Top.Mail.Ru

«Нашы ў КХЛ» і на тэлеэкранах

Тэлеканал «Першы інфармацыйны» нядаўна прэзентаваў адну з прэм’ер — праект «Нашы ў КХЛ». Яго галоўныя героі — беларускія хакеісты, якія гуляюць у Кантынентальнай хакейнай лізе.


Аўтары новага праекта запрашаюць тэлеаўдыторыю ў захапляючую вандроўку па лядовых арэнах і закуліссі свету прафесіянальнага хакея. І гэта ўнікальная магчымасць крок за крокам прайсці шлях спартсменаў, якія прысвячаюць сябе адной з самых дынамічных і відовішчных гульняў у свеце.

Будучыя зоркі хакея выраслі на беларускіх лядовых пляцоўках. 

А за апошнія трыццаць гадоў у нашай краіне было пабудавана 33 лядовыя арэны. Героі праекта «Нашы ў КХЛ» якраз і з’яўляюцца сведчаннем таго, які плён дала праца дзяржавы ў кірунку выхавання спартсменаў самага высокага класа.

Кожная серыя праекта — гэта не толькі аповед пра спартыўныя дасягненні, але і магчымасць пазнаёміцца з паўсядзённым жыццём гульцоў КХЛ. Мы ўбачым, як праходзяць іх трэніроўкі, як яны аднаўляюцца пасля матчаў, што дапамагае спраўляцца з ціскам і канкурэнцыяй, чым кожны з іх жыве за межамі лядовых пляцовак, якія мае хобі і захапленні.

Яшчэ нам таксама пакажуць, кім кожны з гэтых спартсменаў марыў стаць у дзяцінстве, якімі былі іх першыя крокі на лёдзе. Стваральнікі праграмы не толькі адшукалі архіўныя кадры, але і паразмаўлялі са спартсменамі, іх бацькамі і трэнерамі, папрысутнічалі на трэніроўках. І ўсё дзеля таго, каб балельшчыкі пачулі гісторыі знакамітых беларускіх хакеістаў з першых вуснаў.

«Нашы ў КХЛ» — не проста спартыўны праект, а і натхняючая хроніка аб людзях, якія сваім прыкладам паказваюць, што мары здзяйсняюцца, калі да іх настойліва ісці. Не прапусціце новы выпуск 11 студзеня ў 18.10. Праект можна паглядзець у эфіры тэлеканалаў «Беларусь 1» і «Беларусь 5».

Фота Белтэлерадыёкампаніі

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю