Top.Mail.Ru

Нацбанк змякчае патрабаванні да плацежаздольнасці банкнот

Адпаведныя нормы будуць адзіныя для ўсіх камерцыйных банкаў. Пра гэта заявіў намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Андрэй КАРТУН перад нарадай з прадстаўнікамі банкаўскай супольнасці краіны.


Асобна быў разгледжаны той выпадак, калі валюта свеціцца ва ўльтрафіялеце. «Раней, калі ва ўльтрафіялеце свяцілася нейкая кропка, то касір на месцы прымаў рашэнне. Адзін прымаў такую валюту, а другі спецыяліст не прымаў. Так атрымлівалася, што ва ўсіх розныя падыходы. Мы кажам цяпер, што банкноты, якія свецяцца ва ўльтрафіялеце, павінны прымацца», — адзначыў намеснік старшыні.

Ужо з 1 кастрычніка ў адзіныя патрабаванні ўнесены змяненні: усе ўльтрафіялетавыя свячэнні валюты (нешматлікія кропкі або плямы) будуць прызнавацца плацежаздольнымі. Адпаведна, банк павінен будзе забіраць такую купюру. Навукоўцы правялі спецыяльныя даследаванні, ці ўплывае на плацежаздольнасць свячэнне ва ўльтрафіялеце. «Як аказалася, не кожнае свячэнне з’яўляецца цвіллю і не кожная цвіль прыводзіць да страты плацежаздольнасці банкнот. З улікам гэтага мы прынялі сур’ёзнае рашэнне з пункту гледжання ўрэгулявання ўсіх працэсаў, звязаных з прыёмам банкамі той ці іншай банкноты ў замежнай валюце. Думаю, мы звядзём такім чынам да нуля звароты грамадзян па гэтых пытаннях», — растлумачыў Андрэй Картун. Дарэчы, на пасяджэнні абмяркоўвалася, у тым ліку, увядзенне дадатковай адказнасці касавых службаў у частцы выпадкаў непрыняцця банкнот з прыкметамі плацежаздольнасці.

Іншыя патрабаванні да плацежаздольнасці банкнот захоўваюцца. Ва ўльтрафіялеце можа нічога не свяціцца, але банкнота моцна пацёртая або змяніліся ўласцівасці паперы. Тады гэта будзе неплацежаздольная банкнота. Умоўна, калі памылі 100-доларавую купюру або калі яна парваная, злепленая, банк у гэтым выпадку можа адмовіцца яе прыняць.

Пашкоджаныя купюры можна здаць у банк на інкаса, гэта значыць, абмен на непашкоджаныя або на беларускія рублі, але гэтая паслуга платная. «Будзем даваць рэкамендацыі банкам зніжаць кошт узнагароды за інкаса. Тут таксама ёсць пэўныя нараканні, таму што такая камісія ў некаторых фінансавых інстытутаў даходзіць да 15–20 %. Мы рэкамендуем банкам усё ж знізіць тарыф з улікам эканамічнай мэтазгоднасці. Разлічваю, што такі тарыф мы будзем рэкамендаваць не больш за 5 % ад намінальнага кошту грашовых адзінак», — удакладніў Андрэй Картун.

Сяргей КУРКАЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю