Top.Mail.Ru

Наталля Качанава сустрэлася з дэпутатамі і старшынямі мясцовых Саветаў дэпутатаў Мінскай вобласці і Мінска

Стан спажывецкага рынку, якасць гандлёвага абслугоўвання, арганізацыя якаснай і даступнай медыцынскай дапамогі. Гэтыя тэмы сталі ключавымі падчас сустрэчы Старшыні Савета Рэспублікі з дэпутатамі і старшынямі мясцовых Саветаў дэпутатаў Мінскай вобласці і Мінска

Курс — на ўстойлівасць 

Як адзначыла Наталля Качанава, у 2025 годзе такія сустрэчы былі праведзены практычна ва ўсіх абласцях краіны: «У мінулым годзе мы прынялі рашэнне запрашаць на сустрэчы старшыняў сельскіх Саветаў, таму што яны непасрэдна працуюць з людзьмі, і кіраўнікоў рэспубліканскіх органаў кіравання, каб яны маглі расказаць аб тым, як яны бачаць рашэнне тых задач, якія стаяць перад пэўным міністэрствам або ведамствам, а вы наўпрост маглі задаваць пытанні кіраўніку».

Пра сітуацыю на спажывецкім рынку расказаў міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Артур КАРПОВІЧ, падкрэсліўшы, што на рознічныя цэны аказвае ціск мноства фактараў, у тым ліку эканамічная сітуацыя ў краінах — гандлёвых партнёрах і іншыя прычыны, на якія немагчыма паўплываць. «Але цэны — гэта наша з вамі жыццё і настрой нашага насельніцтва», — адзначыў міністр. Таму прымаецца мноства мер па забеспячэнні цэнавай стабільнасці. У іх ліку — захаванне шырокага цэнавага рэгулявання, абмежаванне росту цэн на інфлятагенныя тавары і прадаўжэнне пагадненняў аб сацыяльных скідках. Таксама ведамства актыўна ўкараняе інструменты штучнага інтэлекту для маніторынгу сітуацыі на рынку.

Абмеркавалі і ключавыя рызыкі для спажывецкага рынку. Напрыклад, закрыццё крам у сельскай мясцовасці: «Праблема глыбінная, абумоўленая і дэмаграфічнымі прычынамі, і імкненнем моладзі жыць у мегаполісах, і стратнасцю гандлю ў сельскай мясцовасці. Усе мы гэтыя праблемы ведаем і разумеем», — падкрэсліў Артур Карповіч. Таму для вырашэння пытання ў тым ліку прыцягваюцца розныя гандлёвыя суб’екты, камунальныя прадпрыемствы, прадпрыемствы-вытворцы і іншыя суб’екты гаспадарання. 

Імклівае развіццё маркетплэйсаў, дарэчы, не заўсёды на карысць гандлю. Выгодамі анлайн-пакупак сёння карыстаюцца практычна ўсе, але крамы крокавай даступнасці губляюць тавараабарот, а на падобных анлайн-пляцоўках нярэдка выяўляюцца тавары, якія парушаюць абавязковыя патрабаванні. Такім чынам, звярнуў увагу міністр, сёння крытычна важна выбудаваць новыя механізмы ўзаемадзеяння паміж дзяржавай, вытворцамі, гандлем і мясцовай уладай, каб гарантаваць устойлівасць унутранага рынку і павышэнне якасці жыцця грамадзян: «2025 год стаў для галіны перыядам адначасова ўстойлівага развіцця і сур’ёзных выклікаў, якія патрабуюць ад нас больш глыбокага аналізу, аператыўных рашэнняў і скаардынаваных дзеянняў».

Здароўе рэгіёна

Комплексную ацэнку сістэме аховы здароўя Мінска і Мінскай вобласці даў міністр аховы здароўя Аляксандр ХАДЖАЕЎ, адзначыўшы яе высокае тэхналагічнае аснашчэнне. У той жа Мінскай вобласці, напрыклад, на сённяшні дзень функцыянуюць 3 рэспубліканскія навукова-практычныя цэнтры (РНПЦ) і 5 рэспубліканскіх бальніц. 

Дарэчы, каб якасную медыцынскую дапамогу можна было атрымаць кожнаму беларусу, у Мінскім рэгіёне арганізавана работа мабільных ФАПаў, распрацаваны іх маршруты і кратнасць выезду. Ажыццяўляюцца выезды мультыдысцыплінарных брыгад, у склад якіх уваходзяць урачы-спецыялісты і сярэдні медыцынскі персанал, а насельніцтва папярэдне інфармуецца аб даце і часе прыбыцця такіх брыгад у населеныя пункты. Арганізаваны таксама кансультатыўныя выезды ўрачоў-спецыялістаў РНПЦ, у тым ліку з прафесарска-выкладчыцкага саставу медыцынскіх ВНУ. 

«Улічваючы скарачэнне колькасці сельскага насельніцтва, мерапрыемствы па аптымізацыі сеткі арганізацый аховы здароўя і іх штатнага раскладу праводзяцца ўзважана, з забеспячэннем неабходнага аб’ёму медыцынскай дапамогі», — адзначыў міністр. І нагадаў: патэлефанаваўшы па нумары 169, кожны можа атрымаць актуальную інфармацыю аб наяўнасці і кошце лекавых сродкаў. Аператар таксама падкажа адрас аптэкі, дзе патрэбны прэпарат ёсць у наяўнасці, і дапаможа зарэзерваваць яго для набыцця. Гэта паслуга дае магчымасць сэканоміць час, зручна і гарантавана атрымаць неабходныя лекі.

Кадравае пытанне застаецца ў фокусе ўвагі, хоць агульны ўзровень укамплектаванасці ў цэнтральным рэгіёне і дае магчымасць аказваць насельніцтву неабходны аб’ём медыцынскай дапамогі. Так, у 2025 годзе ў арганізацыі аховы здароўя Мінска было накіравана 426 выпускнікоў (17,4 % ад агульнай колькасці), у Мінскую вобласць — 519 выпускнікоў (21,1 %). «За апошнія тры гады мы бачым станоўчую дынаміку па замацаванасці кадраў», — рэзюмаваў Аляксандр Хаджаеў.

Аміна НАЗАРАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю