Top.Mail.Ru

Нашы дзеці могуць ператварыцца ў аператараў нейрасеткі, якія ўмеюць фармуляваць запыты, але не разумеюць сутнасці адказаў

Штучны інтэлект: падарунак лёсу ці праклён?


Яшчэ нядаўна дыялог: « — Скажыце, вы выкарыстоўваеце штучны інтэлект? — Ды не, я і натуральным не вельмі карыстаюся», — успрымаўся толькі як вясёлы жарт і выклікаў усмешку. Сёння, на жаль, падобныя гутаркі ўспрымаюцца даволі сур’ёзна і выклікаюць непадробную трывогу.

У сучасны момант чалавецтва стаіць на парозе эпохі, калі штучны інтэлект (ШІ) перастаў быць футурыстычнай канцэпцыяй і ператварыўся ў штодзённую рэальнасць. Нейрасеткі пішуць дыпломныя работы, генерыруюць навіны, малююць карціны, складаюць музыку і нават вядуць псіхатэрапеўтычныя сесіі. Гэта ўражвае і адкрывае нябачаныя гарызонты. Але ў медаля ёсць адваротны бок, які замоўчваюць у захопленых прэзентацыях тэхнагігантаў. ШІ нясе ў сабе экзістэнцыйныя рызыкі, асабліва для моладзі, сістэмы адукацыі і самой здольнасці чалавецтва адрозніваць ісціну ад хлусні. Ігнараваць гэтыя рызыкі — значыць свядома падрываць асновы цывілізацыі.

Выкананне заданняў без якога-небудзь асэнсавання матэрыялу

Згодна са статыстыкай кампаніі Mіcrosoft, летась у маштабах планеты штучным інтэлектам карыстаўся прыкладна кожны шосты чалавек. У Беларусі — кожны дванаццаты (8,4 % насельніцтва). Пры гэтым, паводле звестак Міжнароднага агенцтва сацыяльных і маркетынгавых даследаванняў (МАСМД), беларускія грамадзяне ад 35 гадоў пераважна выкарыстоўваюць ШІ для працы, у той час як моладзь ад 18 да 24 — у асабістых мэтах. Пад гэтай фармулёўкай хаваецца банальная дапамога ў падрыхтоўцы да школьных і ўніверсітэцкіх заняткаў.

Моладзь (школьнікі і студэнты) аказалася найбольш уразлівай катэгорыяй перад тварам татальнага засілля штучнага інтэлекту. Тэхналогіі, закліканыя стаць магутным дапаможным інструментам для даследаванняў, на практыцы часта ператвараюцца ў «мыліцу», якая цалкам замяняе работу мозгу.

Самая трывожная тэндэнцыя апошніх гадоў — дэградацыя крытычнага мыслення ў падлеткаў і студэнтаў. Згодна з даследаваннямі 2025–2026 гадоў, праведзенымі ў ЗША, Германіі і Кітаі, больш за 60 % старшакласнікаў і студэнтаў ВНУ выкарыстоўваюць ШІ для выканання навучальных заданняў без якога-небудзь асэнсавання матэрыялу. Пры гэтым 45 % прызналіся, што не могуць растлумачыць, чаму яны згодны ці не згодны з высновамі, якія прапануе чат-бот.

Праблема не ў тым, што нейрасеткі даюць гатовыя адказы. Праблема ў тым, што малады чалавек перастае задаваць пытанні, губляе навыкі самастойнай працы з інфармацыяй. Калі раней, каб рашыць задачу, трэба было прачытаць параграф, вылучыць галоўнае, супаставіць факты, то цяпер дастаткова ўвесці запыт — і атрымаць гладкі, лагічны, але пусты тэкст. Мозг, не атрымліваючы нагрузкі, атрафіруецца. Гэта пацвярджаюць нейрабіёлагі: рэгулярнае выкарыстанне ШІ зніжае актыўнасць прэфрантальнай кары — зоны, якая адказвае за аналіз і прыняцце рашэнняў.


Разбурэнне логікі і страта крытычнага мыслення

Асабліва небяспечная страта навыкаў самастойнага чытання. Бібліятэкары па ўсім свеце ў адзін голас заяўляюць: моладзь перастала чытаць вялікія тэксты. Кнігі на 300-400 старонак здаюцца ім непасільнымі. Прасцей скарміць спасылку ў чат-бот са штучным інтэлектам і атрымаць канспект на тры абзацы. Але чытанне — гэта не проста атрыманне інфармацыі. Гэта працэс фарміравання ўнутранага дыялогу, здольнасці ўтрымліваць увагу, выбудоўваць прычынна-выніковыя сувязі. Калі гэты працэс замяняецца генерацыяй тэксту алгарытмам, чалавек губляе не толькі веды, але і здольнасць да эмпатыі і глыбокага разумення рэальнасці.

Дэградацыя ўспрымання аб’ёмных тэкстаў вядзе да разбурэння логікі і страты крытычнага мыслення. Замест гэтага фарміруецца кліпавае, фрагментарнае мысленне. Страціўшы здольнасць выбудоўваць лагічныя ланцужкі самастойна, навучэнец становіцца няздольным да глыбокай аргументацыі сваёй пазіцыі ў жывой дыскусіі.

Вынік страты крытычнага мыслення — поўная няздольнасць адрозніць фэйк ад праўды. Алгарытмы сацыяльных сетак і чат-боты, навучаныя на патоку супярэчлівай інфармацыі, вырабляюць пераканаўчую дэзынфармацыю. Моладзь, якая вырасла на «кароткіх» фарматах, давярае таму, што выглядае гладка і ўпэўнена. Нядаўна ў Еўропе адбыўся скандал. Высветлілася, што студэнты шэрагу ўніверсітэтаў Вялікабрытаніі, Германіі, Нідэрландаў, Францыі, Швецыі абаранялі курсавыя работы, цалкам заснаваныя на фіктыўных крыніцах, згенераваных нейрасеткай. Яны нават не праверылі існаванне артыкулаў, якія цытавалі! Гэта не проста халатнасць — гэта сімптом сістэмнага крызісу. Дарэчы, як чалавек, які мае вялізны досвед працы ў ВНУ, сам неаднаразова сутыкаўся з падобнымі рэчамі ў работах нашых, беларускіх, студэнтаў. Так што бяда гэта агульная.

Лёгкая здабыча ў кагнітыўных войнах

У наяўнасці безумоўны крызіс вышэйшай адукацыі. Сёння, паводле ацэнак Еўрапейскай асацыяцыі ўніверсітэтаў, да 70 % пісьмовых работ у гуманітарных і сацыяльных навуках у той ці іншай ступені напісаны з дапамогай ШІ. Студэнты не проста выкарыстоўваюць яго як памочніка — яны перадаюць яму ўвесь працэс: ад фармулёўкі тэмы да спіса літаратуры.

Вядома, універсітэты спрабуюць змагацца з тэхналагічным злом, якое раптам матэрыялізавалася. У асноўным — таксама з дапамогай тэхналогій. Напрыклад, з дапамогай сістэм антыплагіяту, якія цяпер павінны выяўляць не толькі капіраванне, але і «генерацыю» тэксту. Аднак сістэмы антыплагіяту, па сутнасці, — тыя ж самыя нейрасеткі, той жа самы штучны інтэлект. І хоць алгарытмы стала ўдасканальваюцца, бітва гэта нагадвае гонку ўзбраенняў: бясконцую, якая не прыводзіць да вырашэння пытання. А церпіць ад гэтага якасць адукацыі. Выпускнік, які не напісаў за гады вучобы ніводнай самастойнай работы, наўрад ці стане экспертам. Ён становіцца аператарам нейрасеткі, які ўмее фармуляваць запыты, але не разумее сутнасці адказаў.

Больш за тое, чалавек, «выхаваны ШІ», становіцца лёгкай здабычай на палях інфармацыйных і кагнітыўных войнаў. Адсутнасць крытычнага мыслення і навыкаў самастойнай работы з інфармацыяй робіць яго ўразлівым перад маніпуляцыяй, дзе выкарыстоўваюцца дыпфэйкі, сэнсавы шум, штучна сфарміраваныя ілюзіі.


Каб не дайсці да «паўстання машын»

Большасць дзяржаў свету ўжо ўсвядомілі, што развіццё і выкарыстанне ШІ без кіравання нясе сістэмныя пагрозы для бяспекі даных, аўтарскага права, рынку працы і адукацыйных сістэм. І ліхаманкава шукаюць спосабы кантролю і абароны ад усёпранікальных нейрасетак. Пры гэтым падыходы да рэгламентацыі стварэння і выкарыстання ШІ істотна адрозніваюцца.

Здавалася б, лагічная выснова — забараніць ШІ. Але гэта немагчыма, ды і не патрэбна. Штучны інтэлект стаў часткай інфраструктуры сучаснай цывілізацыі, як электрычнасць ці інтэрнэт. Без яго не працуюць сістэмы дыягностыкі ў медыцыне, немагчыма прагназаванне надвор’я, кіраванне авіяцыйным і чыгуначным трафікам, пошук новых матэрыялаў для «зялёнай» энергетыкі. ШІ дазваляе апрацоўваць каласальныя аб’ёмы даных, з якімі чалавечы мозг у адзіночку не справіцца. Таму большасць краін імкнецца ўвесці кантроль і рэгуляванне нейрасетак у прававое рэчышча.

Еўрапейскі саюз стаў адным з першых рэгіёнаў, які прыняў комплексны Закон аб штучным інтэлекце. У аснове дакумента ляжыць рызыка-арыентаваны падыход, калі сістэмы ШІ падзелены на катэгорыі — ад мінімальнай рызыкі да «непрымальнай». Першыя дазволены і шырока выкарыстоўваюцца, апошнія цалкам забараняюцца.

ЗША, як цэнтр нейрасеткавай індустрыі, дзейнічаюць больш ліберальна, але і там сталі ўводзіць абмежаванні. У некаторых штатах тэхкампаніі абавязаны раскрываць, якія даныя выкарыстоўваліся для навучання мадэляў, а Міністэрства адукацыі забараніла выкарыстоўваць ШІ для ацэнкі студэнтаў без удзелу выкладчыка.

Кітай пайшоў па шляху найбольш цвёрдага дзяржаўнага кантролю. Алгарытмы генератыўнага ШІ тут падлягаюць абавязковай рэгістрацыі, яны павінны адпавядаць сацыяльным нормам, а згенераваны кантэнт абавязковы да маркіроўкі, каб пазбегнуць фэйкаў і маніпуляцый.

Як бачым, ва ўсіх сусветных практыках пануе агульная ідэя: празрыстасць, маркіроўка штучна створанага кантэнту і персанальная адказнасць чалавека за канчатковы вынік.

Беларуская дзяржава разглядае бяспеку штучнага інтэлекту ў кантэксце забеспячэння нацыянальнага і інфармацыйнага суверэнітэту, а базавым падмуркам для рэгулявання лічбавай сферы ў нас выступаюць Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі і Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі Рэспублікі Беларусь. У Беларусі прыняты Закон 

«Аб абароне персанальных даных», а работу з лічбавымі слядамі кантралюе Нацыянальны цэнтр абароны персанальных даных, дзейнічае дзяржаўная праграма «Лічбавае развіццё 2026–2030».

Мудрасць цывілізацыі заўсёды складалася ў здольнасці выкарыстоўваць новыя тэхналогіі, не губляючы пры гэтым сваёй сутнасці. Штучны інтэлект — гэта люстэрка, у якім адлюстроўваюцца нашы ўласныя слабасці: лянота, даверлівасць, імкненне да хуткага выніку без намаганняў. Небяспека не ў тым, што алгарытмы стануць звышразумнымі і зняволяць нас. Небяспека ў тым, што мы самі добраахвотна адмовімся ад інтэлектуальнай працы, пераклаўшы яе на машыны. Тады мы сапраўды ператворымся ў біялагічны прыдатак нейрасетак, які не здольны ні крытычна думаць, ні адрозніць праўду ад выдумкі. Мы абавязаны навучыць моладзь думаць — інакш машыннае «мысленне» канчаткова заменіць чалавечае, і тады ўжо будзе ўсё роўна, хто мае рацыю, а хто вінаваты: ісціна проста знікне, растворыцца ў пустым, але бездакорна гладкім тэксце генератыўнай мадэлі.


У амерыканскім штаце Каліфорнія група альпіністаў адправілася на ўзыходжанне на гару Шаста, мяркуючы, што гэта зойме ўсяго восем гадзін, таму што менавіта так ім сказаў Google Gemіnі.

Турысты выкарыстоўвалі ШІ-чат-бот для пошуку маршруту і прасілі яго даць рэкамендацыі па колькасці ежы і вады, якія ім трэба ўзяць з сабой.

У выніку іх прыйшлося ратаваць альпіністам з Лясной службы ЗША сумесна з пошукава-выратавальнай камандай офіса шэрыфа акругі. Як паведаміла паліцыя, альпіністам спатрэбілася 16 гадзін, каб дабрацца да вяршыні, што значна больш, чым паведаміў Gemіnі.

«Мы занадта спадзяваліся на ШІ, а не на ўласнае крытычнае мысленне», — прызналіся альпіністы.

Аляксей БЯЛЯЕЎ, палітолаг

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю