Пра гэта заявіў першы намеснік старшыні Праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр ЯГОРАЎ у эфіры тэлеканала «Першы інфармацыйны», паведамляе БелТА.
Ён звяртае ўвагу на дынаміку, якая ўражвае: 70 % па выніках 2025 года. «Гэта каласальны рывок — амаль у два разы за шэсць гадоў. Але ёсць важны нюанс, пра які не заўсёды кажуць аналітыкі: для ацэнкі мы выкарыстоўваем максімальна жорсткі і сумленны крытэрый. У гэтыя 70 % уключаем разлікі толькі ў нацыянальнай валюце краіны-партнёра. Што гэта значыць на практыцы? Калі гандлюем з Расіяй, то гэта разлікі ў беларускіх або расійскіх рублях, калі з Кітаем — у беларускіх рублях або юанях. Але калі, напрыклад, у пагадненні з Казахстанам выкарыстоўваюцца расійскія рублі, то ў гэту статыстыку яны не трапляюць», — адзначыў першы намеснік старшыні праўлення.
Эксперт растлумачыў, чаму гандляваць у рублях, тэнге або юанях сёння больш выгадна, чым у рэзервовых валютах мінулага. «Як неаднаразова падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы, неабходна ў што б там ні стала аздаравіць крывяносную сістэму ЕАЭС. Ужо ўсім зразумела: эпоха дамінавання долара завяршаецца. Будучыня — за гандлёвымі блокамі, разлікі ў якіх будуць ажыццяўляцца ў нацыянальных валютах. Прэзідэнт выразна дае зразумець: фінансавая сістэма павінна служыць інтарэсам народа, а не быць заложніцай чужых санкцыйных гульняў», — сказаў Аляксандр Ягораў.

Паводле яго слоў, калі глабальныя трэнды паказваюць кірункі, то лічбы ўнутры ЕАЭС — завершаны факт. Доля нацыянальных валют ва ўзаемных разліках краін ЕАЭС дасягнула 93 %. «Ад стабільных 73 % мы скокнулі адразу да 90 %, а затым і да 93 %, — адзначыў Аляксандр Ягораў, дадаўшы, што гэта адбылося дзякуючы палітычнай волі. — Пераведзены ў рублі разлікі за энерганосьбіты, створаны незалежныя сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў, — расказаў ён. — Сёння ЕАЭС — прыклад для ўсяго свету. Мы даказалі, што за дзесяць гадоў можна прайсці шлях ад частковай залежнасці да практычна поўнай фінансавай незалежнасці ўнутры аб’яднання. Мы пабудавалі незалежную міжкраінавую сістэму, дзе правілы гульні ўстанаўліваем самі. Гэта і ёсць рэальная інтэграцыя ў дзеянні».
Разлікі ў нацыянальнай валюце — гэта мінімізацыя рызыкі раптоўнага скачка курсу долара, прамы ўклад у нізкую інфляцыю, надзейнасць выплат, меншая залежнасць ад замежных кампаній-манапалістаў.
«Свет беспаваротна мяняецца. Тое, што яшчэ дзесяць гадоў таму здавалася непарушнай аксіёмай — глабальнае дамінаванне адной валюты, — сёння стала гісторыяй. На нашых вачах нараджаецца новая шматпалярная фінансавая архітэктура. Мінуў час, калі была толькі адна дарога плацяжоў. Цяпер іх стала шмат і належаць яны розным гульцам.
Гэта не толькі дазваляе не быць у заложніках адной фінансавай сістэмы, але і мець магчымасць сумленна гаварыць на любыя тэмы, не баючыся, што адным націскам кнопкі цябе адключаць ад фінансавых патокаў», — падкрэсліў першы намеснік старшыні Праўлення Нацбанка.