Новы рабочы тыдзень краіна пачала з двума новымі старшынямі аблвыканкамаў і адным міністрам. Адпаведныя кадравыя рашэнні прыняў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Людзі кампетэнтныя, на дзяржаўнай службе не адзін год, сваю справу ведаюць. Таму кіраўніку дзяржавы не прыйшлося залішне настройваць іх на працу і падрабязна ўводзіць у курс спраў — ён толькі актуалізаваў задачы.
Планку зніжаць нельга — паказчыкі трэба выконваць
Старшынёй Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта прызначаны Юрый Караеў. Рэгіён знаёмы: больш за чатыры гады ён працаваў памочнікам Прэзідэнта — інспектарам па гэтай вобласці. Таму Аляксандр Лукашэнка адразу акрэсліў канкрэтныя задачы і праблемы, на якія новаму кіраўніку заходняга рэгіёна трэба звярнуць самую пільную ўвагу. У прыватнасці, не выконваюцца некаторыя прагнозныя паказчыкі. «За студзень-люты, гэта значыць за гэтыя два месяцы, два паказчыкі не выкананы. Валавы рэгіянальны прадукт — 2 % не дацягнулі да ста. А ўвогуле 5 % да планавых паказчыкаў Гродзенская вобласць не дацягнула. І вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі — вы недзе пад працэнт не дадалі», — заўважыў Прэзідэнт. — Я, канешне, разумею, што ўзровень сельскай гаспадаркі ў рэгіёне вельмі высокі і дадаваць да гэтага складаней, чым у іншых абласцях. Гэта зразумела. Але паказчыкі трэба выконваць, і вы як чалавек ваенны гэта лепш за ўсіх разумееце«. Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што на Гродзеншчыне скарачаецца колькасць занятых у эканоміцы, што ўласціва і іншым рэгіёнам. «Гэта дрэнна, але, магчыма, вы і такой колькасцю спраўляецеся», — сказаў беларускі лідар.
Паказчык тэмпу росту будаўніча-мантажных работ у вобласці за 2024 год не выконваецца больш як на 17 працэнтаў. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта адзіны рэгіён, які не забяспечыў дадзены паказчык. «Пастаўлена задача штогод з 2025-га забяспечваць валавы збор у вас збожжавых, зернебабовых, кукурузы 2,5 мільёна тон. Тут хоць памры, але такога паказчыка трэба дасягнуць», — паставіў задачу Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу на вечную праблему — падзеж буйной рагатай жывёлы, які на 11 % вышэйшы за ўзровень 2023 года. «За што за што, а за падзеж жывёлы спытаем найжорстка і з іншых, і з вашай вобласці. У іншых яшчэ больш сумна», — сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што лягчэй у Гродзенскай вобласці не будзе. Нават нягледзячы на тое, што гэта найбольш развітая вобласць. Па яго словах, там прамысловасці не столькі, як у іншых рэгіёнах, хоць з увядзеннем атамнай станцыі дадалося. Але сельская гаспадарка, нагадаў Прэзідэнт, — гэта жытніца краіны. «Мы заўсёды ў прыклад ставілі Гродзенскую вобласць, называючы яе жамчужынай. Людзі працавітыя, людзі добрыя, вас паважаюць, я ведаю гэта. І вы неяк прыжыліся там, як на сваёй роднай зямлі, мяне гэта радуе. Парадак і дысцыпліну вы трымаеце там. Вы ведаеце, што без дысцыпліны і парадку, без тэхналагічнай дысцыпліны мы наўрад ці нешта ў Гродзенскай вобласці зможам зрабіць», — звярнуўся кіраўнік дзяржавы да кіраўніка рэгіёна.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ведае Юрыя Караева як чалавека адказнага і дысцыплінаванага. «Калі трэба, значыць, трэба. Гэта павінна быць зроблена, і вы можаце гэта зрабіць. Таму з шэрагу кандыдатур, якія прапанаваліся па Гродзенскай вобласці, я прыняў рашэнне прызначыць вас губернатарам Гродзенскай вобласці. Натуральна, дэпутаты абласнога Савета вас там яшчэ патузаюць. Але яны пра вас добрага меркавання і мяне гэта радуе. Мяне яшчэ задавальняе, што вы чалавек ваенны. Сітуацыя на заходніх граніцах — лепш за мяне ведаеце, што там адбываецца», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён адзначыў, што ваенныя рысы характару Юрыя Караева, той факт, што ён асвоіў сельскую гаспадарку, і добрая школа на пасадзе памочніка Прэзідэнта дапамогуць яму ў кіраванні рэгіёнам. Таксама, па словах кіраўніка дзяржавы, добрай падмогай для губернатара будуць і кваліфікаваныя аграрыі, якія працуюць у вобласці. У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы вылучыў першага намесніка старшыні аблвыканкама Юрыя Валяватага, прафесіянала аграрнай справы: «Ён вам будзе добрай апорай і памочнікам».
«У вас вельмі добрыя арганізатарскія здольнасці. Гэта таксама добра. Таму пры ўсіх недахопах (а яны ва ўсіх ёсць) трэба сказаць, што ў вас дастаткова добры крэн у станоўчы бок. І вельмі спадзяюся, што губернатарам вы там спрацуеце, — падсумаваў беларускі лідар. — Гэты досвед будзе вельмі важны ў далейшым. Ваенныя людзі зусім маладымі ідуць на пенсію, можа, яны дапамогуць нам і ў народнай гаспадарцы. Таму за вамі будучыня».
У размове з журналістамі Юрый Караеў падкрэсліў, што зададзеную планку Гродзенскай вобласці як жамчужыны Беларусі ні ў якім разе зніжаць нельга, трэба шукаць пункты росту і павялічваць паказчыкі. А для гэтага, па яго словах, трэба рэалізоўваць у вобласці новыя прарыўныя праекты, каб затрымліваць людзей у рэгіёне. «Як прыклад — Астравец: высокая зарплата на высокатэхналагічнай вытворчасці з усёй інфраструктурай. Гэта дапамагае ўтрымаць людзей у раёнах, і трэба да гэтага імкнуцца», — адзначыў губернатар. Юрый Караеў расказаў, што яго былая пасада памочніка Прэзідэнта ў рэгіёне мела на ўвазе актыўную работу з кадрамі. «Кадры я ведаю нядрэнна. І кіраўніком дзяржавы было адзначана, і я гэта пацвярджаю, што вельмі моцная каманда прафесіяналаў склалася дзякуючы ўзважанай і дальнабачнай палітыцы Уладзіміра Сцяпанавіча Караніка, там традыцыйна моцныя кадры ў розных сферах. І мяняць нешта я пакуль не бачу патрэбы. Трэба ўзмацняць інфармацыйна-прапагандысцкі складнік, трэба ўзмацняць ідэалагічную работу», — падзяліўся планамі старшыня Гродзенскага аблвыканкама.
Падтрымліваць будзем, але патрэбны вынік
Старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта прызначаны Аляксей Кушнарэнка. Да гэтага ён займаў пасаду міністра энергетыкі. У міністэрстве яго замяніў Дзяніс Мароз, які працаваў намеснікам міністра. Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся меркаваннем Дзяніса Мароза наконт таго, ці справіцца яго былы начальнік з пасадай губернатара Мінскай вобласці. «Сумненняў у гэтым няма. Я нічога дрэннага сказаць пра Аляксея Іванавіча не магу. Добрага шмат што магу сказаць», — адказаў Дзяніс Мароз.
Галоўным недахопам Аляксея Кушнарэнкі Прэзідэнт назваў тое, што ён моцна перажывае за справу. «Дык які ж гэта недахоп? Гэта добрая якасць чалавека. Але, вядома, калі залішне парышся... Я не папракаю за гэта людзей, бо сам на гэта пакутую. Хочацца, каб ідэальна было, а ідэальна не атрымліваецца, тады пачынаеш думаць, можа быць, залішне. Але, тым не менш, мы жыццё павінны аддаць, наша жыццё — нішто ў параўнанні з тым, што мы павінны зрабіць для краіны і для людзей», — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка расказаў, што хоча на прыкладзе Мінскай і Гродзенскай абласцей паглядзець, што атрымаецца з таго, калі вобласць узначаляць не аграрыі па спецыяльнасці. Аднак, заўважыў ён, Юрый Караеў за амаль пяць гадоў працы памочнікам Прэзідэнта сельскую гаспадарку спазнаў і палюбіў. Аграрны досвед ёсць і ў энергетыка Аляксея Кушнарэнкі. Цяпер у сістэме Міністэрства энергетыкі ёсць 15 сельскагаспадарчых філіялаў: «На сёння ў нас 86 тысяч буйной рагатай жывёлы. З іх 20 тысяч кароў. Што датычыцца зямель, 83 тысячы гектараў сельгасугоддзяў, 63 тысячы гектараў ворыва», — прывёў лічбы Аляксей Кушнарэнка.
Прэзідэнт згадаў эфектыўную гаспадарку «Газавік-Сіпакова». «Абласнога цэнтра ў вас няма, але ў вас ёсць буйныя гарады, у вас ёсць аграгарадкі, іх трэба проста прывесці ў парадак. Калі ў цябе ў Мінскай вобласці ўсе гаспадаркі будуць як „Газавік-Сіпакова“, мне больш нічога не трэба. Вось трэба, каб былі такія гаспадаркі», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Ён выказаў меркаванне, што работа з аграпрамысловым сектарам прыйдзецца па душы новаму кіраўніку Мінскай вобласці. Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў гэтай сферы ёсць такая акалічнасць, як просьбы ўвайсці ў сітуацыю, пашкадаваць аграрыяў. «Так, мы будзем уваходзіць у сітуацыю аграрыяў і іх шкадаваць. Але патрэбен вынік. Гэта ж не справа, што скарачаецца колькасць, валавы збор трэба тры мільёны мець абавязкова. Рост падзяжу буйной рагатай жывёлы — куды ж гэта варта? Вось я ўпэўнены, што ты гэтаму будзеш увагу аддаваць сур’ёзную», — звярнуўся да новага губернатара Аляксандр Лукашэнка.
Асобна кіраўнік дзяржавы спыніўся на практыцы аб’яднання і ўзбуйнення гаспадарак. Ён заўважыў, што часцей за ўсё гэта дае добра калі палову ад чаканага эфекту. Але ёсць і станоўчы досвед, калі гаспадаркі аддаюцца ў распараджэнне буйных прадпрыемстваў і арганізацый. «Калі моцныя — вось такія, як энергетыкі, прамысловыя прадпрыемствы, возьмуць гэтыя гаспадаркі, землі, я ўпэўнены, будзе вынік. Такі вопыт у Мінскай вобласці можна прымяняць. Тым больш у цябе ёсць гэты вопыт», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
«Скажу шчыра, для мяне гэта было вельмі вялікай нечаканасцю, улічваючы, што ўся мая прафесійная кар’ера звязана з работай у энергасістэме, дзе я прайшоў шлях ад майстра, маладога спецыяліста і літаральна каля сямі месяцаў таму стаў міністрам энергетыкі. Тым не менш няма часу на развагі. Калі Прэзідэнт гаворыць: „Трэба“ — значыць, трэба. На новай пасадзе бачу для сябе магчымасць для рэалізацыі ўжо існуючых ведаў і вопыту», — падзяліўся Аляксей Кушнарэнка ў размове з журналістамі. Ён заўважыў, што Міністэрства энергетыкі — гэта шматпрофільная структура, у якой ёсць 15 сельскагаспадарчых філіялаў, прамысловыя прадпрыемствы, будаўнічыя арганізацыі, навуковыя, навучальныя ўстановы. «Таму ўпэўнены, што ўвесь існуючы вопыт дасць магчымасць эфектыўна працаваць на карысць Мінскай вобласці і ўсёй краіны ў цэлым. Прыярытэты кіраўніком дзяржавы расстаўлены — гэта пяцігодка якасці. І з ёмістым разуменнем якасці я ўсведамляю, што гэта якасць жыцця людзей. І прыкладу максімум намаганняў, каб узровень жыцця людзей рос», — адзначыў Аляксей Кушнарэнка. Сваёй асноўнай задачай ён назваў захаванне і памнажэнне дасягненняў папярэдняга кіраўніцтва Мінскай вобласці.
Каб энергасістэма працавала як належыць
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прызначэнне новага міністра энергетыкі — вельмі сур’ёзнае прызначэнне, і ўдакладніў, ці сапраўды Дзяніс Мароз справіцца з работай міністра. «Я не сумняваюся ў яго кампетэнцыях, магчымасцях, ведах і вопыце, якія дазволяць выбудаваць энергасістэму так, як яна павінна працаваць», — адказаў Аляксей Кушнарэнка за свайго былога намесніка. Ён запэўніў, што Дзяніс Мароз умее працаваць у камандзе і яго будуць акружаць спецыялісты з практычным вопытам. Прэзідэнт заўважыў, што энергетыка — вельмі спецыфічная сфера, у якой працуюць людзі з няпростым характарам. Аляксей Кушнарэнка не сумняваецца, што ў міністэрстве прымуць новага кіраўніка, гады яго працы ў якасці намесніка міністра, працы ў «Белгіпрапалівагаз» гэта паказалі.
«Улічваючы, што віцэ-прэм’ер у нас энергетык (Віктар Каранкевіч — былы міністр энергетыкі. — Заўв.), я думаю, што галіна не ўпадзе. Мы ўклаліся прыстойна ў энергетыку. Будзе дрэнна, калі ў тваю бытнасць міністра там нешта абрынецца. Ты гэта ведаеш, чалавек разумны, адукаваны», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.
Дзяніс Мароз, размаўляючы з журналістамі, падкрэсліў, што дзяржавай у энергетыку ўкладзены даволі вялікія рэсурсы, найперш размова ідзе і аб будаўніцтве электрасеткавай інфраструктуры, і аб узвядзенні Беларускай атамнай электрастанцыі. «Кіраўнік дзяржавы паставіў задачу зрабіць так, каб цяпер гэта сістэма працавала максімальна эфектыўна для эканомікі, каб яна гарантавала надзейнае электразабеспячэнне і энергазабеспячэнне прамысловых аб’ектаў і сацыяльнай інфраструктуры. Я ўжо як міністр энергетыкі стаўлю задачай далейшае стратэгічнае развіццё энергасістэмы. Цяпер якраз надыходзіць перыяд стратэгічнага планавання на наступную пяцігодку. Мы ставім такія сістэмныя задачы, як далейшае павышэнне сістэм электразабеспячэння, прадстаўленне даклада кіраўніку дзяржавы аб другой атамнай электрастанцыі. І, вядома, стаіць задача працаваць з кадрамі як у кіраўніцкім асяроддзі, так і рыхтаваць кадры на ўзроўні выканаўцаў», — падзяліўся сваімі планамі з журналістамі міністр энергетыкі.
Ён расказаў, што будзе на максімум выкарыстоўваць свае веды, навуковы досвед для ўдасканалення энергетычнай сістэмы краіны: «Энергетыка не стаіць на месцы. Актыўна развіваюцца сістэмы назапашвання, якія ў найбліжэйшай будучыні сур’ёзна паўплываюць на тое, якім чынам будзе фарміравацца энергасістэма. Упэўнены, гэта знойдзе адлюстраванне і ў беларускай энергасістэме».
Што да будаўніцтва другой атамнай станцыі, Дзяніс Мароз расказаў: цяпер вядзецца падрыхтоўка да тэхнічных перагавораў, на якіх плануецца абмеркаваць параметры і ўмовы, пры якіх будзе магчыма рэалізацыя гэтага праекта.