Кожнае пытанне, якое датычыцца сітуацыі на спажывецкім рынку, як правіла, аператыўна вырашаецца. Грамадзянам, якія звярнуліся, даюцца тлумачэнні па выніку маніторынгу гандлёвага аб’екта, на які паступіла скарга.
Напрыклад, ад жыхара сталіцы паступіла нараканне на некарэктнае ўнясенне ў сістэму цаны за 1 кг сыру, у сувязі з чым на касе была няправільна разлічана выніковая сума набытага тавару. Сітуацыя ўрэгулявана: розніца ў кошце сыру грамадзяніну аператыўна была вернутая.
Сярод іншых пытанняў — адсутнасць айчынных тавараў пэўных вытворцаў, адсутнасць цэннікаў на асобную прадукцыю ў некаторых гандлёвых аб’ектах, а таксама кансультацыйныя пытанні, напрыклад, як вярнуць тавар у інтэрнэт-краму. У кожным выпадку прафсаюзныя спецыялісты імкнуцца максімальна высветліць, растлумачыць і вырашыць сітуацыю.
— У большасці выпадкаў усе пытанні аператыўна ўдаецца вырашыць. Выязджаючы па звароце ў гандлёвую кропку, прафсаюзныя спецыялісты працуюць ва ўзаемадзеянні з адміністрацыяй магазінаў. Калі сігнал датычыцца, напрыклад, рэалізацыі няякаснай прадукцыі, пратэрмінаванага тавару, то спецыялісты звяртаюць на гэта ўвагу, і ў той жа дзень гэты тавар прыбіраецца з прылаўкаў магазінаў. У асобных выпадках патрабуецца інфармаваць санітарныя службы. Напрыклад, падчас маніторынгу ў адным з магазінаў, на які былі нараканні наконт рэалізацыі пратэрмінаванай замарожанай рыбы, спецыяліст не толькі пацвердзіла гэты факт, але і заўважыла яшчэ некалькі тавараў са скончаным тэрмінам прыдатнасці. У гэтым выпадку праінфармаваны органы па кампетэнцыі. Сітуацыя ўзятая на кантроль, — расказалі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў.
Таксама ў прафсаюзныя грамадскія прыёмныя паступае нямала зваротаў наконт адсутнасці або якасці агародніны, у прыватнасці бульбы. Такія нараканні ёсць практычна з кожнага рэгіёна. Дарэчы, дадзеную праблему прафсаюзы агучвалі і на Нацыянальным савеце па працоўных і сацыяльных пытаннях, інфармавалі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Сёння для вырашэння сітуацыі з наяўнасцю і якасцю гэтай прадукцыі задзейнічаны ўсе зацікаўленыя.
Нагадаем, што з красавіка 2025 года прафсаюзныя грамадскія прыёмныя сталі штотыднёвымі. Ва ўсіх абласных і Мінскім гарадскім аб’яднаннях прафсаюзаў спецыялісты кожны чацвер з 11.30 да 20.30 гатовы асабіста прымаць заўвагі і прапановы па ўдасканаленні сітуацыі на рынку тавараў або паслуг. Падрабязная інфармацыя аб месцы правядзення грамадскіх прыёмных размешчана на афіцыйным інтэрнэт-партале ФПБ, праз які таксама можна пакінуць электронны зварот праз спецыяльную анлайн-форму.