Top.Mail.Ru

Беларуска Вольга Навумава папоўніла Кнігу рэкордаў Гінеса

Яна паднялася на верталёце ў раёне Сьянгбочэ (Непал), побач з Эверэстам, і з узроўню 6384 метраў здзейсніла самы высокі скачок у гісторыі скайсерфінгу — дысцыпліны ў парашутным спорце, якая прадугледжвае выкананне ў вольным падзенні розных трукаў з прымацаванай да ног дошкай.


Вольга Навумава займаецца парашутным спортам ужо 17 гадоў. Пачынала ў Мінску на аэрадроме ў пасёлку Баравая. Пазней трэніравалася і здзяйсняла скачкі ў Паўднёвай Афрыцы, Еўропе і ААЭ.

— Слова скайсерфінг, упэўнена, многія пачулі ўпершыню толькі, калі па розных СМІ разляцелася навіна аб вашым рэкордзе. У чым асаблівасці гэтай дысцыпліны?

— Скайсерфінг лічыцца дастаткова небяспечнай індывідуальнай дысцыплінай у парашутным спорце. Быў час, калі па ёй праводзіліся спаборніцтвы, але з-за смяротных выпадкаў са спартсменамі іх адмянілі. Сёння ва ўсім свеце скайсерфінгам займаецца, відаць, ад сілы чалавек 15. Мне захацелася паспрабаваць сябе ў гэтай дысцыпліне. Скажу шчыра, кожны скачок з прышпіленай да ног дошкай быў маёй маленькай перамогай над страхам.

— І ўсё ж, нягледзячы на страхі, вы вырашылі «пайсці на рэкорд» у такой небяспечнай дысцыпліне і запісаць сваё імя ў Кнігу рэкордаў Гінеса?

— Мне «падарылі» скачок у зоне Эверэста. Гэта рэдкая магчымасць і дарагое задавальненне, якое даецца далёка не ўсім парашутыстам. Таму хацелася зрабіць падзею ўнікальнай, выключнай, здзейсніць тое, чаго да мяне не рабіў ніхто. Прыйшла думка: чаму б не скокнуць з дошкай у гэтым раёне. Сяброўка вывучыла Кнігу рэкордаў Гінеса і сказала: такога пакуль не рэгістравалася. Гэта Кніга з дзяцінства ўяўлялася мне зборнікам дасягненняў супергерояў. І хаця сёння хапае вельмі дзіўных рэкордаў, ганаруся, што цяпер там ёсць і маё імя.

— Што стала для вас самым цяжкім у гэтым скачку?

— Пляцоўка прызямлення знаходзіцца на вышыні 3440 м. Ужо там адчуваеш прыкметы вышыннай хваробы. З сабой было шмат цяжкага абсталявання, кіслародныя балоны. З-за моцна разраджанага паветра вялікія па памеры парашуты прызямляюцца дастаткова хутка. Калі б скачок не атрымаўся, вядома, я б перажывала з-за страчанага ўнікальнага шанцу.

— Якія эмоцыі вы адчулі, прызямліўшыся?

— З аднаго боку, безумоўна, вялізную радасць. Як толькі прызямлілася, проста вішчала ад захаплення. Па-першае, стала ясна — скачок атрымаўся, па-другое, дух перахапіла ад неапісальнай прыгажосці Эверэста, Лходзе. І, натуральна, я адчула палёгку пасля напружання, страху магчымай няўдачы. Хіба такое забудзеш: да мяне бягуць сябры з віншаваннямі, і ўсё ўнутры спявае! На той момант яшчэ не ведала, што маё дасягненне ўвойдзе ў Кнігу рэкордаў Гінеса, але ўжо было зразумела: гэта першы скайскачок у зоне Эверэста.

— Вы скакалі з партрэтам мамы. Чаму? Як яна адносіцца да вашай прафесіі?

— Доўгія гады мама за мяне вельмі хвалявалася. Але з часам прыняла мой выбар, зразумеўшы, што без парашутнага спорту я не ўяўляю жыцця. Мамы не стала чатыры гады таму. З таго часу ўсе свае дасягненні прысвячаю ёй. Летась здзяйсняла ўзыходжанне на Айлэнд Пік у Непале, пакінула фота мамы на вяршыні гэтай гары. І падчас свайго скайскачка ў лістападзе яе фота было са мной. Гэта даніна маёй любові да яе. Думаю, мама ганарылася бы мной.

— Да якога ўзросту, калі не сакрэт, вы плануеце займацца парашутным спортам?

— У якасці інструктара па парашутным спорце планую працаваць гадоў да 55 гадоў. Гэта рэальна: я шмат займаюся спортам, падтрымліваю цела здаровым, моцным. Акрамя таго, сёлета збіраюся ўдзельнічаць у сваіх першых спаборніцтвах па боды-фітнесе. Нядаўна атрымала дыплом персанальнага трэнера з ухілам у боды-білдынг. Калі вырашу пакінуць парашутны спорт, поўнасцю пайду ў сферу фітнесу, буду дапамагаць людзям станавіцца лепшай версіяй сябе. Мне вельмі падабаецца трэнерская праца.

— Вольга, ці складана ў парашутным спорце, які патрабуе мужчынскіх якасцяў, заставацца жанчынай?

— Для мяне гэта не складана. Я не забываю сябе даглядаць. Касметыка, парфум, масажы, спа — усё гэта мне падабаецца, я ў гэтым маю патрэбу.

— Калі не сакрэт, ваша сэрца занята? Ці здольныя вы страціць галаву ад кахання?

— Цяпер я не ў адносінах, але вельмі шчаслівая ў гэтым перыядзе самаразвіцця і асобаснага росту. Часта жанчыны ўскладаюць адказнасць за сваё шчасце на мужчыну, хоць гэта перш за ўсё унутраны стан, які дасягаецца праз самарэалізацыю, сяброўства, захапленні і клопат пра сябе. Але пры гэтым я не баюся страціць галаву ад кахання, калі сустрэну таго самага.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота з архіва Вольгі НАВУМАВАЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю