Як паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, нас чакаюць сур’ёзныя сінаптычныя змены. У найбліжэйшыя суткі і на выхадныя надвор’е карэнным чынам сапсуецца.
У пятніцу ўмовы надвор’я ў Беларусі будуць вызначаць атмасферныя франты ад цыклону, які ссоўваецца паблізу ад паўночна-заходніх меж нашай краіны. Паступае халодная паветраная маса. Воблачна з праясненнямі. Ноччу і раніцай на большай частцы тэрыторыі краіны, днём пераважна па паўночнай палове краіны пройдуць ападкі ў выглядзе дажджу, які пераходзіць у мокры снег.
Ноччу месцамі па паўночным захадзе Беларусі чакаюцца моцныя дажджы. У начныя і ранішнія гадзіны ў асобных раёнах слабы галалёд. Вецер паўднёвы з пераходам на заходні, паўночна-заходні парывісты, ноччу і раніцай у многіх раёнах, днём па ўсходзе краіны моцны парывісты. Тэмпература паветра на працягу сутак складзе ад плюс 1 па паўночным захадзе да плюс 11 °С па паўднёвым усходзе, ноччу ў паўночна-заходніх раёнах ад нуля да мінус 3 °С. Атмасферны ціск ноччу будзе слаба падаць, раніцай і днём інтэнсіўна расці.
У суботу паўночна-заходнія і цэнтральныя раёны краіны будуць знаходзіцца ў вобласці павышанага атмасфернага ціску, у паўднёвых і паўднёва-ўсходніх раёнах краіны ўмовы надвор’я будзе фарміраваць актыўная сістэма атмасферных франтоў, якія перамяшчаюцца з паўднёвага захаду Еўропы.
А следам на нашу краіну насоўваюцца «рэшткі» зімы. Будзе воблачна з праясненнямі, пераважна па паўднёва-ўсходняй палове краіны пройдуць ападкі ў выглядзе мокрага снегу і дажджу.
У ноч на нядзелю замаразкі ўзмоцняцца. У гэтыя суткі надвор’е ў асноўным будзе фарміраваць вобласць павышанага атмасфернага ціску, толькі днём па поўначы краіны адаб’ецца ўплыў франтальнага падзелу, які ссоўваецца з Рыжскага заліва. Пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў, толькі днём месцамі па поўначы краіны пройдуць невялікія кароткачасовыя ападкі ў выглядзе дажджу і мокрага снегу. Ноччу і раніцай на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер няўстойлівы ўмераны, удзень месцамі на поўначы парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 3 да мінус 9 °С, па паўднёвым усходзе краіны яна складзе мінус 1–2 °С. А вось днём стане крыху цяплей — ад плюс 2 да 8 °С.
Сяргей КУРКАЧ
Дарэчы
Пры моцным ветры і наліпанні мокрага снегу ўзнікаюць такія фактары небяспекі, як пашкоджанне або абрыў ліній сувязі і электраперадачы, адключэнне электрычных падстанцый, электраэнергіі ў населеных пунктах, паведамляюць у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях. Таксама існуе рызыка пашкоджання або абвальвання слаба ўмацаваных канструкцый, дахаў будынкаў, збудаванняў, падзення дрэў. З-за зніжэння бачнасці магчыма цяжкасць руху транспарту, а таксама павелічэнне верагоднасці ўзнікнення ДТЗ.
Мокры снег, які выпадае пры станоўчай тэмпературы паветра, прыліпае да гладкіх сцен, галін і да дроту. Снег, які растае, назапашваецца з прычыны ліпкасці, на прадметах у выглядзе вісячага снежнага камяка. Наліплы снег робіць неадметнымі знакі сігналізацыі, дзейнічае сваім цяжарам разбуральна на тонкія разгалінаваныя прадметы (драты, дрэвы) або прыводзіць да іншых шкодных наступстваў.
Покрыва мокрага снегу, які ўтрымліваецца на прадмеце толькі з прычыны сваёй ліпкасці і знаходзіцца быццам бы ў вісячым становішчы, з’яўляецца адной з формаў абледзянення прадметаў. А вялікае наліпанне мокрага снегу можа прывесці да сапраўднага бедства!
Пры наліпанні мокрага снегу будзьце асцярожнымі на вуліцы, звяртайце ўвагу на цэласнасць паветраных ліній электраперадачы. Не выкарыстоўвайце электранагравальныя прыборы для абагравання памяшканняў — гэта можа прывесці да максімальных нагрузак на электраправодку і яе ўзгаранне. Замацуйце слаба ўмацаваныя канструкцыі на сваіх падворках, іх разбурэнне можа прывесці да траўміравання людзей.