Top.Mail.Ru

На XXXІІІ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы прайшла прэзентацыя кнігі «Час выбраў» Выдавецкага дома «Звязда»

Асновай для выдання стаў аднайменны спецыяльны праект Выдавецкага дома «Беларусь сегодня», у якім прааналізавана айчынная перыёдыка за 1994—2025 гады (больш чым 20 тысяч выпускаў пяці газет). У кнізе выяўлена рэтраспектыва станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці ў перыяд суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны. Падрыхтавана і выпушчана ў свет выданне было Выдавецкім домам «Звязда». 


Падчас прэзентацыі дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» і сааўтар кнігі Вольга АНУФРЫЕВА падзялілася гісторыяй стварэння выдання:

— Першы выпуск праекта выйшаў у знакавы для беларусаў Дзень народнага адзінства — 17 верасня 2024 года, — адзначыла Вольга Аляксандраўна. — Першапачатковым вынікам такой працы стаў цыкл з 16 газетных 8-палосных выпускаў. У ім мы падрабязна расказалі пра тое, як наша краіна, якая ў той час знаходзілася на краі прорвы, паступова развівалася і прыйшла да таго, што маем сёння. Беларусь — касмічная, атамная дзяржава. Наша краіна — гарант бяспекі і справядлівасці. 


Для дарослых людзей гэтая кніга карысная ў якасці напаміну, наколькі цяжкім было мінулае ў параўнанні з сучаснасцю. Маладому пакаленню ў сваю чаргу выданне дапаможа даведацца, якім на самай справе быў шлях станаўлення беларускай дзяржавы, адзначыла Вольга Ануфрыева.

— Мы, дарослыя, яшчэ памятаем той перыяд, — дадала дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда». — Для вас, моладзь, вельмі важна ведаць, з чаго пачыналася гісторыя нашай суверэннай і незалежнай краіны. Адметна, што ў гэтай кнізе няма журналісцкіх перабольшванняў ці ацэнак. Наша выданне — гэта рэтраспектыва. Кніга напоўнена ілюстрацыямі-скрыншотамі, якія гавораць самі за сябе. Вельмі хочацца, каб гэтая гісторыя, гісторыя нашай краіны, адгукнулася ў сэрцах беларусаў.


Аўтарам ідэі спецыяльнага праекта «Час выбраў» выступіў намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрый ЖУК


Падчас прэзентацыі кнігі «Час выбраў» ён расказаў, што аднайменны праект, які лёг у аснову, стаў адным з самых масавых у гісторыі Беларусі за апошнія 15-20 гадоў. Яго тыраж у газетах склаў больш за 200 тысяч. 

— Мы заўсёды хочам ведаць пра тое, што адбываецца, з першых вуснаў, а не ў нечым пераказе, — патлумачыў папулярнасць праекта Дзмітрый Жук. — Гэта нармальна, каб зрабіць уласныя высновы і даць ацэнкі. Таму сабралі пад адной вокладкай публікацыі за 30 гадоў, якія выходзілі ў нашых цэнтральных газетах і прысвячаліся ключавым пунктам развіцця нашай маладой суверэннай дзяржавы. Гэта не наш погляд на падзеі 15-20-гадовай даўніны і не нашы ацэнкі, а ўспрыманне прадстаўнікамі таго часу. Вось у чым ключ гэтага праекта, які вельмі карысны для моладзі.


Яго мэта, з аднаго боку, простая і зразумелая, з другога — вельмі важная: каб не наступаць на граблі і не паўтараць ранейшых памылак.

— У пачатку 1990-х маё пакаленне зноў атрымала талоны на харчаванне і неразуменне таго, што будзе заўтра, — падзяліўся ўспамінамі дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Беларусь сегодня». — Цэны за год вырасталі ў 100 разоў, інфляцыя была ў тысячы працэнтаў. Мы зараз гаворым пра шэсць за год, а тады былі тысячы. Гэта значыць не мелі магчымасці планаваць, будаваць будучыню. Я ў той час працаваў настаўнікам у школе і, атрымліваючы зарплату першага чысла, трэба было яе адразу ж расходаваць. Інакш прыкладна праз 10 дзён на яе ўжо нічога не купіш. І каб зразумець, як пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі краіна з гэтым справілася, мы і зрабілі гэты праект.


Пра ўнікальнасць кнігі падчас прэзентацыі расказаў журналіст рэдакцыі Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» і сааўтар кнігі Максім ОСІПАЎ

— Унікальнасць абумоўлена тым, што мноства выпускаў газет па сённяшні дзень не прадстаўлены ў электронным выглядзе ў сетцы Інтэрнэт, — адзначыў Максім Осіпаў. — Мне як сааўтару хочацца спадзявацца, што гэта выданне — дастойны ўклад журналісцкай супольнасці ў захаванне гістарычнай памяці, ва ўмацаванне гуманітарнай бяспекі нашай краіны. На жаль, усе мы ведаем, цяперашні лічбавы свет досыць уразлівы. Людзі губляюць інфармацыйную базу, ад якой можна адштурхоўвацца. Кнігу не замарудзіш, не сатрэш, не выдаліш. Яна ёсць.

Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю