Нацыянальная акадэмія навук Беларусі і расійская кампанія «Амехім» прапрацуюць пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння і рэалізацыі сумесных навуковых праектаў у сферы фармацэўтыкі, у тым ліку вытворчасці лекавых прэпаратаў і субстанцый. Пра гэта ішла размова сёння на сустрэчы намесніка Старшыні Прэзідыума НАН Беларусі Аляксея Труханава з генеральным дырэктарам ТАА «Амехім» Андрэем Калакольцавым, паведамілі ў прэс-службе НАН.
Бакі адзначылі ўзаемную цікавасць у далейшым развіцці ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва і актывізацыі двухбаковых кантактаў.
Візіт расійскай дэлегацыі ТАА «Амехім» у Мінск праходзіць з 9 па 10 сакавіка. Праграма іх знаходжання ўключае наведванне акадэмічных устаноў і прадпрыемстваў, у тым ліку Інстытута фізіка-арганічнай хіміі, Інстытута біяарганічнай хіміі, «Акадэмфарма».