Top.Mail.Ru

Напярэдадні 8 Сакавіка Палац Незалежнасці з экскурсіяй наведалі прадстаўніцы прыгожага полу

«У захапленні ад убачанага я буду яшчэ доўга!»

Да Дня жанчын рэзідэнцыя Прэзідэнта зноў адчыніла свае дзверы для беларусаў. У мінулы аўторак са святочнай нагоды ў Палацы Незалежнасці было дзве экскурсіі запар. На гэты раз экскурсантамі сталі нашы жанчыны, якія старанна працуюць у сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, а таксама беларускі, якія ўносяць важкі ўклад у развіццё беларускай вёскі. Яркія прадстаўніцы розных прафесій ацанілі такі падарунак ад Прэзідэнта — магчымасць дакрануцца да гісторыі сваёй краіны, ацаніць убранне, стыль і велічнасць пляцоўкі, дзе практычна кожны дзень пішацца гісторыя незалежнай Беларусі.

Экскурсія як сімвал поспеху

Наталля ГЕРАСЬКА — мінчанка. Жанчына ўжо больш за 16 гадоў працуе рабочым па комплексным прыбіранні і ўтрыманні домаўладанняў у ЖЭУ № 4 Савецкага раёна. На думку Наталлі Валер’еўны, магчымасць наведаць Палац Незалежнасці, пабываць у залах, дзе працуе кіраўнік дзяржавы, ацаніць ужывую зімовы сад і музей, дзе захоўваюцца падарункі беларускаму лідару як ад замежных калег, сусветна вядомых асоб, так і ад суайчыннікаў, — гэта не толькі прыемны падарунак ад Прэзідэнта да Дня жанчын, але і падзяка нашым жанчынам за сумленную працу на карысць Радзімы. «Беларусы аб’ядналіся гэтай зімой, калі нас накрыў цыклон „Улі“, — сказала жанчына. — Мы прыкладна ведалі, дзякуючы прагнозам нашых сіноптыкаў, што чакаецца няпростая пара. Рыхтаваліся да гэтага ўсім калектывам. У прыватнасці, у поўнай гатоўнасці былі сродкі малой механізацыі. Потым у ход ішлі ўсе магчымыя! Але самае прыемнае — гэта гатоўнасць людзей выйсці дапамагаць адказным службам змагацца з непагаддзю. Суайчыннікі выходзілі сем’ямі, бралі з сабой дадаткова цёплую вопратку, гарачы чай. Мы працавалі на карысць сталіцы з раніцы да ночы! І тое, што я цяпер тут, — напэўна, падзяка!»


Для жанчыны вельмі важна адчуваць, што яе намаганні не застаюцца не заўважанымі, прызнаецца суразмоўніца. «Я ў Палацы Незалежнасці ўпершыню, — адзначыла Наталля. — Вельмі ганаруся сваёй краінай, Прэзідэнтам. Палац — як сімвал усяго таго цудоўнага, што ёсць у Беларусі. Нам падчас экскурсіі расказалі, што пераважна ўсё тут зроблена з беларускіх матэрыялаў беларускімі майстрамі! Я ў захапленні ад убачанага буду яшчэ доўга!»

Пабываць у рэзідэнцыі Прэзідэнта на экскурсіі ў пачатку Года беларускай жанчыны — не проста прыемны падарунак, але і сімвал поспеху ў будучыні, упэўнена аграном Вольга ГРОМ з Брэста.

«Я нават не думала, што калі-небудзь стану госцяй такой статуснай пляцоўкі, — адзначыла дзяўчына. — Калі мы гулялі па залах палаца, Прэзідэнт працаваў зусім побач з намі. Ад гэтага захоплівала дух і распіраў гонар! Нас, беларускіх жанчын з усёй краіны, запрасілі сюды. Няўжо гэта магчыма?»

Аказалася, магчыма. Нягледзячы на тое, што Палац Незалежнасці — пляцоўка знакавая, яна ніколі не была адасобленай — гэта ідэя і рашэнне беларускага лідара.

Ацаніла наша суразмоўніца не толькі маштаб палаца, але і зімовы сад. Тэма раслін для яе блізкая па родзе дзейнасці. «Мы займаемся вырошчваннем кветак для горада Брэста, адкуль я родам і куды вярнулася пасля вучобы, — падзялілася Вольга. — Тут, у Палацы Незалежнасці, цудоўная аранжарэя пад шкляным купалам, на якую я асабліва звярнула ўвагу. І наогул, тут усюды вельмі прыгожа!»

«На Прэзідэнта трэба раўняцца»

Здымшчык доўгага валакна ААТ «Карэлічы-Лён» участка «Ліда» Алена ШУШКО таксама сярод запрошаных гасцей. Жанчына адданая выбранай прафесіі ўжо больш за 40 гадоў. Алена Віктараўна нават у 2025 годзе была ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі», пра што гаварыла даволі сціпла, але мы разумеем, ганарыцца ёсць чым. «Вельмі ўдзячная за тое, што ўбачылі і адзначылі маю працу, — гэта словы жанчыны, адрасаваныя ў першую чаргу Прэзідэнту. — Менавіта дзякуючы дазволу Аляксандра Рыгоравіча мы тут».

Наша суразмоўніца — яшчэ і шматдзетная маці, і бабуля шасцярых унукаў, якім імкнецца перадаць любоў да справы, да Радзімы, з якімі абавязкова падзеліцца сваімі ўражаннямі ад убачанага падчас экскурсіі.


«Я не чакала, што на старасці гадоў траплю сюды, — прызналася жанчына. — Сачу за дзейнасцю Прэзідэнта па навінах, бачыла не адзін раз Палац Незалежнасці, але ўжывую — гэта зусім іншае!»

Данута СУБАТКЕВІЧ больш за 37 гадоў працуе ў Астравецкай цэнтральнай раённай клінічнай бальніцы ўрачом-тэрапеўтам. У 2010 годзе наша суразмоўніца была ўзнагароджана медалём «За працоўныя заслугі». «Я ўважліва сачу за дзейнасцю Аляксандра Рыгоравіча, — адзначыла Данута Раманаўна. — Ён мяне натхняе на працу, дае запал і энергію. На Прэзідэнта трэба раўняцца. І гэта ўзнагарода ад яго — вельмі хвалюючая і вельмі значная для мяне асабіста. Як і экскурсія, на якой я сёння пабывала».

Яна ВАЛАСАЧ

фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю