«Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю». Змены, адлюстраваныя ў законапраекце, былі падрыхтаваны ў планавым парадку з улікам напрацаванай практыкі і накіраваны на ўмацаванне эканамічнай бяспекі краіны. Як падкрэсліў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Васіль ГЕРАСІМАЎ, прадстаўляючы праект закона, дакумент адпавядае задачам, пастаўленым кіраўніком дзяржавы: зрабіць работу органаў Камітэта дзяржкантролю яшчэ больш эфектыўнай.
«Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні рэспубліканскага бюджэту за 2025 год». Міністр фінансаў Уладзіслаў ТАТАРЫНОВІЧ, прадстаўляючы праект закона, адзначыў, што летась у рэспубліканскі бюджэт паступіла 50,4 мільярда рублёў даходаў, або на 5,8 мільярда рублёў больш, чым годам раней. «Бюджэт выконваўся ва ўмовах, якія нельга назваць простымі, але да якіх эканоміка і фінансавая сістэма ў цэлым адаптаваліся. ВУП краіны за 2025 год прырос на 1,3 %, што, сярод іншага, дазволіла захаваць станоўчую дынаміку паступленняў у бюджэт», — падкрэсліў міністр.
«Аб зацвярджэнні справаздачы аб выкананні бюджэту дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь за 2025 год». Як паведаміў міністр працы і сацыяльнай абароны Андрэй ЛАБОВІЧ, прадстаўляючы праект закона, бюджэт фонду за 2025 год збалансаваны, выкананы з прафіцытам. «Разгляданы дакумент фактычна з’яўляецца вынікам работы па фарміраванні і расходаванні сродкаў дзяржаўнага сацыяльнага страхавання за 2025 год», — падсумаваў ён.
«Аб змяненні законаў па пытаннях прафілактыкі правапарушэнняў». Законапраект, па словах члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргея МЯЛЕШКІНА, з’яўляецца важным для грамадзян. «Пытанне аб прафілактыцы правапарушэнняў з боку грамадзян, якія ўхіляюцца ад выканання сваіх абавязкаў: не працаўладкоўваюцца, вядуць адпаведны лад жыцця, не раз узнімалася на асабістых прыёмах, — акцэнтаваў увагу сенатар. — Законапраект дакладна прапрацаваны, становяцца больш жорсткімі патрабаванні менавіта да дадзенай катэгорыі грамадзян. Упэўнены, гэты закон унясе адпаведную лепту і ў зніжэнне насілля ў сям’і і павысіць адказнасць грамадзян нашай краіны».
«Аб змяненні законаў па пытаннях чыгуначнага транспарту». Праект закона прадугледжвае ліквідацыю прававога прабелу ў адносінах да патрабаванняў да асоб, якія працуюць на чыгуначным транспарце неагуальнага карыстання, адзначыў міністр транспарту і камунікацый Аляксей ЛЯХНОВІЧ. «Такія работнікі будуць праходзіць абавязковае медыцынскае асведчанне, а таксама папярэднія абавязковыя медыцынскія агляды, як і работнікі Беларускай чыгункі», — удакладніў спікер. На работнікаў іншых арганізацый распаўсюдзіцца патрабаванне аб перадзменным медыцынскім аглядзе і аглядзе на прадмет знаходжання ў стане алкагольнага ап’янення, дадаў ён.
«Аб змяненні законаў па пытаннях прававой аховы аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці». Па словах старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Дзяніса КАРЖЫЦКАГА, праектам закона прадугледжана ўнясенне змяненняў ва ўсе 6 спецыяльных законаў у сферы інтэлектуальнай уласнасці, а таксама ў Законы «Аб навукова-тэхнічнай інфармацыі», «Аб дзяржаўных закупках тавараў (работ, паслуг)» і Падатковы кодэкс Рэспублікі Беларусь. «Значная частка змяненняў накіравана на аптымізацыю адміністрацыйных працэдур па прадастаўленні прававой аховы аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці», — адзначыў спікер.
«Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь». Старшыня Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце Палаты прадстаўнікоў Валянцін СЕМЯНЯКА, прадстаўляючы законапраект, адзначыў, што метадам прававога рэгулявання дадзенага дакумента з’яўляюцца грамадскія адносіны, звязаныя са змяненнем падпарадкаванасці ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. «У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў ажыццяўляе функцыі органа дзяржаўнага кіравання і падпарадкоўваецца Савету Міністраў. Згодна са змяненнямі, якія ўносяцца ў Закон „Аб Савеце Міністраў“, прапануецца выключыць артыкул 26, які рэгулюе работу ўпаўнаважанага па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў. Унясенне змяненняў дазволіць ажыццяўляць гэтыя функцыі і падпарадкоўвацца непасрэдна кіраўніку дзяржавы».
Таксама падчас пасяджэння быў ратыфікаваны шэраг міжнародных пагадненняў.
Яна ВАЛАСАЧ