Top.Mail.Ru

Народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч прымае віншаванні з юбілеем

Сёння народная артыстка Беларусі Вольга Клебановіч адзначае 80-годдзе — з асабістым святам яе віншуе Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага, у якім яна працуе з 1967 года. Ды і прыхільнікі творчасці павінны звярнуць увагу на спектаклі з удзелам артысткі, якая дагэтуль грае на сцэне. Менавіта на 25 лютага ў праграме запланаваны паказ (ў Рэспубліканскім палацы культуры прафсаюзаў) камедыі «Сэлфі са Склерозам», у якім Вольга Міхайлаўна выканала галоўную ролю Маі Міхайлаўны.


Пра сцэну яна марыла яшчэ са школы — удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. А ў 1962-м годзе паступіла ў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, вучылася на курсе вядомага педагога Уладзіміра Маланкіна. 

Пасля — год працы ў Гродна і вяртанне ў Мінск, дзе яна адразу знайшла свой тэатр, сыграўшы на яго сцэне дзясяткі галоўных роляў. Тэатр для Вольгі Клебановіч быў светам, з якім яна злучылася трывала, і быў святлом, на якое яна ішла не вагаючыся, паставіўшы ў галаву жыцця творчае служэнне. У гэтым адчувала падтрымку і прызнанне: яе прызнавалі найлепшай артысткай году, адзначалі «Крыштальнай Паўлінкай», прысуджалі ёй Дзяржаўную прэмію БССР за працу ў спектаклі «Знак бяды», дзе яна выканала ролю Сцепаніды. А ў 1995-м годзе яна атрымала званне «народная артыстка Беларусі». Вобразы беларускіх жанчын у яе атрымліваліся выразныя, бо яна з маленства бачыла і ведала, чым яны жывуць, як паводзяць сябе ў той ці іншай сітуацыі. 

Але не толькі простых сялянак яна ўвасабляе пераканаўча (як некалі Марылю ў легендарным спектаклі Барыса Луцэнкі «Раскіданае гняздо»), насамрэч яна добра ведае, якімі рознымі могуць быць жанчыны — высакароднымі ды ганарлівымі, кемлівымі ды жартаўлівымі, самотнымі і тымі, якім патрэбная ўвага. 

Хто хоча ў гэтым упэўніцца, то можа паглядзець спектаклі, у якіх Вольга Клебановіч занятая цяпер. Напрыклад, яна — самаўпэўненая барыня-пляткарка Хлястова ў пастаноўцы «Гора ад розуму» паводле Грыбаедава, ці хітраватая Ханума ў спектаклі паводле грузінскага драматурга Цагарэлі, абольбо цешча-жыццялюбка ў камедыі «Гарачыя матулі» (паводле Крыснера). 

А яшчэ ж актрыса запатрабаваная ў кіно. І больш за тое — сама паспрабавала ставіць спектаклі як рэжысёр («Браты Карамазавы» паводле Дастаеўскага і «Месяц у вёсцы» паводле Тургенева). Але галоўны ў яе жыцці — быць актрысай тэатра.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю