Top.Mail.Ru

Настаўніца з Міншчыны падарыла чытачу сваю новую кнігу

Кацярыну Хадасевіч-Лісавую, дзіцячага празаіка, якая працуе настаўніцай у Ждановіцкай сярэдняй школе Мінскага раёна, добра ведаюць юныя чытачы ўсёй краіны. У творчым актыве пісьменніцы — болей трох дзесяткаў кніг, выдадзеных у розных выдавецтвах Беларусі. Чытачы, бібліятэкары, настаўнікі, бацькі юных чытачоў добра ведаюць літаральна герояў кніг Кацярыны Хадасевіч-Лісавой, з якіх ці не самы яркі і вядомы — Вухуцік.


Новая кніга — «Сакрэты аднаго каралеўства» — толькі што пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь». Яна выйшла ў новай аўтарскай серыі папулярнай пісьменніцы — «Гісторыі Кніжнай Феі». Наклад — 2000 экзэмпляраў. Ілюстрацыі да кнігі выканала мастак Іна Марозава. Размова ў новай казцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой — пра фантастычныя, казачныя прыгоды гаспадароў, насельнікаў сапраўднага Грыбнога царства. З выдавецкай анатацыі да выдання: «Персанажы кнігі — не людзі, не жывёлы, не расліны... Гэта казачная гісторыя пра загадкавых істот, якія фарсяць у вытанчаных капелюшах, жывуць у сваім асобным каралеўстве і віруюць у эпіцэнтры прыдворных падзей. Хто ж гэты высакародны, арыстакратычны, шляхетны народ? Завітайце ў таямнічае каралеўства, пазнаёмцеся з яго жыхарамі і даведайцеся, якія падзеі не на жарт узрушылі іх...» 

Баравік, Мухамор, Парасонік Лускаваты, Смаржок, Масляк, Паганка — у гэтых і іншых герояў ёсць свае пасады, свае клопаты, сваё галоўнае месца ў Грыбной дзяржаве. А яшчэ ў кнізе знайшлося месца і развароту-гульні «Вандроўка па Грыбным каралеўстве». 

З просьбай пракаменціраваць само з’яўленне, выданне цікавай кнігі звярнуліся да аўтара. Вось што пачулі ад Кацярыны Хадасевіч-Лісавой: «Мне вельмі хочацца, каб кніга была яшчэ і першаштуршком да такога экалагічна-мастацкага праекта, як Грыбны літаратурны фестываль. Якім ён будзе — і я, і тыя, хто падтрымлівае такую ініцыятыву, яшчэ думаем. Але ўжо зараз магу сказаць, што адной кнігай выйдуць вершы класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа на грыбную тэматыку».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю