У нацыянальным парку «Нарачанскі» у тэставым рэжыме пачаў работу анлайн-сэрвіс па рэалізацыі пуцёвак для аматараў рыбалкі, паведамляе sb.by.
— У тэставым рэжыме стартаваў анлайн-продаж пуцёвак на платнае аматарскае рыбалоўства. На час тэсціравання да куплі даступныя не льготныя пуцёўкі на лоўлю рыбы з ужываннем прылад аматарскага рыбалоўства з агульнай колькасцю кручкоў не больш за 5 штук на рыбалова на 1 суткі і 3 сутак. Для набыцця неабходна запоўніць форму замовы: выбраць працягласць лоўлі, дату пачатку лоўлі, увесці прозвішча і ініцыялы рыбалова, мабільны тэлефон, электронную пошту. Абавязкова праверыць правільнасць запаўнення даных і азнаёміцца з рэжымам платнага аматарскага рыбалоўства! Аплата арганізавана праз АРІП. Пасля гэтага аматарам рыбалкі высылаецца пуцёўка ў выглядзе файла ў фармаце pdf, — паінфармавалі з нацпарку.
Спасылка на анлайн-форму пуцёўкі і інструкцыю па яе запаўненні размешчаны на сайце нацыянальнага парку.
— Пуцёўку неабходна абавязкова раздрукаваць на адным лісце з двух бакоў такім чынам, каб на адным баку была сама пуцёўка, на адваротным — табліца для запаўнення даных па ўлове; і мець пры сабе пры ажыццяўленні аматарскага рыбалоўства, — адзначылі спецыялісты.
У нацпарку дадалі, што пасля заканчэння перыяду тэсціравання да рэалізацыі будуць даступны і іншыя катэгорыі пуцёвак, уключаючы льготныя. Для пацверджання льготы ў анлайн-форме замовы неабходна будзе пазначыць падставу для яе. Напрыклад, для жыхароў Мядзельскага раёна — адрас рэгістрацыі, для пенсіянераў — даныя пенсійнага пасведчання і гэтак далей.
Рыбалоўныя ўгоддзі Нацыянальнага парку «Нарачанскі» — гэта 33 вадаёмы і больш за дзесятак вадацёкаў з рэжымамі платнага і бясплатнага аматарскага рыбалоўства; а таксама платныя сажалкі рыбагадавальніка «Шэметава».