Top.Mail.Ru

«Наша галоўная задача — працаваць з людзьмі, і для гэтага ў нас ёсць усе магчымасці»

Народныя выбраннікі заўсёды на пастаяннай сувязі са сваімі выбаршчыкамі і цалкам уцягнутыя ў праблемы простых людзей. Акрамя таго, дэпутаты нярэдка мяняюць дзелавыя касцюмы на пальчаткі, рыдлёўкі і граблі, наводзячы парадак на тэрыторыі сваіх населеных пунктаў. Што хвалюе жыхароў цэнтральнага рэгіёна, і як вырашаецца праблема пустых дамоў у сельскай мясцовасці? Якую ролю адыгралі дэпутаты Міншчыны ў галоўнай грамадска-палітычнай падзеі краіны і што яшчэ робіцца для добраўпарадкавання нашых вёсак і раённых цэнтраў? На гэта і не толькі карэспандэнту «Звязды» дала адказы намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні, старшыня Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Наталля Якубіцкая.​


— Наталля Віктараўна, як вы можаце ахарактарызаваць 2024 год? Ці быў ён лёгкім для дэпутатаў Мінскага абласнога Савета?

— Для дэпутатаў Мінскага абласнога Савета 2024 год быў вельмі насычаным. Тады прайшоў Адзіны дзень галасавання, калі былі выбраны дэпутаты ўсіх узроўняў, а таксама дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Для нас гэта новая форма, таму што раней выбары дэпутатаў праходзілі асобна. Далей у нас была сфарміравана верхняя палата парламента — Савет Рэспублікі. Акрамя таго, у 2024 годзе адбыўся першы ў канстытуцыйным статусе, а па ліку ўжо сёмы Усебеларускі народны сход, дэлегатам якога я з'яўляюся. Дэпутацкі корпус вобласці быў задзейнічаны ва ўсіх этапах самай важнай падзеі — выбарах Прэзідэнта краіны. Дэпутаты Мінскай вобласці ўдзельнічалі ў зборы подпісаў для вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты, уваходзілі ў склад участковых выбарчых камісій, выступалі ў якасці нацыянальных назіральнікаў. У сваёй рабоце назіральнікі вызначылі галоўны крытэрый — аб'ектыўнасць. Яны прасачылі за тым, каб выбары ў нашай краіне прайшлі адкрыта, празрыста, без парушэнняў выбарчага заканадаўства.

У цэлым для нас, дэпутатаў, агітацыйны працэс пастаянны. Наша галоўная задача — працаваць з людзьмі, сустракацца з грамадзянамі, выбаршчыкамі, і для гэтага ў нас ёсць усе магчымасці і рычагі, якія мы выкарыстоўваем. Адзін з гэтых рычагоў — прамыя тэлефонныя лініі, якія апошнім часам мы сталі праводзіць на пэўную тэматыку. Напрыклад, мы разумеем, што сёння ў нейкім рэгіёне найбольш актуальная тэма работы транспарту і транспартных зносін. Тады мы праводзім такія зрэзы, цікавімся ў людзей, як працуе грамадскі транспарт, ці зручна ім дабірацца да работы або нейкіх іншых месцаў, якім чынам звязаны сельскія населеныя пункты з установамі аховы здароўя, ФАПамі... Дарэчы, у вобласці пастаянна ідзе закупка школьных аўтобусаў для таго, каб нашым дзеткам таксама было зручна ездзіць з дому да школы. Але трэба прызнаць, што сёння, на жаль, існуе такая тэндэнцыя, што сельскае насельніцтва памяншаецца. Вялікія школы, якія калісьці будаваліся, ужо не так запатрабаваныя, і нам даводзіцца аптымізавацца, падвозіць дзетак да іншых устаноў адукацыі.

— Традыцыйна вялікая ўвага з боку дэпутатаў Мінаблсавета аддаецца правядзенню прыёмаў грамадзян...

— Акрамя асабістых прыёмаў грамадзян, я хацела бы спыніцца і на Адзіным дні прыёму. Гэтая форма работы была ўзятая за аснову ў Савета Рэспублікі. Мы заўсёды стараемся раўняцца на прэзідыум, на Старшыню Савета Рэспублікі Наталлю Іванаўну Качанаву. Дэпутаты Мінскага абласнога Савета часам бяруць удзел у рабоце Прэзідыума Савета Рэспублікі, выязджаюць у іншыя вобласці, дзе таксама працуюць з людзьмі, абменьваюцца вопытам са сваімі калегамі.

Пытанні, якія гучаць на прыёмах грамадзян, заўсёды розныя. Кожная праблема абавязкова бярэцца на кантроль. Для таго каб дапамагчы вырашыць пытанні нашых людзей, актыўна працуюць райвыканкамы, райсаветы, старшыні сельсаветаў і кіраўнікі арганізацый. Мы стараемся комплексна здымаць праблемы, якія сёння існуюць у рэгіёне. У гарадах і райцэнтрах у асноўным праблемы здымаем адразу. Пры гэтым заўсёды хочацца пачуць сельскае насельніцтва, бо менавіта ў вёсках існуюць самыя складаныя і цікавыя пытанні. Сёння для сяльчан актуальнае пытанне афармлення зямельных участкаў. 1 студзеня 2023 года быў прыняты Кодэкс аб зямлі. Тады ў людзей з'явілася магчымасць аформіць самавольны будынак ці самавольна занятую зямлю. Грамадзяне нярэдка прыходзяць з гэтымі пытаннямі на прыёмы. У сваю чаргу мы стараемся ўсё ім растлумачыць, а задачу па аказанні дапамогі людзям па гэтым пытанні я заўсёды стаўлю старшыням сельскіх і раённых Саветаў. Некалькі месяцаў таму мы абмяркоўвалі са старшынямі сель- і райсаветаў зямельна-маёмасныя пытанні. Выступаў і Дзяржаўны камітэт па маёмасці, які аказаў нам вялікае садзейнічанне і правёў тлумачальную работу.

— Праблема пустых дамоў, вядома, на слыху ў кожнага. Гэта даволі цікавае пытанне, якое патрабуе правільнага вырашэння. Якім чынам яно вырашаецца ў вобласці?

— На выязным пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага кіравання і самакіравання пры Савеце Рэспублікі, якое адбылося ў маі, мы разглядалі зямельныя маёмасныя адносіны. У Мінскай вобласці вядзецца вялікая работа па ўключэнні ў гаспадарчы абарот пустых дамоў. З 1 студзеня 2023 года распрацаваны Рэестр пустых дамоў, куды ўносяцца такія будынкі. Мы глядзім, інвентарызуем і бачым: ужо доўгі час дом з'яўляецца безгаспадарчым. Тады пачынаем з ім працаваць, уключаем яго ў базу, знаёмімся з суседзямі, шукаем спадчыннікаў. Першая наша задача — устанавіць спадчынніка і нагадаць чалавеку пра тое, што ёсць такі дом. Гэта можа быць нават унук або праўнук, яму і пішам паведамленні. Нам важна атрымаць зваротную сувязь. Калі нам не ўдаецца ўстанавіць спадчынніка, тады ўжо з іскавай заявай звяртаемся ў суд, каб ён дапамог вырашыць гэтую праблему.

Але існуе і трэці варыянт, калі людзі даюць зразумець, што ім гэты дом нецікавы. Тады мы можам накіраваць бюджэтныя сродкі на знос дома або перадаць яго адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінцы, і ім можна будзе распарадзіцца па меркаванні старшыні сельскага Савета або камісійна. Магчыма, гэты дом можна перадаць сельскагаспадарчай арганізацыі, можа, нейкія іншыя ўстановы зацікаўлены ў ім або такі дом трэба адрамантаваць і кагосьці туды засяліць? Існуюць розныя варыянты. Але тут, вядома, важна гаварыць і пра зямлю, таму што можна ж набыць пусты дом усяго за адну базавую. Хіба ж гэта дрэнны варыянт?

Усяго на Міншчыне ўцягнута ў гаспадарчы абарот каля 1140 пустых дамоў, прададзена за адну базавую больш за 200 дамоў. Тыя тэрыторыі, якія ўваходзяць у аўкцыённыя зоны, мы прапануем па рыначным кошце, а калі ёсць ахвотныя, то, вядома, цана ўзнімаецца. Такая работа — гэта свайго роду папаўненне бюджэту. Атрыманыя сродкі мы можам накіраваць на паляпшэнне інфраструктуры ў гэтай мясцовасці.

— 2025-ы аб'яўлены кіраўніком дзяржавы Годам добраўпарадкавання. Пры гэтым асаблівая ўвага павінна аддавацца навядзенню парадку ў населеных пунктах...

— Вялікая ўвага з боку дэпутатаў Мінаблсавета заўсёды аддаецца добраўпарадкаванню нашых населеных пунктаў! Работу па навядзенні парадку на зямлі не спыняем нават зімой. Мы заўсёды стараемся працаваць з людзьмі ў гэтым кірунку. Вядома, што даволі маштабная работа па добраўпарадкаванні вядзецца, калі раён рыхтуецца да абласных «Дажынак». Гэта цудоўнае свята, на якім мы ўшаноўваем перадавікоў сельскай гаспадаркі і адначасова ўдзяляем увагу аб’ектам сацыяльнай інфраструктуры, вулічна-дарожнай сеткі, шчыльна працуем з насельніцтвам. Таму ў рамках «Дажынак» мы вырашаем адразу некалькі глабальных праблем па добраўпарадкаванні, прычым не толькі ў горадзе, але і ў раёне ў цэлым.

Працягваючы тэму добраўпарадкавання, хачу адзначыць, што дэпутаты Мінскага абласнога Савета дэпутатаў заўсёды актыўна ўдзельнічаюць у суботніках, а ў 2025 годзе будзе нават два рэспубліканскія суботнікі. Вялікую дапамогу ў арганізацыі і правядзенні гэтых суботнікаў аказваюць нашы старасты, прадстаўнікі органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, за што хацелася б выказаць ім шчырыя словы падзякі! Для нас вельмі важна прывядзенне ў належны стан месцаў агульнага карыстання, паркаў і сквераў. Не меншую ўвагу аддаём навядзенню парадку на могілках, і мне хацелася б папрасіць нашых грамадзян аказаць садзейнічанне ў гэтым. Напярэдадні Радаўніцы, Дзядоў і не толькі мы вывозім адтуль смецце, спрабуем падраўняць платы, агароджы. Усяго на тэрыторыі Мінскай вобласці больш за 2200 месцаў агульнага пахавання. У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў мы перадалі могілкі з балансу сельскіх Саветаў на абслугоўванне ЖКГ, але тым не менш мы не дзелім тут адказнасць — на такіх месцах важна працаваць разам! Годны вынік будзе толькі тады, калі мы будзем працаваць разам з людзьмі, калі нашы грамадзяне будуць дапамагаць. Таму што на адным энтузіязме органаў мясцовага кіравання і самакіравання правесці гэтую работу так якасна проста немагчыма. Тут вельмі патрэбныя дапамога і разуменне мясцовых жыхароў.

— Якім чынам дэпутаты Мінаблсавета ўцягнутыя ў міжнародную дзейнасць?

— Яшчэ адзін важнейшы кірунак дзейнасці дэпутацкага корпуса Мінскай вобласці і мяне як члена Савета Рэспублікі — гэта міжнародная дзейнасць, якой мы ўдзяляем вялікую ўвагу. Выдатнай пляцоўкай, на якой мы знаёмімся, дзе падпісваем дагаворы, пагадненні, кантракты, з’яўляецца Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі. Ён праходзіць штогод, і, адпаведна, скарбонка нашых пагадненняў і сувязяў папаўняецца. Апошнім разам мы падпісалі пагадненні з Рэспублікай Дагестан і Рэспублікай Татарстан. Форум рэгіёнаў — гэта падмурак для наладжвання добрых двухбаковых сувязяў у эканоміцы і іншых сферах. Я заўсёды падтрымліваю старшыняў раённых Саветаў дэпутатаў, бо яны таксама часта сустракаюцца з дэпутацкім корпусам Расійскай Федэрацыі з гарадоў-пабрацімаў.

Напрыканцы мінулага года паміж Маскоўскай абласной Думай і Мінскім абласным Саветам дэпутатаў прайшоў тэлемост, на якім мы разглядалі пытанні заканадаўчай ініцыятывы, старастаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. Менавіта таму мне так цікава мець зносіны са старастамі нашых вёсак. Яны прыходзяць на прыёмы і абмалёўваюць усе праблемы, якія датычацца іх населеных пунктаў, што дазваляе комплексна ўнікнуць і вырашыць іх.

— Ці зацікаўлены дэпутацкі корпус Міншчыны ў рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў?

— Пры Мінскім абласным Савеце дэпутатаў створана Асацыяцыя па рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў. Гэта яшчэ адзін кірунак нашай дэпутацкай дзейнасці. У цэлым такія тэндэнцыі развіваюцца ва ўсёй краіне. Можна сказаць, што гэта яшчэ адзін від узаемадзеяння з людзьмі. Яны прапануюць свае праекты, мы іх чуем і дапамагаем у рэалізацыі. Але абавязковая ўмова пры гэтым — сафінансаванне. Фінансуюцца такія праекты 50/50. Палова — рэспубліканскі бюджэт, другая — абласны або мясцовы, яшчэ 10 % — гэта абавязковы ўклад грамадзян. У 2024 годзе было рэалізавана пяць такіх праектаў рознай накіраванасці (спорт, патрыятычнае выхаванне і іншае). Але варта разумець, што гэта не глабальныя праекты, і іх рэалізацыя павінна ісці па спрошчанай схеме. Два праекты рэалізаваныя ў Мінскім, яшчэ па адным — у Любанскім, Старадарожскім і Клецкім раёнах. У апошнім, напрыклад, пабудавана пляцоўка, на якой можна рэалізоўваць лішкі сваёй прадукцыі. Хтосьці прадае малако, хтосьці смятанку, тварог, яблыкі... Такія ініцыятывы, накіраваныя на паляпшэнне якасці жыцця людзей, наш дэпутацкі корпус заўсёды падтрымлівае. Дэпутаты і далей працягнуць работу па ўмацаванні дабрабыту і стварэнні спрыяльных умоў для жыцця нашых людзей.

Фота з архіва Наталлі ЯКУБІЦКАЙ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю