Нарвежская кампанія 1x Technologies паведаміла, што прымае перадзаказы на свайго першага робата-гуманоіда Neo Gamma — памочніка па хатніх справах. Пра гэта паведаміла БелТА.
«Кампанія 1x з гонарам аб’яўляе аб запуску Neo, першага ў свеце гатовага да выкарыстання гуманоіднага робата, закліканага змяніць жыццё дома. Neo аўтаматызуе паўсядзённыя задачы і прапануе персаналізаваную дапамогу, дазваляючы людзям удзяляць больш часу важным рэчам. Nео ўжо даступны для перадзаказу, першыя заказы пачнуць пастаўляцца пакупнікам у 2026 годзе», — заявіў заснавальнік кампаніі і генеральны дырэктар Бернт Берніх.
У аснове работы Neo ляжыць штучны інтэлект. Робат умее насіць цяжары, выконваць некалькі відаў прыборкі, прыносіць патрэбныя гаспадару рэчы, актываваць гаджэты ў доме, адчыняць дзверы для гасцей, выключаць святло. Яго магчымасці пашыраюцца з кожным абнаўленнем праграмнага забеспячэння, сцвярджае вытворца.
Корпус робата выкананы са спецыяльных 3D-рашэцістых палімерных структур. Рост Neo складае 1,65 м, вага каля 30 кг. Робат здольны падымаць больш як 68 кг і пераносіць амаль 25 кг, а ўзровень шуму складае 22 дБ, што робіць яго цішэй за сучасны халадзільнік. Акрамя таго, Nео абсталяваны ўбудаванымі модулямі сувязі Wi-Fi, Bluetooth і 5G, а таксама трохступеньчатым дынамікам у вобласці таза і грудзей, што дае ўладальнікам убудаваную мабільную хатнюю забаўляльную сістэму.
Ён прадстаўлены ў трох колерах — бэжавым, шэрым і цёмна-карычневым. Прыкладны кошт робата — $20 тыс.