Добрыя адносіны Беларусі і Калінінградскай вобласці адзначаны значнымі поспехамі двухбаковага ўзаемадзеяння. Аб гэтым заявіў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Юрый Шулейка на 20-м пасяджэнні Беларуска-Расійскага савета па доўгатэрміновым супрацоўніцтве абласцей, міністэрстваў, органаў дзяржаўнага кіравання Беларусі з Калінінградскай вобласцю Расіі.
«Нашы добрыя адносіны абазначаны значнымі поспехамі ў дынаміцы тавараабароту, у эканоміцы, культуры, пабрацімскіх сувязях. Гэта адна з самых блізкіх абласцей Расійскай Федэрацыі», — адзначыў Юрый Шулейка.
Ён звярнуў увагу, што ўвядзенне санкцый паўплывала на транспартную даступнасць рэгіёна. Але бакі знайшлі падыходы да работы ў цяперашніх умовах — праз чыгуначныя зносіны, парты Санкт-Пецярбурга. «Гэта дае магчымасць нам вырашаць эканамічныя пытанні, падтрымліваць тавараабарот», — сказаў Юрый Шулейка.
На пасяджэнні прааналізаваны вынікі ў гандлёва-эканамічнай дзейнасці, абмеркаваны перспектывы. Такія сустрэчы праводзяцца на рэгулярнай аснове.
«Мы па пэўных напрамках аб’ектыўна, можа, не вельмі рушылі наперад, але з’явіліся абсалютна новыя пазіцыі, якія зразумелыя і беларускаму боку, і калінінградскаму. Рух ідзе. Трэба падтрымліваць тавараабарот на высокім узроўні. Мы можам паказаць прыклад, як працаваць ва ўмовах няпростай лагістыкі», — падкрэсліў Юрый Шулейка.
Губернатар Калінінградскай вобласці Аляксей Бяспрозванных у сваю чаргу адзначыў, што такія сустрэчы сталі добрай традыцыяй. Іх мэта — зламаць тэндэнцыю да зніжэння тавараабароту. Губернатар назваў пасяджэнні Беларуска-Расійскага савета перспектыўным фарматам работы. «Па выніках узаемадзеяння за І паўгоддзе Беларусь паднялася на другое месца ў ліку краін — партнёраў нашага рэгіёна і ў знешнегандлёвым абароце складае каля 10 працэнтаў. Тавараабарот паміж Калінінградскай вобласцю і Рэспублікай Беларусь перавысіў чвэрць мільярда долараў і ў параўнанні з аналагічным перыядам 2024 года адбылося не проста аднаўленне, але і падраслі на 3 працэнты. Пры гэтым імпарт з Беларусі павялічыўся на 32 працэнты. Выраслі пастаўкі харчовых тавараў, сельскагаспадарчай сыравіны (фактычна ў 1,9 раза), машын і абсталявання (у 1,6 раза), мінеральных прадуктаў (на 43,8 %), прадукцыі нафтахімічнай прамысловасці (на 14 %)», — адзначыў Аляксей Бяспрозванных.
Падчас пасяджэння былі намечаны новыя шляхі прамысловай кааперацыі. Таксама абмеркавана магчымасць адкрыцця прамых авіярэйсаў, які злучаць Калінінград з Брэстам і Гродна.
Паводле БелТА