На выстаўцы прадстаўлены 18 работ, выкананых ва ўнікальнай тэхніцы традыцыйнага роспісу па шкле, якая з 2023 года ўваходзіць у Дзяржаўны спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.

Па словах старшыні Беларускага саюза жанчын Вольгі Шпілеўскай, мэта выстаўкі — даць людзям з асаблівасцямі развіцця магчымасць рэалізаваць сябе, раскрыць творчы патэнцыял. «Работы хлопчыкаў і дзяўчынак напоўнены асаблівым святлом, цяплом, асаблівым стаўленнем да свету — для нас гэта сёння асабліва важна», — падкрэсліла старшыня БСЖ.
Кіраўнік студыі «Папараць» Таццяна Зданевіч адзначыла, што ўсе аўтары карцін самастойна выбіралі тэматыку і стваралі эскізы будучых работ. «Ганаруся тым, што кожны з нашых рабят змог выканаць пастаўленую задачу ад пачатку да канца», — адзначыла кіраўнік студыі.

Выхаванцы студыі «Папараць» не раз станавіліся лаўрэатамі рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. Пры выкананні работ яны прытрымліваюцца старадаўняй тэхнікі роспісу, выкарыстоўваюць пяро і контуры тушшу, заліўкі акварэллю і гуашшу. У сваіх карцінах юныя мастакі дзеляцца з навакольнымі цяплом душы і ўнутраным святлом, паказваючы свет такім, якім яго адчуваюць.
Лізавета МАЛЬЧУК