Напярэдадні навагодніх свят мы накіраваліся па прысмакі на сталічную Камароўку. Гандлёвыя рады напоўніліся водарам цытрусавых, а галоўным сімвалам зімовых пакупак, безумоўна, застаюцца мандарыны — у самым шырокім выбары і цэнавым дыяпазоне.
Адразу пры ўваходзе на рынак сустракаем мінчанку Алену. Яна добразычліва ўсміхаецца і кажа: «Сюды перад Новым годам ходзім штогод. Тут заўсёды адчуваецца свята: пах мандарынаў, выбар вялікі, можна параіцца з прадаўцамі». Алена, калі гаворка зайшла пра цэны, адзначае: «Цэны розныя, можна падабраць на любы кашалёк. Асабліва прыемна, што ёсць і бюджэтныя мандарыны, і больш дарагія — для святочнага стала». Каб праверыць словы Алены, мы праходзім у самае сэрца рынку — тут можна знайсці ўсё. На першых прылаўках пакупнікам прапаноўваюць мандарыны з Турцыі і Італіі па цане ад 4,50 да 5 рублёў за кілаграм, ківі — каля 4,50 рубля, а таксама хурму з Іспаніі — ад 4,90 да 5,90 рубля. Побач можна знайсці айву з Турцыі за 7,90 рубля і лімоны па 5 рублёў. На іншых гандлёвых месцах кошты вышэйшыя: італьянскія мандарыны — да 9,90 рубля за кілаграм, абхазскія — каля 6,90, а гранаты з Азербайджана і Сірыі каштуюць ад 11,90 да 12,90 рубля.
Асабліва прыцягваюць увагу прылаўкі з шырокім асартыментам: тут побач з мандарынамі з Турцыі можна ўбачыць апельсіны з Іспаніі, вінаград з Малдовы, манга з Кітая, авакада з Ізраіля і лімоны з Егіпта. Хурма прапаноўваецца ў розных цэнавых катэгорыях — ад 4,90 да 7,90 рубля за кілаграм, што дазваляе пакупнікам выбіраць у залежнасці ад сорту і якасці.
Для тых, хто шукае экзотыку, Камароўцы таксама ёсць што прапанаваць: пітайя з В’етнама і Кітая, памэла, грэйпфрут, чэрымоя (фрукт па форме нагадвае вялікую ягаду клубніцы, па выглядзе — шышку) і маракуя. Праўда, цэны тут значна вышэйшыя. Напрыклад, маракуя можа каштаваць да 70 рублёў за кілаграм, а асобныя плады прадаюцца па 9-10 рублёў за штуку.
Пакупніца Святлана стаіць каля самага экзатычнага прылаўка і прызнаецца: «Бяру мандарыны толькі тут: яны сапраўды духмяныя. У крамах такога водару няма. Здзіўляе асартымент. Сёння ўпершыню звярнула ўвагу на „кітовую ікру“ — не чакала ўбачыць такое на рынку». Пра цэнавы дыяпазон яна не перажывае і стаічна прымае ўсе выклікі рынку: «Падабаецца, што можна параўнаць цэны адразу на некалькіх прылаўках і выбраць найлепшы варыянт. Гэта жывы рынак, а не проста пакупка».
У мінскіх крамах жа цэны выглядаюць больш стрыманымі: клеменціны можна знайсці за 8,99 рубля за кілаграм, хурму — каля 7,49, а ў іншых выпадках мандарыны і памэла могуць каштаваць каля 4-5 рублёў за кіло. Але на рынку, напэўна, і праўда больш колераў, водараў і чакання свята.
Што ж за «кітовая ікра», якая прыцягвае ўвагу пакупнікоў як назвай, так і, напэўна, цаной? Ідзём шукаць.
Насамрэч, нягледзячы на тое, што кіты млекакормячыя, ікра ў іх ёсць. Але працэс і рэгламентаванасць яе здабычы робяць гэты далікатэс адным з самых дарагіх у свеце.
На рынку ж прадаецца ікра кеты (але пагадзіцеся, які маркетынгавы ход — назваць яе кітовай, а хто там будзе разбірацца, праз «е» ці праз «і» пішацца). Кетовая ікра — самая буйная сярод ікры чырвонай рыбы, таму яна таксама лічыцца далікатэсам, але больш даступным, прадстаўлена адразу на некалькіх прылаўках. Найчасцей сустракаецца фасоўка па 200 грамаў — цэны вагаюцца ад 90 да 100 рублёў. На адным з гандлёвых месцаў такую ікру прапануюць за 95 рублёў, на іншым — за 90, а ў асобных цана дасягае 100 рублёў. Больш кампактная фасоўка — 140 грамаў — каштуе танней: ад 65 да 70 рублёў у залежнасці ад прадаўца.
Розніца ў цэнах тлумачыцца як аб’ёмам, так і пастаўшчыком, аднак у цэлым «кітовая ікра» застаецца адным з самых дарагіх дэлікатэсаў на Камароўцы. Яе часцей набываюць як святочны прадукт — да навагодніх закусак або ў якасці гастранамічнага эксперыменту. (Прычым, падазраём, што гасцям яна падаецца менавіта як «кітовая».)
Зрэшты, якая розніца, як і што называецца? Галоўнае, каб пакупкі былі з добрым настроем, а за святочным сталом сабраліся самыя дарагія людзі.
Міхаіл Данілковіч