Адным з асноўных пунктаў візіту беларускай парламенцкай дэлегацыі на чале са Старшынёй Савета Рэсцублікі Наталляй Качанавай быў удзел у пленарным пасяджэнні Азіяцкай парламенцкай асамблеі, якая з’яўляецца адной з самых прадстаўнічых міжнародных парламенцкіх дэлегацый і аб’ядноўвае дзясяткі парламентаў.
Спікер Савета Рэспублікі, выступаючы на пленарным пасяджэнні, абазначыла беларускую пазіцыю ў міжпарламенцкім супрацоўніцтве з краінамі Азіі.
У сваім выступленні Наталля Качанава адзначыла, што Рэспубліка Беларусь мае даўнія добрыя адносіны з дзяржавамі — членамі Асамблеі, падзяляе прынцыпы, закладзеныя ў Статуце арганізацыі. «Мы з’яўляемся абсалютнымі прыхільнікамі яе аб’яднальных стваральных ідэй — пабудова справядлівага светапарадкуі шматпалярнага свету, умацаванне міжпарламенцкага супрацоўніцтва, абмен вопытам у сферы заканатворчасці і меркаваннямі па тэмах рэгіянальнай і глабальнай павесткі, — падкрэсліла спікер. — Мы нацэлены на прасоўванне гэтых ідэй калектыўнымі намаганнямі».
Беларусь праводзіць шматвектарную знешнюю палітыку на прынцыпах міру, дружбы і развіцця добрасуседскіх адносін. Нацыянальны сход Беларусі парламенцкую дыпламатыю выкарыстоўвае як важны інструмент міждзяржаўнага супрацоўніцтва па шырокім спектры пытанняў, удзельнічаючы ў рабоце розных міжнародных арганізацый, падкрэсліла Наталля Качанава.
У 2024 годзе Беларусь стала паўнапраўным членам ШАС і краінай-партнёрам БРІКС. «Далучыўшыся да іх, мы ў чарговы раз пацвярджаем нашу адказную і сістэмную пазіцыю па ўзаемадзеянні з усімі міжнароднымі арганізацыямі і аб’яднаннямі», — сказала спікер Савета Рэспублікі, дадаўшы, што ў нас развіваюцца брацкія і сяброўскія адносіны з большасцю краін свету. Азія, Блізкі Усход, Афрыка даўно ўжо перасталі быць для Беларусі далёкімі тэрыторыямі. Як неаднаразова адзначаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, узаемадзеянне з краінамі гэтых рэгіёнаў беларускі бок вядзе сістэмна, актыўна, на раўнапраўнай аснове.
«У сучасным свеце запыт на прадказальнасць, адкрытасць, адказнасць не толькі захоўваецца, але і шматразова ўзрастае, — адзначыла Наталля Качанава. — Магчыма, шматпалярны свет і не будзе панацэяй ад усіх бед, але ён створыць неабходны баланс на планеце і ўвасобіць прынцыпы суверэннай роўнасці дзяржаў. Праца ў гэтым напрамку з’яўляецца адной з асноўных задач беларускай парламенцкай дыпламатыі».
Кіраўнік беларускай парламенцкай дэлегацыі выказала перакананасць, што ў XXI стагоддзі неабходна выбудоўваць непадзельную і справядлівую глабальную бяспеку, стваральна развіваць краіны ў імя сённяшняга і наступных пакаленняў, выпрацоўваць агульную стратэгію па недапушчэнні ўмяшання звонку ва ўнутраныя справы суверэнных дзяржаў. Ад імя Беларусі Наталля Качанава заклікала аб’яднаць намаганні, у тым ліку ў парламенцкім вымярэнні, для міжнародна-прававога замацавання электаральнага суверэнітэту як неад’емнага і выключнага права дзяржавы самастойна і незалежна арганізоўваць і праводзіць выбарчыя кампаніі.
Гэта важна для кожнай краіны, адзначыла спікер, прывёўшы ў прыклад выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, што нядаўна адбыліся, якія пераканаўча прадэманстравалі ўсяму свету рэалізацыю паўнаўладдзя народа і свабоды яго выбару пры вяршэнстве нацыянальнага заканадаўства.
На думку Наталлі Качанавай, далейшаму ўзмацненню ролі і аўтарытэту міжнароднага супрацоўніцтва ў Азіі будзе садзейнічаць фарміраванне Місіі наглядальнікаў Азіяцкай парламенцкай асамблеі. Спікер таксама падкрэсліла, што драйверам далейшага збліжэння нашых краін можа выступаць міжрэгіянальнае ўзаемадзеянне, якое, без усялякага сумнення, будзе мець станоўчыя сацыяльна-эканамічныя эфекты. Велізарны патэнцыял бачыцца таксама у развіцці гуманітарнага і культурнага супрацоўніцтва. «Праекты ў гэтых сферах умацоўваюць сяброўства, родняць народы,» — сказала Наталля Качанава. Як і культурны турызм, які неабходна больш актыўна развіваць.
Асаблівую ўвагу спікер звярнула на важную кансалідуючую місію моладзі: «Будзе сябраваць моладзь, будуць сябраваць і нашы краіны».
Патэнцыял нашых краін трэба максімальна арыентаваць для прынцыповага адказу на выклікі сучаснасці, падкрэсліла Наталля Качанава, заклікаўшы «разам выпрацоўваць сістэмныя падыходы, якія садзейнічаюць няўхільнаму паляпшэнню дабрабыту і якасці жыцця нашых народаў».
Згадала спікер Савета Рэспублікі і 80-годдзе Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, якое будзе святкаваць усё прагрэсіўнае чалавецтва. «Сёння як ніколі важна аб’яднаць намаганні ў захаванні гістарычнай памяці аб такіх трагічных падзеях. Беларусь, як ніхто іншы, ведае, што такое вайна і што такое мір», — адзначыла Наталля Качанава.
Кіраўнік беларускай дэлегацыі падзякавала Выканаўчаму савету Азіяцкай парламенцкай асамблеі за рэкамендацыю на ўступленне Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь у арганізацыю ў якасці назіральніка, адзначыўшы: «Са свайго боку Беларусь будзе ўсяляк садзейнічаць далейшаму эфектыўнаму развіццю добрых дружалюбных адносін, заснаваных на ўзаемнай павазе і разуменні, з усімі краінамі азіяцкага контуру».
Таксама сёння прайшла сустрэча Наталлі Качанавай і Прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева, падчас якой былі абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва.
Падрабязней аб гэтай сустрэчы мы раскажам у наступным нумары «Звязды».
Паводле прэс-службы Савета Рэспублікі