Раптоўная праверка ва Узброеных Сілах, якая праводзіцца па даручэнні Прэзідэнта Беларусі, працягваецца. Байцы 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады адпрацавалі дзеянні на вузле супраціўлення ў Валожынскім раёне, паведаміла БелТА.
Перад заняццем вузла супраціўлення вайскоўцы здзейснілі шматкіламетровы марш з палігона ў Барысаўскім раёне, дзе з падраздзяленнем праходзілі заняткі. «Падчас маршу ўмоўны праціўнік з засад нападаў на нас, атакі мы адбілі. Асабовы склад праяўляе сябе стойка, умела спраўляецца з пастаўленымі задачамі. Людзі зараджаныя», — адзначыў камандзір мотастралковай роты Данііл Быкаў.

Супрацоўнік Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі Аляксандр Сцепанюк расказаў пра тое, што пасля прыбыцця ў раён камандзір роты арганізаваў работу па падрыхтоўцы агнявых пазіцый, стварэнні сістэмы агню і інжынерных загарод. «У гэты час праціўнік актыўна вёў паветраную разведку. Гэта было выкрыта сіламі як роты, так і дададзенымі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы. Пасля праведзенай разведкі ў начны час умоўны праціўнік сіламі дыверсійна-разведвальных груп перайшоў да актыўных спроб знайсці слабыя месцы ў абароне, прарваць яе і захапіць ротны апорны пункт. Гэта паўтаралася на працягу ночы з розных напрамкаў. Хачу сказаць, што рота дзейнічала паспяхова, кіраванне ажыццяўлялася пастаянна і своечасова», — падкрэсліў Аляксандр Сцепанюк.

Пасля начных дзеянняў праціўнік не спыняў спробаў намацаць слабыя месцы і прарваць абарону, але байцы роты паспяхова адбілі нападзенне. «Нягледзячы на тое, што ва ўмоўнага праціўніка былі розныя віды ўзбраення, выкарыстоўваліся і беспілотныя лятальныя апараты, рота справілася ўпэўнена і не дапусціла прарыву на гэтым напрамку», — рэзюмаваў супрацоўнік Дзяржаўнага сакратарыята Савета Бяспекі.

Як паведамляла БелТА, маштабная праверка Узброеных Сіл па даручэнні кіраўніка дзяржавы пачалася яшчэ 16 студзеня. Аляксандр Лукашэнка трымае на асабістым кантролі яе ход. Выпрацавана новая сістэма, пры якой Прэзідэнт, абмінаючы Міністэрства абароны і Генеральны штаб, прыводзіць у баявую гатоўнасць воінскія часці. Першачарговая мэта такой праверкі — убачыць аб’ектыўную карціну. Менавіта таму мерапрыемствы носяць раптоўны характар.