Сімвал устойлівасці, раўнавагі і стабільнасці
Прыём заявак на конкурс па стварэнні арыгінальнага і распазнавальнага сімвала беларускага рубля быў аб'яўлены ў канцы верасня і завяршыўся 7 лістапада 2025 года. За гэты час арганізатары атрымалі амаль 2,7 тысячы прапаноў, прычым удзельнічаць у конкурсе маглі як грамадзяне Беларусі, так і замежнікі, і асобы без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у краіне.
Справа ў тым, што за дваццацігадовы перыяд выкарыстання абрэвіятуры «Br» у якасці абазначэння беларускага рубля яна так і не прыжылася ў паўсядзённым жыцці, — сімвал аказаўся недастаткова выразным, складаным для ўспрымання і, што важней, не выклікаў устойлівых асацыяцый менавіта з беларускай нацыянальнай валютай: «Існуе разнастайнасць у адлюстраванні нашай нацыянальнай валюты ў розных цэнніках, у зносінах паміж людзьмі: і Br, і BYN, і бел. руб. Гэта не вельмі правільная сітуацыя, таму мы вырашылі даць права людзям самім, па-першае, прапанаваць гэты сімвал, а па-другое, за яго прагаласаваць для таго, каб ён лепш прыжыўся, чым папярэдні», — адзначыў старшыня праўлення Нацыянальнага банка Раман ГАЛОЎЧАНКА.
Таму ў 2025 годзе Нацыянальны банк прыняў рашэнне аб правядзенні адкрытага конкурсу на стварэнне новага графічнага знака. Была пастаўлена задача распрацаваць просты адналітарны сімвал, які стане вядомым абазначэннем нацыянальнай валюты як унутры краіны, так і за яе межамі.
Кожны меў магчымасць прадставіць некалькі аўтарскіх ці калектыўных работ. У сярэдзіне лістапада конкурсная камісія адабрала пяць найлепшых праектаў — яны былі размешчаны на афіцыйным сайце Нацбанка для адкрытага анлайн-галасавання, удзел у якім прынялі больш за 22 тысячы чалавек. Галасаванне завяршылася 28 лістапада, а вынікі былі падведзены 31 снежня 2025 года.
Згодна з патрабаваннямі арганізатараў, прапанаваныя варыянты новага графічнага знака павінны былі быць лаканічнымі, унікальнымі і ўніверсальнымі, захоўваць выразнасць у любым памеры і ў чорна-белым выкананні. Сімвал павінен быў асацыіравацца з беларускім рублём, пры гэтым перавага аддавалася графічным рашэнням, заснаваным на кірыліцы.
Пераможцам маштабнага конкурсу стаў Васіль Шчабятун — яго работа набрала максімальную сумарную колькасць балаў. Васілю быў уручаны грашовы прыз у выглядзе сертыфіката на суму 3 тысячы беларускіх рублёў. У аснову новага знака легла кірылічная вялікая літара «Б» — для імгненнай асацыяцыі сімвала з дзяржавай. Адметная рыса — паралельная верхняй лініі рыса, якая сімвалізуе ўстойлівасць, раўнавагу і стабільнасць. Такім чынам, атрыманы сімвал адрозніваецца прастатой, кампактнасцю і лёгкасцю ў напісанні. Ён гарманічна ўпісваецца ў шэраг агульнапрызнаных міжнародных абазначэнняў валют і будзе садзейнічаць росту даверу да беларускага рубля на знешніх рынках, падтрыманню пазітыўнага іміджу краіны ў цэлым.
Для папулярызацыі новага сімвала Нацыянальны банк плануе прыняць шэраг мер. Па словах Рамана Галоўчанкі, будуць выпушчаны рэкамендацыі па яго выкарыстанні ў касавых, плацежных і фінансавых дакументах, а эталонная вектарная выява знака будзе размешчана для свабоднага спампоўвання на афіцыйным сайце рэгулятара.
«Мы ж прызвычаіліся пісаць сімвал долара або еўра, расійскага рубля. Графічны сімвал беларускага рубля таксама, як мне падаецца, вельмі зручны для напісання, у тым ліку і ад рукі. Таму мы разлічваем, што ён набудзе шырокую распазнавальнасць, — заўважыў кіраўнік Нацбанка.
— Як толькі яго поўнасцю прымуць грамадства, эканамічныя агенты, ён зойме сваё месца. Мы не будзем неяк фарсіравана яго ўкараняць. Будзем гэта рабіць мякка, але настойліва». Таксама Нацбанк мае намер сумесна з Міністэрствам антыманапольнага рэгулявання і гандлю распрацаваць метадычныя рэкамендацыі па ўкараненні сімвала для абазначэння цэн.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА