Top.Mail.Ru

Нарыхтоўчая кампанія набірае абароты

Захаваць смак лета

Кожны сезон зямля шчодра аддае свае скарбы, а людзі з любоўю і ўважлівасцю збіраюць плён сваёй працы. Ад садоў і агародаў гарадскіх жыхароў да далёкіх вёсачак — кожная ягадка, кожная бульбіна нясуць у сабе частку душы гаспадара і водар роднай зямлі. Вядома, што хочацца захаваць. А з дзяржаўнага пункта гледжання захаванне і нарыхтоўка гародніны і дзікаросаў — гэта важны складнік харчовай бяспекі. Таму і арганізацыя іх прыёму ад насельніцтва — справа дзяржаўная. І ўвага гэтаму адпаведная.

Як адзначыла намеснік старшыні праўлення Белкаапсаюза Аксана СКІНДЭР, любы жыхар нашай краіны, нават з самых аддаленых куткоў, мае магчымасць здаць лішкі сельскагаспадарчай прадукцыі. Па яе словах, колькасць людзей, якія актыўна далучаюцца да нарыхтовак, расце, і, што характэрна, усё часцей гэта маладыя энтузіясты, якія з цікавасцю асвойваюць новыя культуры і эксперыментуюць на сваіх прысядзібных участках.

Сёння ў краіне функцыянуе шырокая сетка прыёмных пунктаў: 773 нарыхтоўчыя аб’екты, з якіх 63 раз’язныя нарыхтоўшчыкі працуюць круглы год. У розныя сезоны да работы далучаецца ад 500 да 1000 пазаштатных спецыялістаў. Актыўна працуе і гандлёвая сетка: больш чым 3000 магазінаў у сельскай мясцовасці прымаюць прадукцыю, што забяспечвае максімальную даступнасць паслугі для насельніцтва. За сем месяцаў гэтага года арганізацыямі спажывецкай кааперацыі было нарыхтавана сыравіны на суму 287,5 мільёна рублёў, у тым ліку насельніцтву выплачана каля 162 мільёнаў рублёў. То-бок, больш за 57 % ад агульнага аб’ёму закупак прыпадае на прадукты, якія здаюць менавіта жыхары, а не юрыдычныя асобы.

  • Асабліва актыўна пастаўляюцца агуркі, памідоры, бульба, а таксама культурныя ягады — чорная і чырвоная парэчкі, слівы, алыча, чарнаплодная рабіна. Дарэчы, па словах Аксаны Скіндэр, сёлета ў нарыхтоўшчыкаў назіраецца стабільны рост аб’ёмаў. Так, закупкі агуркоў склалі 3,2 тысячы тон (на 15 % больш, чым летась), памідораў — 1,8 тысячы тон (на 3 % больш), капусты — 4,4 тысячы тон, бульбы нарыхтавалі на 40 % больш у параўнанні з мінулым годам. Таксама на міжсезонне плануецца закупіць і закласці для рэалізацыі больш чым 3,5 тысячы тон яблыкаў, якія, акрамя ўсяго іншага, яшчэ і выдатная сыравіна для вырабу соку (яго выхад складае 72 %).

Асобна намеснік старшыні праўлення спынілася на пытаннях якасці і бяспечнасці прадукцыі, што закупляецца. Уся яна праходзіць абавязковую праверку на ўтрыманне радыенуклідаў і іншых небяспечных рэчываў.

«Пытанні якасці становяцца ўсё больш актуальнымі. Перапрацоўчыя прадпрыемствы ўзмацняюць патрабаванні да сыравіны: на выхадзе павінна быць высакаякасная прадукцыя», — адзначыла Аксана Скіндэр.

Спынілася яна і на ўзаемадзеянні з фермерскімі гаспадаркамі. Па словах прадстаўніцы Белкаапсаюза, іх колькасць павялічваецца, тэхналогіі становяцца больш сучаснымі, а якасць прадукцыі — вышэйшай. Штогод заключаецца да 240 дагавораў з фермерскімі гаспадаркамі на пастаўку розных відаў сельгаспрадукцыі — ад кабачкоў і збожжа да яблыкаў і бульбы.

Што датычыцца садавіны, то тут нарыхтоўшчыкам таксама хапае работы. Беларуская садавіна папулярная не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі. Прычым попытам карыстаюцца культуры, якія яшчэ нядаўна былі сапраўднымі экзотамі. Напрыклад, кавун. «Калісьці айчынны кавун быў эксперыментам, а сёння мы бачым яго сярод дасягненняў. Ён не саступае па якасці імпартным аналагам і стаў традыцыйным для беларускага рынку», — падкрэсліла прадстаўніца Белкаапсаюза. Таксама ў шэрагу папулярных — абрыкосы, дыні, вінаград ды розныя сарты сліў

Працягваючы тэму экспарту, Аксана Скіндэр зазначыла, што гэты кірунак дзейнасці быў і застаецца прыярытэтным. Сёлета прадукцыі і сыравіны, закупленай ці перапрацаванай арганізацыямі спажывецкай кааперацыі, было адгружана за мяжу на суму каля 23 мільёнаў долараў (рост — 116,5 %). З іх гародніны і садавіны — на 97 тысяч долараў, мяса буйной рагатай жывёлы — на 15,2 мільёна долараў. Асноўны рынак збыту —Расійская Федэрацыя, наша прадукцыя пастаўляецца ў 27 яе рэгіёнаў. Акрамя таго, пастаўкі ідуць у Казахстан, Кітай, Камбоджу, Тайланд, Азербайджан, В’етнам і іншыя краіны. На экспарт адпраўляюцца як агародніна і садавіна (бульба, буракі, морква, цыбуля, яблыкі), так і ягады (чарніцы, маліны, буякі, чорныя парэчкі), а таксама грыбы і мяса.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю