Top.Mail.Ru

Нарошчванне экспарту беларускай малочнай прадукцыі ў Расію абмеркавалі ў Мінсельгасхарчы

У Мінсельгасхарчы разгледзелі пытанні экспарту беларускай малочнай прадукцыі ў Расію, паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу Мінсельгасхарча.


Пашыраную нараду з кіраўнікамі і прадстаўнікамі вядучых прадпрыемстваў малочнай галіны краіны правёў намеснік прэм’ер-міністра па пытаннях дзейнасці Рэспублікі Беларусь у рамках Саюзнай дзяржавы і адносін з Расійскай Федэрацыяй, Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Расіі Аляксандр Рагожнік. Мерапрыемства прайшло на базе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання пры ўдзеле прадстаўнікоў дзяржорганаў і банкаўскай сферы.

«Былі разгледжаны ключавыя пытанні, якія вызначаюць развіццё гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Асаблівая ўвага ўдзелена вынікам работы з расійскімі гандлёвымі сеткамі і перспектывам заключэння прамых дагавораў на пастаўкі беларускай малочнай прадукцыі», — адзначылі ў прэс-службе.

Удзельнікі нарады абмеркавалі варыянты і ўмовы супрацоўніцтва, пытанні лагістыкі, прававое забеспячэнне, фінансава-эканамічныя разлікі, а таксама механізмы фарміравання адпускных цэн на прадукцыю. Не засталіся без увагі пытанні пашырэння наменклатуры пастаўляемых тавараў, нарошчвання аб’ёмаў паставак і вытворчасці ўнікальнай прадукцыі, запатрабаванай на расійскім рынку.

Акцэнт быў зроблены на цэнавай палітыцы, забеспячэнні высокай якасці прадукцыі і арганізацыі экспартных паставак. Аляксандр Рагожнік падкрэсліў, што пасольства Беларусі ў Расіі аказвае садзейнічанне беларускім вытворцам у заключэнні кантрактаў з расійскімі гандлёвымі сеткамі і паставіў задачу актывізаваць работу ў гэтым напрамку. Ён адзначыў, што паспяховае развіццё галіны патрабуе зладжанай работы ўсіх удзельнікаў працэсу і максімальнай канцэнтрацыі намаганняў у дасягненні пастаўленых мэт.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю