Top.Mail.Ru

На выязным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі абмеркавалі правядзенне аграрнага эксперымента, які прапанаваў правесці Прэзідэнт

Нядаўна, заслухоўваючы даклад па бягучай дзейнасці Нацыянальнага банка ў кантэксце задач эканамічнага развіцця краіны, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў правесці аграрны эксперымент па выкарыстанні адходаў калійных солей, так званых солеадвалаў, для павышэння ўрадлівасці пясчаных глеб. Сутнасць ідэі — у змешванні салявых адходаў з арганікай або торфам. Мяркуецца, што такі крок паралельна будзе садзейнічаць вырашэнню мінімум дзвюх задач — палепшыць структуру пясчаных глеб і аптымізаваць працэс утылізацыі прамысловых адвалаў каля Салігорска. Такі крок можа павысіць урадлівасць неспрыяльных для сельскай гаспадаркі зямель.


Тонкасці правядзення аграрнага эксперымента па выкарыстанні ў сельскай гаспадарцы торфу і адходаў калійных соляў абмеркавалі на выязным пасяджэнні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні ў Рагачоўскім раёне базе ААТ «Ціхінічы». Удзельнікі абмеркавання — вучоныя, аграрыі і парламентарыі — разгледзелі алгарытмы вырашэння пастаўленай кіраўніком дзяржавы задачы. Таксама ішла размова аб выкарыстанні торфу і тарфяных кампостаў у сельскагаспадарчай вытворчасці.

Правесці даследаванні, прапрацаваць эканамічны складнік

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц падкрэсліў значную рэсурсную базу для правядзення такога эксперымента. «Усё трэба спрабаваць, прапрацоўваць, эксперыментаваць, каб тое, што ўжо не выкарыстоўваецца ў вытворчасці, ператварыць у дабро. Важна выкарыстоўваць гэтыя магчымасці і дабівацца добрых эканамічных вынікаў», — падкрэсліў Леанід Заяц.

Дырэктар РУП «Інстытут глебазнаўства і аграхіміі» Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Юрый Шашко акцэнтаваў увагу, што на гэты момант няма ўніверсальнай формулы для вылічэння прапорцый неабходных саставаў для правядзення такога аграрнага эксперымента. У інстытуце праведзены сур’ёзны цыкл даследаванняў і распрацавана методыка прымянення торфу ў сельскай гаспадарцы. Што датычыцца выкарыстання гліняна-салявых шламаў — адходаў вытворчасці калійнай солі, то тут значнае поле для дэталёвых даследаванняў. Важна ўлічыць многія кірункі. «Неабходна правесці дадатковыя даследаванні», — акцэнтаваў Юрый Шашко.

Навукоўцы і практыкі адзіныя ў меркаванні аб дбайнай прапрацоўцы эканамічнага складніка: пачынаючы ад працэсу ўзяцця сыравіны, аптымізацыі лагістыкі і транспартных выдаткаў і інш.

«Мы праводзім такія даследаванні, вывучаем усе гэтыя эфекты і плануем, што ў завяршэнні будзе зразумелы цэлы набор тэхналагічных прыёмаў, актуальных для кожнай канкрэтнай гаспадаркі з улікам складу глеб і даступнасці рэсурснай базы», — сказаў Юрый Шашко.

Паводле яго слоў, таксама ёсць прапанова ад арганізацый «Белпалівагаза» аб выкарыстанні ў гэтых мэтах шламаў, якія ўтвараюцца пры спальванні торфу. У цэлым папярэдне формула можа вызначацца для кожнай мясцовасці — раёна ці гаспадаркі. «Напрыклад, у Салігорскім або Любанскім раёнах можна разглядаць у якасці кампанента гліняна-салявы шлам. Калі гэта раёны побач з Гомелем, то фасфагіпс — адходы вытворчасці Гомельскага хімічнага завода. А ў тых рэгіёнах, дзе ёсць торф, можна разглядаць і яго», — растлумачыў навуковец.


Галоўнае — бачыць эфект

«Першарадная задача — павышаць узровень урадлівасці глеб. У нас вялікія запасы адходаў калійных солей. Яны вылічаюцца мільёнамі тон. Сёння разам з вучонымі і практыкамі абмеркавалі, як лепш уцягнуць іх у абарот», — падкрэсліў па выніках пасяджэння Леанід Заяц.

Ён адзначыў, што гэты працэс уключае некалькі стадый, кожная з якіх патрабуе неабходнай прапрацоўкі. Важна атрымаць патрэбную колькасць шламаў, давесці партыі да месца падрыхтоўкі кампосту, а таксама прыгатаваць адпаведную сумесь.

Яшчэ адна зона патэнцыйнай цікавасці — запасы фасфагіпсу, размешчаныя каля Гомельскага хімічнага завода.

«Неабходны палявы вопыт як адносна работы з адходамі калійных солей, так і з адходамі фосфарнай вытворчасці. Гэта дасць магчымасць быць больш пераканаўчымі ў тым, што менавіта гэтыя адходы, якія для сельскай гаспадаркі фактычна нічога не каштуюць, маглі б таксама прыносіць карысць. Мы разумеем, што такія элементы вельмі патрэбны для нашых палявых культур», — сказаў Леанід Заяц.

На думку спікера, неабходна пралічыць папярэдні вынік, суаднесці фінансавыя складнікі з эфектыўнасцю працэсаў. «Калі нават пры ўкладанні пэўных затрат на выхадзе будзе добры эканамічны эфект — значыць, неабходна спрашчаць, механізаваць выманне, транспарціроўку, лагістыку — паменшыць выдаткі. Самае галоўнае — бачыць эфект гэтага эксперымента: павышэнне ўраджайнасці і ўрадлівасці. Пакуль жа такога вопыту няма. Вядома, мае рацыю наш Прэзідэнт і ў тым, што краіна багатая на гэтыя рэсурсы, і трэба шукаць варыянты, каб гэта служыла чалавеку і прыносіла карысць», — рэзюмаваў ён.

Першыя доследы — у Астрашыцкім гарадку

Першай доследнай пляцоўкай для аграрнага эксперымента стане Астрашыцкі Гарадок у Мінскім раёне. Аб гэтым Юрый Шашко паведаміў журналістам па выніках выязнога пасяджэння.

Як падкрэсліў Юрый Шашко, на гэты момант няма ўніверсальнай формулы для такіх саставаў, неабходна вывяраць прапорцыі, зыходзячы са структуры глебы ў кожнай канкрэтнай гаспадарцы або раёне.

«Першая пляцоўка для эксперымента вызначана. Гэта аграгарадок Астрашыцкі (Астрашыцкі Гарадок. — „Зв.“). Там запланаваны эксперымент на 20 га. Гэта вельмі складаныя схілавыя землі ў некалькіх напрамках. Мы падабралі там больш доследна прыдатны ўчастак. Будзем вывучаць унясенне стандартнай сістэмы мінеральных угнаенняў — на кукурузе. 

Гэта будзе як варыянт з ужываннем тарфяна-гнаявых кампостаў, так і тарфяна-гнаявых і тарфяна-памётных кампостаў разам з гліняна-солевым шламам», — удакладніў дырэктар інстытута.

Пастаўленую кіраўніком дзяржавы задачу ў некалькі дзеянняў будуць вырашаць на гэтым доследным участку. «Гэты эксперымент будзе доўжыцца не адзін год, бо імгненны вынік не заўсёды можна атрымаць. Асаблівасць арганічных угнаенняў і ў тым, што іх эфект назіраецца і на другі год пасля выкарыстання. Таму гэта будуць мінімум двухгадовыя доследы», — акцэнтаваў Юрый Шашко.

Таксама, на думку кіраўніка, падобны досвед трэба закласці і ў Гомельскай вобласці з фасфагіпсам (ад Гомельскага хімічнага завода).

«У цэлым мы плануем арганізаваць праграму дзяржаўных даследаванняў у НАН, дзе больш падрабязна, з вялікім наборам розных варыянтаў выпрацуем цэлы комплекс тэхналагічных прыёмаў», — рэзюмаваў Юрый Шашко.

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю