Top.Mail.Ru

Надвор'е: Мяняем басаножкі на валёнкі?

Усе разлічвалі, што цяпло да нас прыйшло ўсур’ёз і надоўга. Але дарэмна. Як паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, на выхадныя да нас нечакана наляціць паветра арктычнага паходжання.


У пятніцу ўмовы надвор’я ў Беларусі будзе вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, днём у паўночных раёнах адаб’ецца ўплыў больш халоднай паветранай масы. Аднак усё роўна будзе цёпла. Чакаецца невялікая воблачнасць, без ападкаў. Вецер заходні, паўночна-заходні, уначы слабы, удзень умераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра ноччу ад нуля да плюс 6 °С, месцамі па краіне да плюс 8 °С. Днём сонца разагрэе нас па максімуме — будзе ад плюс 15 да 21 °С, па поўначы Беларусі яна складзе плюс 12–14 °С.

Змена цеплыні на халадэчу адбудзецца ўжо 5 красавіка. У суботу адаб’ецца ўплыў франтальных раздзелаў, якія ссоўваюцца з боку поўначы Еўропы. А ўслед за імі ў Беларусь пачнуць паступаць арктычныя паветраныя масы. Ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы галалёд. Вецер паўночнай чвэрці парывісты, удзень месцамі, а на захадзе ў многіх раёнах моцны парывісты. Тэмпература паветра мінімальная ноччу ад мінус 2 °С па паўночным захадзе да плюс 7 °С па паўднёвым усходзе краіны. У гэтыя суткі панізіцца максімальная тэмпература і днём, яна складзе плюс 1 — плюс 7 °С, у паўднёва-ўсходніх раёнах — плюс 8 — плюс 10 °С.

У нядзелю нас чакае жудасная сінаптычная карусель. У гэты дзень надвор’е будуць вызначаць атмасферныя франты ад цыклону з цэнтрам над Бранскай вобласцю. Ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём пераважна па паўднёва-ўсходняй палове краіны пройдуць ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, па паўднёвым усходзе Беларусі ноччу і раніцай з дажджом. Месцамі па паўднёвым усходзе краіны чакаюцца моцныя ападкі, мяцеліца, наліпанне мокрага снегу і слабы галалёд. Ноччу і раніцай месцамі на дарогах галалёдзіца. Вецер паўночнай чвэрці парывісты, у многіх раёнах краіны моцны, парывісты. Тэмпература паветра ўначы стане апускацца ад мінус 1 да мінус 7 °С, у паўднёва-ўсходніх раёнах — ад нуля да плюс 2 °С. 

Часткова марозная тэмпература чакаецца і днём, калі максімум будзе ад мінус 2 да плюс 4 °С.

У панядзелак «зімовая рапсодыя» ў нас працягнецца. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць ападкі (у асноўным снег, мокры снег), ноччу месцамі па ўсходзе моцныя. У асобных раёнах слабыя мяцеліца і галалёд, на дарогах галалёдзіца. Месцамі прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі 15–18 м/с. Тэмпература паветра ўначы ад нуля да мінус 7 °С, максімальная днём — ад мінус 1 да плюс 6 °С.

У аўторак на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным снег, мокры снег. У асобных раёнах можа быць слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы ад нуля да мінус 7 °С, удзень — ад нуля да плюс 7 °С.

У сераду днём пацяплее, але ўначы замаразкі будуць максімальна суровымі. Уначы месцамі, а днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя ападкі ў выглядзе снегу, мокрага снегу, днём магчымы дождж. У асобных раёнах прагназуецца слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы мінус 2–9 °С, удзень — плюс 1–8 °С.

Сяргей КУРКАЧ

У тэму

Ледзяныя ападкі і мокры снег могуць нанесці сур’ёзны ўрон пладовым культурам. Ёсць некалькі спосабаў абароны раслін, яны будуць зручныя для дачнікаў.

Маладыя пасадкі і невысокія хмызнякі выратуюць каркасы над імі. Галоўнае — надзейна замацаваць апоры ў грунце і як след прымацаваць тканіну, каб яе не здзьмула моцным парывам ветру. На ўладкаванне падобных канструкцый не заўсёды ёсць час, а таму пасля моцных снегападаў рэкамендуецца не адкладаць паездку на дачны ўчастак для выратавання дрэў.

Ледзяны дождж — яшчэ адна прычына зламаных у садзе галінак. Такія ападкі здольныя на працягу кароткага часу пакрыць усё скарынкай лёду. Калі прыродны катаклізм усё ж здарыўся, то раслінам можна дапамагчы адным з наступных спосабаў: старым дрэвам пад галіны, пакрытыя лёдам, ставяць апоры; у іглічных і хмызнякоў пры неабходнасці галінкі асцярожна распростваюць і звязваюць разам. Рукамі можна сагрэць ледзяную скарынку ў маладых саджанцаў, галоўнае — не распростваць галінкі, каб не зламаць іх.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю