Адыходзячы спартыўны год быў зусім няпросты. Але ўсё ж такі даў нагоды для гонару і яшчэ раз даказаў, што беларускія спартсмены нават у самых складаных умовах не губляюць баявога духу. Тых, хто сёлета праславіў краіну, парадаваў балельшчыкаў і засмуціў сапернікаў, ушанавалі падчас уручэння прэміі Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Урачыстае мерапрыемства, якое прайшло ў Мінску, сабрала наймацнейшых спартсменаў, найлепшых трэнераў, дасведчаных службовых асоб.
Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка, які ўдзельнічаў у цырымоніі, адзначыў: «Адыходзячы год паказаў, што, нягледзячы на несправядлівы ціск і перашкоды з боку міжнародных спартыўных арганізацый, спорт у нашай краіне працягвае развівацца. Мы годна выступілі на Гульнях у Парыжы нават ва ўсечаным складзе. Чатыры медалі на Алімпіядзе і сем медалёў на Паралімпіядзе чарговы раз прадэманстравалі свету, што Беларусь — спартыўная краіна». Кіраўнік урада звярнуў увагу, што ў 2024 годзе беларускія атлеты паспяхова выступалі на чэмпіянатах Еўропы і свету, на Гульнях БРІКС. «Поспехі нашых атлетаў натхняюць і маладое пакаленне, дзецям, якія прыйшлі ў спартыўныя секцыі, ёсць на каго раўняцца. Сіла волі нашых спартсменаў і іх уменне пераадольваць цяжкасці натхняюць усіх нас без выключэння. Будзем чакаць новых перамог у надыходзячым годзе», — адзначыў Раман Галоўчанка. Ён звярнуў увагу, што поспехі ў спорце сталі магчымымі дзякуючы пільнай увазе да гэтай сферы з боку дзяржавы.
Герояў года вызначалі ў шасці намінацыях. Найлепшым спартсменам прызнаны Іван Літвіновіч, алімпійскі чэмпіён па скачках на батуце, у Парыжы ён стаў першым двухразовым алімпійскім чэмпіёнам у гэтым відзе спорту. Званне найлепшай спартсменкі краіны раздзялілі сярэбраны прызёр Алімпіяды па скачках на батуце Віялета Бардзілоўская і найлепшая тэнісістка планеты Арына Сабаленка. Галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па скачках на батуце Вольга Уласава прызнана найлепшым трэнерам. У намінацыі «Прарыў года» перамог сярэбраны прызёр Гульняў у Парыжы Яўген Залаты. Паралімпійскі чэмпіён Ігар Бокій удастоены намінацыі «За адданасць алімпійскаму руху». Нацыянальная зборная па пляжным футболе, якая сёлета заняла чацвёртае месца на чэмпіянаце свету, прызнана па выніках года найлепшай камандай.
«Алімпійскія і паралімпійскія ўзнагароды ў Парыжы, медалі на найбуйнейшых сусветных і еўрапейскіх форумах — гэта сімвал нашай стойкасці, мужнасці, імкнення да дасканаласці і ўмення аб’ядноўвацца, — адзначыў Прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Лукашэнка. — Няхай гэтыя медалі стануць напамінам аб тым, што няма нічога немагчымага, калі ты верыш у свае сілы і рухаешся да сваёй мэты». Віктар Лукашэнка падкрэсліў, што Прэмія Нацыянальнага алімпійскага камітэта можа стаць традыцыйнай.