Іх роля — паказаць накіраванасць дзеянняў Нацыянальнага банка на дасягненне мэтавых паказчыкаў грашова-крэдытнай палітыкі, якія прапісаны ў адпаведным указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аб гэтым па выніках пасяджэння ў размове з журналістамі заявіў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Раман Галоўчанка.
Размова — пра 5 паказчыкаў, якія адпавядаюць мэтам дзейнасці Нацыянальнага банка, забеспячэння цэнавай і фінансавай стабільнасці, а таксама садзейнічання ўстойліваму эканамічнаму развіццю краіны. Раман Галоўчанка нагадаў таксама аб ключавых параметрах, якія былі ўстаноўлены на 2026 год. «Прырост спажывецкіх цэн не больш за 7 %. Міжнародныя рэзервы — не менш за 9,2 мільярда долараў ЗША. Праблемныя актывы — не больш за 10 % ад усіх актываў, схільных да крэдытнай рызыкі. Каэфіцыент даступнасці плацежнай сістэмы — не менш за 99,8 %. Прырост інвестыцыйнага фінансавання — не менш за 13 %», — канкрэтызаваў старшыня праўлення Нацбанка.
«Чаканні па інфляцыі „асцярожна аптымістычныя“»
Раман Галоўчанка таксама расказаў пра тое, якія былі прынятыя рашэнні для выканання пастаўленых задач. «Для захавання цэнавай стабільнасці мы будзем, вядома ж, кантраляваць рост грашовай прапановы, — удакладніў ён. — На гэта звяртаў увагу і кіраўнік дзяржавы, таму з боку Нацыянальнага банка будуць задзейнічаны ўсе наяўныя ў распараджэнні для гэтага інструменты». Раман Галоўчанка асабліва адзначыў, што грашовая прапанова павінна фарміравацца на ўзроўні, які забяспечвае як устойлівую нізкую інфляцыю, так і задавальненне плацежаздольнага попыту эканомікі на грошы. «Паводле нашых ацэнак, грашовая маса павялічыцца ў наступным годзе на ўзроўні 10-12 %. Таксама не плануецца значных змяненняў у працэнтнай палітыцы, у працэнтнай стаўцы. Мы разлічваем захоўвацца паблізу бягучых узроўняў. Пры гэтым, калі па факце інфляцыя будзе запавольвацца хутчэй, чым у нашым прагнозе, то мы не выключаем і дзеянняў па зніжэнні стаўкі рэфінансавання і, адпаведна, працэнтных ставак па крэдытах і дэпазітах. Усё будзе залежаць ад рэальна існуючай сітуацыі».
Паводле яго ацэнкі, разыходжанне у 2-3 % паміж узроўнем інфляцыі і стаўкай рэфінансавання з’яўляецца аптымальным. «Але прывязка да ўзроўню інфляцыі не жорсткая. Гэта адзін з асноўных фактараў, але не адзіны. Ёсць і іншыя фактары, якія ўлічваюцца нашымі аналітыкамі. Вядома ж, гэты інструмент з’яўляецца вельмі дзейсным, і ў выпадку, калі мы будзем бачыць устойлівае зніжэнне інфляцыі, вядома, пры іншых умовах будзем разглядаць варыянты зніжэння стаўкі рэфінансавання. Але тое ж самае справядліва і ў адваротны бок, калі будуць выяўляцца нейкія неспрыяльныя фактары, таксама мы будзем разглядаць пытанне павышэння стаўкі рэфінансавання. Але пакуль мы не бачым фактараў, якія б штурхалі моцна працэс у той ці іншы бок. Пакуль чаканні па інфляцыі асцярожна аптымістычныя. Мы бачым не вельмі тыповае для снежня запаволенне інфляцыі, у тым ліку па харчовай групе тавараў. Паглядзім, як будуць развівацца падзеі. Калі час для гэтага прыйдзе, будзем прымаць рашэнні ў частцы грашова-крэдытнай палітыкі», — адзначыў старшыня праўлення Нацбанка. Дарэчы, стаўка рэфінансавання ў Беларусі на дадзены момант устаноўлена ў памеры 9,75 % гадавых.
«Курс беларускага рубля застанецца плаваючым»
Другі напрамак дзейнасці, паводле слоў старшыні праўлення, — падтрымка ўзроўню золатавалютных рэзерваў, якія з’яўляюцца нашай падушкай бяспекі. «Гэта вынік нашай сумеснай работы. Прадугледжваецца, што Міністэрства фінансаў зможа рэфінансаваць частку валютнага доўгу. З іншага боку, Нацыянальны банк будзе набываць валюту на ўнутраным рынку пры ўмове, што эканоміка зможа згенераваць дастатковы ўзровень яе чыстага прытоку ў краіну. Курс беларускага рубля застанецца плаваючым, гэта значыць, па-ранейшаму будзе залежаць выключна ад попыту і прапановы валюты на ўнутраным рынку».
У ліку ключавых напрамкаў дзейнасці Нацыянальнага банка застанецца таксама рэгуляванне дзейнасці банкаў непасрэдна, іншых фінансавых інстытутаў краіны, фінансавага рынку, а таксама забеспячэнне бесперабойнай работы плацежных сістэм і плацежнага рынку. Адна з найважнейшых задач у гэтай сферы — выканаць баланс паміж абмежаваннем рызык для фінансавай стабільнасці і падтрыманнем даступнасці крэдытавання для рэальнага сектара. У тым ліку ў фокусе банкаўскай сістэмы будзе захаванне якасці крэдытнага партфеля банкаў і нябанкаўскіх арганізацый, а таксама іх работа з прадпрыемствамі па зніжэнні праблемнай запазычанасці, узровень крэдытнай нагрузкі на хатнюю гаспадарку, узмацненне абароненасці спажыўцоў фінансавых паслуг, павышэнне фінансавай граматнасці насельніцтва і меры па інфармацыйнай бяспецы і папярэджанні махлярства, якія прымаюцца банкамі.
- «Адначасова працягнецца актыўная работа Нацыянальнага банка з банкамі па развіцці плацежнай інфраструктуры і безнаяўных рознічных плацяжоў, у тым ліку за кошт аптымізацыі камісійных узнагарод, якія выплачваюцца банкам. У бліжэйшы час мы прымем адпаведныя рашэнні як па пашырэнні пераліку бясплатных паслуг, якія аказваюцца банкам, у першую чаргу для фізічных асоб, так і па абмежаванні памеру камісійных узнагароджанняў, якія бяруцца банкам за здзяйсненне аперацый, для таго, каб яны былі ўсе эканамічна абгрунтаваныя і мэтазгодныя, — падкрэсліў старшыня праўлення Нацбанка. — У цэлым, забеспячэнне цэнавай і фінансавай стабільнасці — гэта падмурак для ўстойлівага эканамічнага развіцця краіны. Таму ў наступным годзе запланавана маштабная работа па павышэнні ўцягнутасці фінансавага сектара ў падтрыманне эканамічнага развіцця нашай дзяржавы. Банкі будуць арыентаваны на максімальнае задавальненне плацежаздольнага попыту з боку эканомікі. Паводле нашых ацэнак, патрабаванні банкаў да эканомікі вырастуць у дыяпазоне ад 9 да 11 %, што дастаткова для выканання мэтавага паказчыка па росце валавога ўнутранага прадукту».
Адначасова чакаецца захаванне цікавасці да прыцягнення фінансавых рэсурсаў праз заключэнне дагавораў лізінгу. У 2026 годзе іх сукупны аб’ём ацэньваецца ў памеры не менш за 2 % ад ВУП. «Пры прадастаўленні фінансавых рэсурсаў, як і сёлета, нашым арыенцірам будзе падтрымка прадпрыемстваў. У першую чаргу тых, хто праводзіць актыўную мадэрнізацыю вытворчасці, тых, хто выпускае экспартныя і імпартазамяшчальныя тавары, а таксама суб’ектаў малога і сярэдняга бізнесу. Гэта значыць, што кожны банк павінен быць накіраваны на выкананне задачы, пастаўленай Прэзідэнтам, па нарошчванні інвестыцыйнага фінансавання. Гэты напрамак таксама захаваецца ў ліку прыярытэтных на наступны год», — канкрэтызаваў Раман Галоўчанка.
Банкі па-ранейшаму будуць арыентаваны на фарміраванне больш нізкай працэнтнай стаўкі па інвестыцыйных крэдытах
Што датычыцца кошту пазыковых рэсурсаў, то яго росту не чакаецца. Працэнтныя стаўкі па новых рынкавых крэдытах у нацыянальнай валюце ацэньваюцца на ўзроўні 11,5-14 % гадавых. Пры гэтым банкі па-ранейшаму будуць арыентаваны на фарміраванне больш нізкай працэнтнай стаўкі па інвестыцыйных крэдытах. «Згодна з прагнозам, яна будзе знаходзіцца ў дыяпазоне ад 10 да 12 % гадавых у сярэднім за 2026 год, — канстатаваў Раман Галоўчанка. — Таксама ў фокусе ўвагі Нацыянальнага банка застанецца развіццё банкаўскіх партнёрскіх праграм з беларускімі вытворцамі і выдача спажывецкіх крэдытаў для набыцця тавараў айчыннай вытворчасці. Чакаецца, што доля такіх крэдытаў у агульным аб’ёме спажывецкага крэдытавання будзе не менш за 12 % па выніках 2026 года. Ну і, вядома ж, перад банкаўскай сістэмай будзе стаяць задача па фарміраванні надзейнай рэсурснай базы для задавальнення патрэб капіталу».
Што для гэтага трэба будзе зрабіць? «Вядома, трэба будзе павялічыць прыток так званых „доўгіх грошай“ у эканоміку, гэта значыць, грошай, якія размяшчаюцца ў банках па сістэме насельніцтвам і юрыдычнымі асобамі. У першую чаргу, гэта тэрміновыя безадзыўныя дэпазіты ў беларускіх рублях з тэрмінам размяшчэння звыш аднаго года. Па выніках 2026 года такіх дэпазітаў павінна быць не менш за 72 % ад усіх тэрміновых рублёвых укладаў насельніцтва. Мы лічым, што рэалізацыя гэтай задачы ў 2025 годзе прайшла досыць паспяхова. Мы бачым устойлівы давер у першую чаргу нашых грамадзян да доўгатэрміновых зберажэнняў, зберажэнняў на тэрмін больш за адзін год, таму ўжо ставім задачу пераходу на наступны этап — стварэнне ўмоў для прыцягнення ўкладаў на тэрмін 3 гады і больш. Таму сюды таксама будзе накіраваны наш фокус у частцы фарміравання працэнтнай палітыкі па так званых „доўгіх дэпазітах“», — патлумачыў кіраўнік Нацбанка.
Раман Галоўчанка таксама адзначыў, што Нацбанк захоўвае пераемнасць курсу, які праводзіўся сёлета. «Нацбанк не чакае нейкіх рэзкіх змен на валютным, фінансавым рынку, таму будзе працягвацца такая спакойная работа ў рамках вывераных параметраў, якія мы сёння вызначылі. Усе нашы параметры, якія былі сёння прыняты ў ліку асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі, цалкам адпавядаюць задачам, якія прадугледжаны ў праекце Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на наступную пяцігодку. І я ўпэўнены, што нам удасца сфарміраваць неабходныя макраэканамічныя ўмовы для выканання тых задач, якія закладзены ў праграме».
Адказваючы на пытанні журналістаў наконт золатавалютных рэзерваў краіны, старшыня праўлення Нацбанка адзначыў: «Паказчык золатавалютных рэзерваў на 2026 год — не менш за 9,2 мільярда долараў, таму што цэны валацільныя, у прыватнасці на металы, а таксама неабходна пагашэнне дзярждоўгу. Не менш за 9,2 мільярда долараў — гэта бяспечны паказчык. Калі будзе больш, то добра». Паводле папярэдніх звестак на 1 снежня 2025 года, золатавалютныя рэзервы Беларусі павялічыліся да 13,9 мільярда долараў і дасягнулі новага гістарычнага максімуму.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА