Адбылася рабочая сустрэча першага намесніка міністра ўнутраных спраў Юрыя Назаранкі з дэлегацыяй Штаба Місіі наглядальнікаў ад СНД на чале з яго кіраўніком Леанідам Анфімавым.
Бакі абмеркавалі актуальныя пытанні, якія ўваходзяць у кампетэнцыю МУС пры падрыхтоўцы і правядзенні бягучай выбарчай кампаніі. У прыватнасці, Юрый Назаранка падкрэсліў, што з улікам зробленых высноў у 2020 годзе ў заканадаўчую базу ўнесены шэраг змяненняў, у тым ліку накіраваных на барацьбу з экстрэмізмам і тэрарызмам.
Першы намеснік міністра расказаў аб аснашчэнні кожнага выбарчага ўчастка сістэмай відэаназірання, а таксама падкрэсліў, што пры ўзнікненні няштатных сітуацый будуць задзейнічаны мабільныя групы і групы хуткага рэагавання.
-- Прыняты ўсе меры па забеспячэнні бяспекі, праведзены разлік сіл і сродкаў, адбыліся маштабныя камандна-штабныя трэніроўкі, заняткі. Асабісты склад гатовы да выканання задач! – падкрэсліў Юрый Назаранка.
Па словах першага намесніка Генеральнага сакратара выканкама СНД Леаніда Анфімава, наглядальнікі пачалі работу на выбарах Прэзідэнта Беларусі 18 снежня. Місія стала 13-й па ліку ў нашай краіне і 130-й -- на тэрыторыі Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
-- За ўвесь час працы Місіі ў Беларусі ў нас не было сур'ёзных нараканняў і заўваг наконт парушэнняў унутранага заканадаўства, якое рэгулюе выбары, а таксама міжнародных нормаў і правілаў, -- падсумаваў Леанід Анфімаў.
Фота прэс-службы МУС