Top.Mail.Ru

Наталля Качанава аб развіцці Мінска: Тэмпы высокія, трэба актыўней працаваць на перспектыву

Па выніках 2024 года Мінскам былі выкананы ўсе мэтавыя паказчыкі, устаноўленыя пастановай Савета Міністраў. Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў адзначыў: «Сёння можна з упэўненасцю сказаць, што мы справіліся з пастаўленымі задачамі». Мэр Мінска падкрэсліў, што па выніках года ў поўным аб’ёме было забяспечана выкананне бюджэту: «Гэта дазволіла вырашыць усе сацыяльна-эканамічныя пытанні, якія стаялі. Бюджэт Мінска — сацыяльны. Больш за 55 % накіроўваецца на сацыяльную сферу. У будаўнічай галіне забяспечана рашэнне задач, якія датычацца будаўніцтва жылля для маючых патрэбу, для шматдзетных і іншых катэгорый грамадзян. Жыллёва-камунальная гаспадарка таксама забяспечыла выкананне ўсіх задач, якія стаялі. Гэта і капітальны рамонт, і рамонт дарожнага палатна, і іншых напрамкаў».


Па інфармацыі першага намесніка старшыні Мінскага гарвыканкама Надзеі ЛАЗАРЭВІЧ, у сталіцы добрая дынаміка па экспарце паслуг, тавараў. Валавы рэгіянальны прадукт Мінска за 2024 год быў забяспечаны ў аб’ёме 76,9 мільярда рублёў з тэмпам росту 105,5 %, што перавышае ўстаноўленае заданне. Сталіца фарміруе трэць валавога ўнутранага прадукту краіны (31,2 %). Па горадзе забяспечаны найбольшы тэмп росту і ўклад у ВУП сярод рэгіёнаў краіны.

Па выніках года ў Мінску было створана больш за 7,5 тысяч новых суб’ектаў гаспадарання, больш за 24 тысячы новых працоўных месцаў. «Гэта сведчыць аб тым, што бізнес давярае сталіцы, бачыць магчымасці развіцця сваіх перспектыўных напрамкаў менавіта ў нашым горадзе. У сталіцы створаны ўсе ўмовы для таго, каб прадстаўнікі бізнесу маглі камфортна працаваць і развівацца», — дадала Надзея Лазарэвіч.

Акрамя таго, горадам быў выкананы і паказчык па росце заработнай платы. Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў сталічных арганізацый павялічылася на 18,4 %, забяспечыўшы самы высокі ўзровень сярод рэгіёнаў краіны (3060,1 рубля). Рэальная заработная плата вырасла на 12 %. У беларускай сталіцы прасочваецца добрая дынаміка па прыцягненні знешніх інвестыцый. Так, у эканоміку сталіцы паступіла 950,7 мільёна долараў прамых інвестыцый на чыстай аснове, што на 118,5 мільёна долараў больш, чым у 2023 годзе. На долю Мінска прыпадае больш за палову замежных інвестыцый, якія паступілі ў краіну. Арганізацыямі сталіцы асвоены 9,7 мільярда рублёў інвестыцый у асноўны капітал з тэмпам росту 118,6 %. Палова сродкаў накіроўваецца на мадэрнізацыю вытворчасцяў, закупку машын і абсталявання: 4,9 мільярда рублёў з тэмпам росту 127,4 %. 

Арганізацыі Мінска летась экспартавалі тавары і паслугі ў 213 краін свету. Асноўныя экспартуемыя паслугі — камп’ютарныя, тэлекамунікацыйныя, інфармацыйныя і транспартныя. 

Даслоўна 

Старшыня Савета Рэспублікі, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў горадзе Мінску Наталля КАЧАНАВА:

«Прагнозныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця сталіцы выкананы паспяхова, але разам з тым мы не павінны самазаспакойвацца. Вядома, тэмпы досыць высокія, і таму трэба сёння ўжо вельмі актыўна працаваць па перспектывах далейшага развіцця нашых прадпрыемстваў, засяродзіцца на пытаннях, якія з’яўляюцца праблемнымі. Пры прызначэнні новых кіраўнікоў эканамічнага блока Прэзідэнт яшчэ раз акцэнтаваў увагу на інвестыцыях. Будуць інвестыцыі — будзе развівацца эканоміка. Інвестыцыйныя праекты павінны рэалізоўвацца і як мага больш прыцягваць жадаючых іх рэалізаваць у горадзе Мінску... Таксама актуальнае пытанне — доля айчынных тавараў у нашых крамах. Яны павінны ў найшырэйшым асартыменце быць прадстаўлены на паліцах нашых магазінаў. Акрамя таго, яны павінны быць на самых бачных месцах. Я бываю ў крамах і бачу, што гэта не заўсёды так, на гэта трэба звярнуць асаблівую ўвагу. Нашы прадпрыемствы і прадукцыя павінна быць запатрабаваныя на нашых рынках. Нам трэба вельмі актыўна працаваць з усімі краінамі свету. Зусім нядаўна мы былі ў Азербайджане — там наша прадукцыя нарасхват. Акрамя таго, нам трэба туды пастаўляць і нашы прамысловыя тавары. Трэба актыўна працаваць на гэтых рынках. Мы яшчэ далёка недапрацавалі так, як можам працаваць у гэтым кірунку».

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю