Top.Mail.Ru
87

Напярэдадні Дня Канстытуцыі навучэнцы з 10 каледжаў сустрэліся ў сталіцы на прававым турніры

Рэспубліканскі інтэлектуальна-прававы турнір «Пабудуй права» прымеркаваны да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Арганізатарам выступіў Беларускі прафсаюз работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў. Спаборніцтвы прайшлі на базе Мінскага дзяржаўнага каледжа рамесніцтва і дызайну імя М. А. Кедышкі.

У турніры прынялі ўдзел 40 навучэнцаў з 10 каледжаў з розных рэгіёнаў краіны, якія вучацца на будаўнічых спецыяльнасцях.

Мерапрыемства накіравана на павышэнне прававой граматнасці навучэнцаў. Дарэчы, удзельнікі турніру — будучыя выпускнікі. І ўжо зусім хутка маладым людзям трэба пачынаць сваю прафесійную дзейнасць. Таму тэматыка інтэлектуальнага спаборніцтва ўключала не толькі праверку ведаў Асноўнага Закона краіны, але і пытанні, якія датычацца працоўных правоў і гарантый маладых спецыялістаў.

Як адзначыў старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Дзмітрый Прасвіракоў, такія мерапрыемствы дапамагаюць будучым спецыялістам не толькі лепш арыентавацца ў прававых пытаннях, але і больш упэўнена ўступаць у працоўнае жыццё.

— Турнір — важная ініцыятыва, накіраваная на развіццё правасвядомасці сярод моладзі. Вельмі важна, каб маладыя спецыялісты ўжо на старце прафесійнага шляху ведалі не толькі свае правы, але і свае абавязкі. Разуменне прававых асноў дапаможа маладым людзям быць больш упэўненымі ў сабе, а атрыманыя веды ў далейшым дапамогуць выбудаваць канструктыўныя і паважлівыя адносіны з будучымі наймальнікамі, — дадаў Дзмітрый Прасвіракоў. — Падобныя мерапрыемствы спрыяюць умацаванню прафесійных і сяброўскіх сувязяў паміж навучальнымі ўстановамі, аб’ядноўваюць будучых спецыялістаў будаўнічай галіны.

Турнір прайшоў у фармаце каманднага спаборніцтва і ўключаў праходжанне двух асноўных тураў. Першы — тэставыя заданні. Другі — адкрытыя пытанні. На гэтым этапе кожны з удзельнікаў меў магчымасць раскрыцца і выказаць сваё меркаванне па зададзенай тэме. Акрамя таго, фармат прававога турніру дае магчымасць не проста праверыць тэарэтычныя веды, але і абмеркаваць практычныя сітуацыі, з якімі маладыя спецыялісты могуць сутыкнуцца на працоўным месцы.

— Навучэнцы праявілі жывую цікавасць да конкурсу, — падкрэсліла член журы, прававы інспектар працы Гомельскай абласной арганізацыі галіновага прафсаюза Надзея Шумак. — Падобныя інтэлектуальна-прававыя турніры дапамагаюць хлопцам і дзяўчатам адчуць сябе абароненымі і ўпэўненымі ў заўтрашнім дні. Для навучэнцаў гэта выдатная магчымасць удасканаліць юрыдычную дасведчанасць.

Так, пераможцамі прававога турніру «Пабудуй права» стала каманда Мазырскага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў. На другім месцы апынулася каманда прымаючага боку — Мінскага каледжа рамесніцтва і дызайну. Трэцяе месца занялі навучэнцы Магілёўскага каледжа будаўніцтва імя А. П. Старавойтава.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю