У Камянецкім раёне перадалі пад ахову месцы пражывання дзікіх жывёл, унесеных у Чырвоную кнігу Беларусі. Рашэнне Камянецкага райвыканкама ад 16 снежня 2025 года № 2416 апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, паведаміла БелТА.
Выяўленыя месцы пражывання чырванакніжнікаў перадалі пад ахову нацыянальнаму парку «Белавежская пушча». На гэтых тэрыторыях уведзены спецыяльны рэжым аховы і выкарыстання.
Так, у Пашукоўскім, Ясеньскім, Каралёва-Мастоўскім лясніцтвах спецыялісты выявілі валасянку-белашыйку. На пэўных участках, у прыватнасці, забараняецца праводзіць высечкі лесу, нарыхтоўваць жывіцу і другарадныя лясныя рэсурсы, займацца пабочным лесакарыстаннем у гнездавы перыяд з 1 мая па 15 ліпеня. Акрамя таго, нельга высякаць стараўзроставыя дуплістыя дрэвы.
Месцы пражывання барсука звычайнага адзначаны на тэрыторыі Дзмітравіцкага, Бялянскага, Пашукоўскага, Каралёва-Мастоўскага лясніцтваў. Напрыклад, там забараняецца выкананне работ па гідратэхнічнай меліярацыі, а таксама работ, звязаных са змяненнем існуючага гідралагічнага рэжыму, правядзенне высечак лесу. Патрабуецца рэгуляваць колькасць лісіцы, янотападобнага сабакі.
Рашэнне Камянецкага райвыканкама ўступае ў сілу пасля яго афіцыйнага апублікавання.