Top.Mail.Ru

«Наша асноўная задача — павышэнне дабрабыту людзей»

Старшыня Палаты прадстаўнікоў сустрэўся з работнікамі СТАА «Мабільныя ТэлеСістэмы». Насычаная размова аб электаральнай кампаніі, дасягненнях краіны за апошнія 30 гадоў, а таксама аб напрамках дзейнасці Палаты прадстаўнікоў нікога не пакінула абыякавым. Супрацоўнікі прадпрыемства задавалі шмат пытанняў спікеру і нават дыскутавалі. Але пра ўсё па парадку.


«Выбары — гэта важны, адказны этап для кожнай краіны, які вызначае будучы кірунак развіцця любой дзяржавы, — пачаў размову Ігар Сергяенка. — Нас часта любяць папракаць у незахаванні нейкіх універсальных працэдур, правілаў правядзення выбараў. Аднак правілы і працэдуры мы вызначаем самі. У нас ёсць Выбарчы кодэкс, у адпаведнасці з якім мы сёння і праводзім сваю выбарчую кампанію».

Гаворачы аб заканадаўчай дзейнасці, спікер адзначыў найважнейшыя з законапраектаў, прынятых на другой сесіі Палаты прадстаўнікоў восьмага склікання. Усяго за перыяд работы другой сесіі прынята 34 законапраекты, у рабоце знаходзіцца каля 20 законапраектаў, у тым ліку аб паштовай сувязі, па выканаўчай вытворчасці і шмат іншых.

Дасягненні краіны

Ігар Сергяенка асобна спыніўся на дасягненнях краіны за апошняе 30-годдзе: «Нам ёсць чым ганарыцца. На долю прамысловасці прыпадае каля 80% трактароў, што вырабляюцца ў краінах СНД, 50% хімічных валокнаў і нітак, пятая частка халадзільнікаў і маразільнікаў. Па вытворчасці велікагрузных аўтамабіляў мы займаем адно з вядучых месцаў у свеце. У цэлым, наш прамысловы комплекс фарміруе 80% экспарту». Гаворачы аб развіцці сельскай гаспадаркі, Старшыня Палаты прадстаўнікоў адзначыў, што рост вытворчасці сельгаспрадукцыі за 24 гады павялічыўся фактычна ў два разы: Беларусь уваходзіць у пяцёрку найбуйнейшых вытворцаў малочнай прадукцыі а таксама ў топ-15 экспарцёраў мясной прадукцыі. 

Энергетычны комплекс сёння забяспечвае фактычна стапрацэнтны доступ да электраэнергіі, а яе спажыванне насельніцтвам цалкам забяспечваецца за кошт работы атамнай электрастанцыі; значны аб’ём работ праведзены і па газіфікацыі населеных пунктаў.

Ігар Сергяенка падкрэсліў, што рост эканомікі дазваляе развіваць і забяспечваць сацыяльную сферу. «Беларусь — сацыяльна арыентаваная дзяржава. Наша асноўная задача — павышэнне дабрабыту людзей, забеспячэнне роўных магчымасцяў і для аховы здароўя, і для атрымання адукацыі. У гэтым плане прыняты шэраг мер і рашэнняў. У нас бясплатная адукацыя і бясплатная медыцына. І гэта ўсё — за кошт дзяржавы. Але мы гэта ўсё ўспрымаем, вядома ж, як наша дасягненне і штодзённасць. За 30 гадоў Прэзідэнцкай рэспублікі пабудавана 923 новыя аб’екты ў сферы аховы здароўя: ад карпусоў РНПЦ, завяршаючы раённымі бальніцамі, іх рамонтам і абсталяваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы», — зазначыў спікер. 

Спыніўся ён і на жыллёвай палітыцы, адзначыўшы яе паслядоўную рэалізацыю і ролю дзяржаўнай падтрымкі пры будаўніцтве жылля: «Больш за трэць жылля будуецца з дзяржаўнай падтрымкай. У якасці аднаго з прыкладаў паляпшэння дабрабыту нашых людзей — павелічэнне колькасці аўтамабіляў. У 1990 годзе ў грамадзян нашай краіны ў асабістым карыстанні налічвалася каля 500 тысяч аўтамабіляў. Сёння — больш за тры мільёны аўтамабіляў. У мінчан нават узнікае праблема, куды прыпаркаваць сваю машыну».

Падагульняючы ўсё вышэйсказанае, Ігар Сергяенка адзначыў наступнае: «Я расказваю гэта ўсё для таго, каб паказаць, якая маштабная работа была праведзена за 30 гадоў суверэннай Беларусі. Яна працягваецца і сёння. Апошнія прыклады, якія ва ўсіх на слыху, — увод трох станцый метро. Я ўжо не кажу пра водазабеспячэнне сталіцы артэзіянскай вадой. Гэта, вядома ж, павышае якасць жыцця, камфорт, і, напэўна, нездарма Прэзідэнтам 2025-ы аб’яўлены Годам добраўпарадкавання краіны, падпісаны ўказ, у адпаведнасці з якім Саветам Міністраў распрацоўваецца канкрэтная праграма. Гэта добраўпарадкаванне датычыцца ўсяго. Яно будзе праводзіцца з удзелам усіх нас ва ўсіх населеных пунктах. І сёння мы выдатна разумеем, што краіна развіваецца дынамічна».

Падводзячы вынікі сустрэчы, Ігар Сергяенка расказаў журналістам, што супрацоўнікі кампаніі МТС — дасведчаныя людзі ў тэхнічным плане: 

«Сёння яны прадэманстравалі актыўнасць у грамадска-палітычных адносінах. Пытанні датычыліся бягучай абстаноўкі, работы парламента. Асноўныя пазіцыі, якія я хацеў данесці, — расказаць аб рабоце Палаты прадстаўнікоў, аб тых законапраектах, якія мы прымалі, над якімі будзем працаваць у найбліжэйшы час. Другая асноўная задача — праінфармаваць аб бягучай абстаноўцы ў краіне, расказаць аб дасягненнях нашай краіны за 30 гадоў на канкрэтных прыкладах развіцця прамысловасці, сельскай гаспадаркі, сацыяльнай сферы, развіцця рэгіёнаў, а таксама — зрэз абстаноўкі, якая складваецца вакол Беларусі. Гэта пытанні захавання гістарычнай праўды, гістарычнай памяці».

На думку Старшыні Палаты прадстаўнікоў, такія сустрэчы важныя і для тых, хто іх і праводзіць: «Размаўляючы з людзьмі, атрымліваеш цікавую інфармацыю ў выглядзе пытанняў і прапаноў, адчуваеш, што хвалюе людзей, гэта значыць — сам узбагачаешся ў першую чаргу. Спадзяюся, што тая інфармацыя і прыклады, якія я прыводзіў, не пакінулі абыякавымі нашых людзей, якія, здавалася б, жывуць у гэтай інфармацыйнай прасторы. Тут жа, у сціснутым, канцэнтраваным выглядзе, на канкрэтных прыкладах можна данесці абстаноўку, паказаць, як развіваецца краіна і тое, што нам ёсць, чым ганарыцца. Мы ганарымся і нашымі людзьмі, і нашымі дасягненнямі, і нашымі аб’ектамі, якія мы, нягледзячы ні на што, будавалі і будзем будаваць». 

Пытанні і меркаванні

Да Старшыні Палаты прадстаўнікоў паступала мноства пытанняў, якія датычыліся самых розных тэм. Людзі цікавіліся дзейнасцю дэпутатаў — членаў палітычных партый, мерапрыемствамі ў рамках Года добраўпарадкавання і рэалізацыі ў сувязі з гэтым грамадзянскіх ініцыятыў, пенсійнага забеспячэння, патрыятычнага выхавання моладзі, міжнароднага супрацоўніцтва Палаты прадстаўнікоў і ролі парламента ў інтэграцыйных працэсах, розных аспектаў заканатворчай дзейнасці, цыфравізацыі, яе значэння і перспектыў.

Адказваючы на пытанне, як выхаваць сапраўднага патрыёта, Ігар Сергяенка адзначыў, што выхаванне пачынаецца, у першую чаргу, з сям’і: «І як бы гэта пафасна ні гучала — з любові да бацькоў, да малой радзімы. Каб вырасціць патрыёта, трэба выхаваць чалавека на нашых каштоўнасцях, на нашай гісторыі. Усё пачынаецца з бацькоў, з таго, як паводзяць сябе старэйшыя. Трэба тонка вучыць маладых людзей на канкрэтных справах, на канкрэтных учынках».

Сустрэча са Старшынёй Палаты прадстаўнікоў нікога не пакінула абыякавым. Кіраўнік групы продажаў кампаніі МТС, старшыня першаснай арганізацыі «Белая Русь Аляксандр Чарняк падзяліўся з намі сваімі ўражаннямі: «Ігар Пятровіч нагадаў усім нам пра нашы дасягненні, пра тое, што нам ёсць, чым ганарыцца, расказаў, як выхаваць патрыёта, як захаваць сацыяльную справядлівасць. У нас бясплатная медыцына, бясплатная адукацыя, а гэта — вельмі важна. Старшыня Палаты прадстаўнікоў расказаў, як захаваць гістарычную памяць, як зберагчы традыцыйныя каштоўнасці. Мы таксама павінны памятаць і цаніць, што ў нас мірнае неба над галавой. Асабіста я хачу, каб краіна працягвала развівацца і ўпэўнена ісці наперад, быць моцнай і незалежнай».

Вядучы спецыяліст па працы з персаналам кампаніі МТС, старшыня першаснай прафсаюзнай арганізацыі Святлана Абраменка выказала словы ўдзячнасці Ігару Сергяенку за тое, што ён прыехаў: «Такая магчымасць зносін вельмі рэдкая для нас, і я ўдзячная, што ён у сваім шчыльным графіку змог знайсці час. Ён расказваў пра дзейнасць Палаты прадстаўнікоў, пра тое, што зроблена і што трэба яшчэ зрабіць. Яго адказы на нашы пытанні ўсяляюць яшчэ большую ўпэўненасць у стабільнасці, росквіце нашай краіны пад мірным небам». 

Безумоўна, вельмі важна тое, што такія сустрэчы праходзяць з людзьмі, паколькі просты народ не заўсёды ў курсе спраў і не заўсёды разумее, што адбываецца насамрэч. Такім меркаваннем падзялілася кіраўнік групы ацэнкі якасці абслугоўвання кліентаў Таццяна Кошалева-Яхімовіч: «Ігар Пятровіч вельмі правільна адзначыў, што ў стагоддзі інфармацыйных тэхналогій вельмі шмат фэйкаў, і людзі часта не ведаюць, дзе праўда, а дзе хлусня. Вельмі прыемна ведаць, што наш урад не толькі слухае, але і чуе, увасабляе ў жыццё тое, што патрэбна нашаму народу. У прыватнасці, было згадана пра законапраект у сферы адукацыі, пра тое, што патрабуецца для нашых вучняў, для нашых настаўнікаў і для іх бацькоў. І тое, што гэта ўжо ў распрацоўцы, тое, што многае ўвасоблена, насамрэч, — вельмі каштоўна. Такія сустрэчы рэдкія, але яны важныя і патрэбныя. І будзем спадзявацца, што ва ўсіх сферах будуць такія сустрэчы адбывацца часцей».

Фота БелТА.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю