Top.Mail.Ru

«Наш маральны арыенцір і адказ на сучасныя выклікі». Эксперты — пра Асноўны Закон Рэспублікі Беларусь

У нядзелю, 15 сакавіка, у нашай краіне адзначаць Дзень Канстытуцыі. У чым перавагі нашага Асноўнага Закона перад аналагічнымі дакументамі іншых краін і чаму абноўленая чатыры гады назад Канстытуцыя з’яўляецца стратэгічным дакументам грамадска-палітычнага развіцця дзяржавы, расказалі нашы эксперты. 


Напісана народам і для народа

У прыватнасці, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Аляксандр КАРПІЦКІ перакананы, што для кожнага грамадзяніна суверэннай Беларусі Дзень Канстытуцыі — не проста дата ў календары, а сімвал дзяржаўнасці і незалежнасці:


— Асноўны Закон прайшоў значны шлях станаўлення. Прыняты ўсенародна 15 сакавіка 1994 года, ён увабраў у сябе найлепшыя традыцыі папярэдніх канстытуцый савецкага перыяду, але галоўнае — замацаваў статус нашай рэспублікі як унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы, дзе вышэйшай каштоўнасцю з’яўляецца чалавек.

Сенатар адзначае важнасць таго, што наша Канстытуцыя заўсёды прымалася і ўдасканальвалася выключна па волі народа, а не кулуарна:

— Гэта ключавое адрозненне нашага шляху. У 1996 годзе, калі перад краінай стаяў выбар шляху развіцця, менавіта беларускі народ на рэферэндуме падтрымаў курс на моцную прэзідэнцкую ўладу, якая дазволіла выбудаваць вертыкаль і выратаваць краіну ад крызісу. А апошнія маштабныя змяненні 2022 года зноў пацвердзілі прыхільнасць прынцыпам прамой дэмакратыі — праект абноўленай Канстытуцыі прайшоў праз найшырэйшае ўсенароднае абмеркаванне і быў ухвалены на рэферэндуме.

Суразмоўца канстатуе: сённяшняя Канстытуцыя стала больш канцэптуальнай і стратэгічнай:

— Гэта не застылы дакумент, а жывы арганізм, які адлюстроўвае рэаліі часу і запыты грамадства. У ёй замацаваны фундаментальныя каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць усіх нас: захаванне гістарычнай праўды пра подзвіг народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, падтрымка сем’яў з дзецьмі, абарона традыцыйных каштоўнасцяў, такіх як шлюб — гэта саюз мужчыны і жанчыны. Гэта наш маральны арыенцір і адказ на выклікі сучаснага свету.

Яшчэ адна найважнейшая перавага нашай Канстытуцыі, на якую звярнуў увагу суразмоўца, — яе сацыяльная накіраванасць:

— Палажэнні аб праве на годную працу, ахову здароўя і адукацыю — не проста дэкларацыі, а рэальна дзеючыя механізмы. Менавіта таму мы з упэўненасцю кажам, што па гарантыях правоў і свабод чалавека наш Асноўны Закон знаходзіцца на перадавых пазіцыях. А наданне Усебеларускаму народнаму сходу канстытуцыйнага статусу стварыла дадатковы дэмакратычны канал грамадскага кантролю за ўладай, зрабіўшы нашу палітычную сістэму яшчэ больш збалансаванай.

Такім чынам, робіць выснову сенатар, Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь — наш надзейны падмурак і стратэгічны дакумент, які забяспечвае пераемнасць пакаленняў, суверэнітэт і паступальнае развіццё краіны. 

— Яна напісана народам і для народа, і наша агульная задача — захоўваць вернасць яе палажэнням і духу, уносячы свой пасільны ўклад у росквіт Радзімы, — падкрэсліў Аляксандр Карпіцкі. 


Цалкам адпавядае ўсім дэмакратычным стандартам

На ўсенародны характар стратэгічнага дакумента краіны звяртае ўвагу і намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Алег ДЗЯЧЭНКА:


— Наша Канстытуцыя ў прамым сэнсе слова з’яўляецца народнай і не толькі таму, што была прынятая на рэспубліканскім рэферэндуме 27 лютага 2022 года. Загадзя праект Асноўнага Закона быў вынесены на грамадскі разгляд і больш за тры тыдні абмяркоўваўся на дыскусійных і дыялогавых пляцоўках, у сродках масавай інфармацыі, у працоўных калектывах, з насельніцтвам па месцы жыхарства, на сустрэчах з удзелам грамадзянскіх актывістаў, прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх арганізацый. За вельмі кароткі адрэзак часу ад неабыякавых грамадзян паступіла амаль 9 тысяч прапаноў і меркаванняў, многія з якіх затым атрымалі юрыдычнае афармленне. 

Парламентарый нагадвае, што дзякуючы актыўнай пазіцыі грамадзян у Канстытуцыю былі ўключаны нормы, якія рэгулююць пытанні захавання гістарычнай памяці, нацыянальных традыцый, умацавання патрыятызму, маральнасці, сямейных адносін, падтрымкі моладзі, абароны нацыянальнай бяспекі. 

— Такім чынам, беларуская Канстытуцыя — гэта той прававы дакумент, які не толькі зацверджаны народам на рэспубліканскім рэферэндуме, але і распрацаваны з яго прамым удзелам, — падкрэслівае ён. — У гэтым заключаецца фундаментальнае адрозненне нашага Асноўнага Закона ад аналагічных дакументаў замежных краін, дзе меркаванне простых людзей ігнаруецца пры правядзенні любых канстытуцыйных рэформаў. Усім даўно вядома, што Канстытуцыі заходніх дзяржаў прымаюцца кіруючымі палітычнымі элітамі ў мэтах абароны пазіцый буйных прамысловых манаполій і фінансава-алігархічных груп і не ўлічваюць інтарэсы народа. 

Намеснік старшыні профільнай камісіі акцэнтуе ўвагу на тым, што Канстытуцыя нашай краіны, сінтэзуючы ўсе лепшыя дасягненні прававой думкі, цалкам адпавядае ўсім дэмакратычным стандартам і адлюстроўвае палітычныя традыцыі, светапогляд, каштоўнасныя арыенціры і прыярытэты беларускага народа, якія сфарміраваліся ў выніку нашага цывілізацыйнага выбару і сёння вызначаюць вектар далейшага гістарычнага развіцця асобы, грамадства і дзяржавы. 

— Беларуская канстытуцыя замацавала нормы, у якіх выразна пазначаныя кампетэнцыі і функцыі інстытутаў улады, сацыяльны і прававы характар дзяржавы, якія ў сваёй сукупнасці забяспечваюць стабільнасць айчыннай сацыяльна-эканамічнай мадэлі, а таксама ўтрымліваюць прызнанне годнасці і каштоўнасці чалавечай асобы, роўных і неад’емных правоў і свабод чалавека, раўнапраўя мужчын і жанчын, справядлівасці, грамадскай згоды і адзінства народа, — рэзюмуе парламентарый.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю