Top.Mail.Ru

Нацыя чытачоў: беларусы ведаюць, што з’яўляецца найлепшым падарункам

Нашы кнігавыдаўцы сёння стараюцца напоўніць рынак, павялічваюць свае тыражы.

І для гэтага ёсць глеба: паводле сацыялагічных даследаванняў, беларусы працягваюць чытаць кнігі, аддаючы перавагу папяровым выданням. Такая інфармацыя прагучала падчас прэс-канферэнцыі напярэдадні Міжнароднага дня дарэння кніг, які адзначаецца штогод 14 лютага. Свята для нас новае — заснавана ў 2012 годзе дзеля таго, каб аб’яднаць усіх, хто любіць чытаць, і папулярызаваць кнігу як найлепшы падарунак. А нас у гэтым не трэба пераконваць...

— Паводле сацыяльных даследаванняў беларусы лічаць, што чытанне — прыватная, а не сацыяльная справа, — адзначыў намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Дзяніс Езерскі. — 88,9 працэнта чытачоў нашай краіны самі выбіраюць кнігі і сочаць за навінкамі, менш вядуцца на рэкламу, меркаванні крытыкаў і блізкіх. Чаму купляюць кнігі? Перш за ўсё лічаць, што кніга з’яўляецца сродкам развіцця і баўлення часу дзяцей. Па-другое, цікавіць змест і аўтары. Па-трэцяе: кніга — добры падарунак. Беларусы з задавальненнем кнігі дораць. Набываюць пераважна сусветную класіку, сучасную рускую літаратуру, і да беларускай кнігі інтарэс маюць. 


Айчынным кнігавыдаўцам ёсць што прапанаваць, паводле даных, у мінулым годзе ў нашай краіне выпушчана 7137 найменняў кніг і брашур, агульным тыражом 18 198 000. Крыху знізіўся выпуск выданняў па колькасці — на 0,5 працэнта, але сукупны тыраж усіх кніг, выдадзеных летась у Рэспубліцы Беларусь, павялічыўся на 0,8 працэнта. Сярэдні тыраж адной кнігі таксама крыху павялічыўся і складае цяпер 2550 экзэмпляраў. Нашы выдавецтвы працуюць не толькі з дзяржаўнымі мовамі — рускай і беларускай, летась свет убачылі кнігі на 25 мовах. На беларускай мове выпусцілі 982 кнігі, іх тыраж павялічыўся і склаў 2 690 000.

На кожнага беларуса прыпадае ў сярэднім 2 кнігі, гэта стабільны паказчык сярод краін постсавецкай прасторы, які сведчыць, што наша нацыя чытае. 21,6 працэнта насельніцтва чытае кнігі некалькі разоў на месяц, 21,7 — некалькі разоў на тыдзень. Найбольш зацікаўлены чытаннем узрост — да 29 гадоў. І ў нашай краіне больш чытаюць жанчыны!

— Беларусам не важна, дзе і кім выдадзена кніга, але цікавіць яе змест, якасць, аўтар, — тлумачыць Дзяніс Езерскі. — Паводле сацыялагічных даследаванняў, 83,6 працэнта насельніцтва аддаюць перавагу кнігам папяровага фармату, але ёсць запыт і на лічбавыя платформы, электронныя і аўдыёкнігі (19,7 працэнта бачаць у гэтым спосаб прыцягнення дзяцей і шлях развіцця кніжнага рынку). У нас ёсць ініцыятывы і выдавецтвы, якія прадстаўляюць гэты кірунак. Найбольш запатрабаваная дзіцячая кніга, яе хочуць бачыць якаснай, добра ілюстраванай, і каб у ёй было нейкае адкрыццё для дзіцяці. Ад сацыяльна значнай літаратуры чакаюць расповеду пра дасягненні нашай краіны, яе традыцыі (37,8 працэнта купляюць літаратуру такога зместу). Не застаюцца без увагі кнігі, прысвечаныя тэме Вялікай Айчыннай вайны ( 34,6 працэнта). Чытач хоча кнігі пра народ і краіну. 

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю