У Беларусі з 1 студзеня змяніўся пералік фінансавых інструментаў, па якіх устанаўліваюцца значэнні разліковых велічынь стандартнай рызыкі, паведамілі БелТА ў прэс-службе Нацбанка.
На студзень 2026 года ўстаноўлены наступныя значэнні: па новых тэрміновых безадзыўных банкаўскіх укладах (дэпазітах) фізічных асоб у рублях з тэрмінам вяртання ад года да трох гадоў — 14,82 працэнта гадавых; па новых тэрміновых безадзыўных банкаўскіх укладах (дэпазітах) фізічных асоб у рублях з тэрмінам вяртання больш за тры гады — 15,62 працэнта гадавых.
Для новых інвестыцыйных крэдытаў, прадастаўленых юрыдычным асобам (за выключэннем ільготных), РВСР устанаўліваецца 11,8 працэнта гадавых, для новых крэдытаў, прадастаўленых юрыдычным асобам (за выключэннем ільготных, інвестыцыйных), — 13,06 працэнта гадавых, для новых крэдытаў, прадастаўленых фізічным асобам (за выключэннем ільготных), — 18,92 працэнта гадавых.
Разліковыя велічыні стандартнай рызыкі ўяўляюць сабой інструмент, які выкарыстоўваецца для забеспячэння фінансавай стабільнасці. Як раней тлумачылі ў Нацбанку, гэта адзін з абмежавальнікаў верхняй мяжы працэнтных ставак, які разлічваецца наступным чынам: сярэдні ўзровень ставак сістэмна значных банкаў плюс нейкая надбаўка (мера роскіду).
Гэта дае банкам сігнальны ўзровень, перавышэнне якога, на думку Нацбанка і на падставе даных рынку, лічыцца прыкметай высокарызыкоўных паводзін. Такія паводзіны не забараняюцца Нацбанкам, але для гэтага банкам выстаўляюцца дадатковыя патрабаванні па капіталу, фарміраванні рэзерваў — гэта рэзервовы буфер на выпадак, калі банк у выніку рызыкоўных паводзін сутыкнецца з нейкімі цяжкасцямі.