Нацыянальны банк праводзіць конкурс работ па эканамічнай тэматыцы сярод студэнтаў і магістрантаў, паведамілі БелТА ў прэс-службе банка.
Конкурс арганізуецца штогод і прызначаны стымуляваць інтарэс да навукова-даследчай дзейнасці па эканамічных дысцыплінах і папулярызаваць веды ў галіне фінансаў і эканомікі. У ім могуць прыняць удзел (як індывідуальна, так і ў складзе калектываў) студэнты і магістранты ўстаноў вышэйшай адукацыі.
Інтэлектуальныя спаборніцтвы пройдуць у тры этапы. Першы — прыём работ і праверка іх на адпаведнасць устаноўленым крытэрыям. На другім экспертны савет вызначыць да дзесяці фіналістаў. У час трэцяга (заключнага) этапу, які пройдзе ў Нацыянальным банку, фіналісты будуць абараняць свае работы на пасяджэнні экспертнага савета.
Галоўны прыз — грашовая прэмія ў памеры 2 тыс. рублёў. Конкурсныя работы, якія зоймуць другое і трэцяе месцы, будуць адзначаны прэміямі ў памеры 1,5 тыс. і 1 тыс. рублёў адпаведна. За работы, якія выйшлі ў фінал, але не занялі прызавыя месцы, іх аўтары атрымаюць па 500 рублёў.
Акрамя таго, усім фіналістам можа быць прадастаўлена магчымасць праходжання практыкі ў Нацыянальным банку.
Заяўку на ўдзел, конкурсную работу і справаздачу аб праверцы яе на арыгінальнасць неабходна накіраваць на электронны адрас konkurs@nbrb.by не пазней за 26 кастрычніка.
Пераможца і прызёры будуць аб’яўлены не пазней за 28 снежня 2026 года.