей, бо такіх тэатраў у нас толькі два: Вялікі тэатр оперы і балета і Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. Фактычна оперы вялікага спаборнічаюць паміж сабой. «Найлепшы оперны спектакль» прадказальна, «Яўгеній Анегін» Чайкоўскага ў пастаноўцы Ганны Маторнай, з адметнай сцэнаграфіяй Любові Сідзельнікавай — гэта «Найлепшая праца мастака ў музычным тэатры». Але артыст Андрэй Валенцій адзначаны за выкананне «Найлепшай мужчынскай ролі» ў спектаклі «Іаланта» Чайкоўскага. «Чароўная Алена» Афенбаха ў пастаноўцы Міхаіла Кавальчыка — «Найлепшы спектакль у жанры аперэта, музычная камедыя, мюзікл». А самае дзіўнае — у балеце. Удзельнікаў — нават больш чым тры ад розных тэатраў. «Найлепшым спектаклем балета» прафесійнае журы прызнала «Папялушку» Пракоф’ева, над харэаграфічным увасабленнем якой працавалі Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў у Вялікім тэатры Беларусі, балерына Аліна Рудэнка адзначана за выкананне найлепшай жаночай ролі ў музычным спектаклі. Спецыяльным дыпломам журы адзначыла і пастаноўку Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра «Шынэль. Гогаль» (як кірунак contemporary dance).
А як жа цуд, што здарыўся ў канцы мінулага тэатральнага сезона ў музычным тэатры — «Купалле» Лізаветы Лобан, што само па сабе ўжо з’ява: паўнавартасны балет сучаснага маладога беларускага кампазітара на сцэне!? З ім усё добра, вырашыла журы. Яго стваральнік, харэограф Сяргей Мікель адзначаны за «Найлепшую працу пастаноўшчыка ў музычным спектаклі». Сапраўды, нацыянальны твор па духу (не толькі па тэме), і гэта закладзена не толькі харэаграфіяй, але і музыкай. Адпаведна, сваю ўзнагароду атрымала дырыжор-пастаноўшчык Марына Траццякова. Але ж гэта секцыя «музычны тэатр», і нават у ёй чамусьці не знайшлося намінацыі для аўтара-кампазітара. Так, нячаста ў нашых тэатрах з’яўляюцца арыгінальныя творы беларускіх кампазітараў, тым больш, гэта варта было б адзначаць. Вось ёсць жа асобная (!) намінацыя для аўтараў за драматургію — не проста так яна калісьці з’явілася. Вядома, без драматургіі тэатра няма. Узнагарода ў секцыі драматычнага тэатра, але прысудзілі яе за спектакль на ваенную тэму «Без тэрміна даўнасці» Маладзёжнага тэатра эстрады. Праўда, пастаноўка ўсё ж больш музычна-пластычная паводле задумы і рэалізацыі аўтара Уладзіславы Арцюкоўскай (для гэтага віду тэатра таксама мае значэнне закладзены сюжэт і яго павароты). Так жа і музыка — без яе няма музычнага тэатра як такога. Не кажучы ўжо пра музыку ў тэатры наогул, якая таксама адыгрывае такую ж значную ролю, як і праца мастака...
І вось тут — галоўная ўзнагарода. Спецыяльнай прэміяй журы за ўнёсак у развіццё тэатральнага мастацтва Беларусі атрымаў народны мастак Беларусі Барыс Герлаван, які ў 1962 годзе прыйшоў працаваць у тэатр імя Янкі Купалы і аддаў яму больш за 60 гадоў жыцця і працаваў над пастаноўкамі, многія з якіх сталі легендарнымі. А сёлета яго творчы паслядоўнік Аляксандр Камянец быў адзначаны за найлепшую працу мастака ў спектаклі «А зоры тут ціхія» гэтага тэатра.
Зрэшты, найлепшых назвала журы, і логіка тут збольшага зразумелая. Апошнім часам у нас не бывае так, калі ўсе адзнакі складаюцца ў адну кішэню (і адзін спектакль вылучаецца сярод іншых як самы-самы). Можа, гэта і слушна: няхай глядач даведваецца пра розныя спектаклі. А тады ўжо выбірае сваіх фаварытаў і галасуе — калі купляе квіткі.
Ларыса ЦІМОШЫК