Традыцыйна Віцебская вобласць адной з апошніх прыступае да вясновай пасяўной, пры гэтым сёлета большасць палявых работ ужо стартавала, у прыватнасці падкормка азімых збожжавых. Вядуцца работы па падсеве траў, вывазцы і ўнясенні арганічных угнаенняў, у тым ліку з прыцягненнем міжраённых механізаваных атрадаў.
Па выніках 2024 года тэмп росту вытворчасці валавой прадукцыі ў раслінаводстве Віцебскай вобласці склаў 112,4 % да ўзроўню 2023 года. Кіраўнік паўночнага рэгіёна паставіў перад аграрыямі задачу на 2025 год — забяспечыць аб’ёмы вытворчасці валавой прадукцыі ў сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці да ўзроўню папярэдняга года ў памеры 107 %, у тым ліку раслінаводчай прадукцыі — не менш за 115,6 %.
Восенню мінулага года гаспадаркамі Віцебшчыны было пасеяна 201,7 тысячы га азімых збожжавых і 59,9 тысячы га крыжакветных культур, 6 тысяч з гэтых культур — на зялёны корм. Паднята 227 тысяч га зябліва.
З улікам дадзеных аб’ёмаў вясной сельгаспрадпрыемствам неабходна пасеяць 308 тысяч га яравых культур. Нягледзячы на нестабільнае зімовае надвор’е, азімыя перазімавалі добра — нават калі вернуцца замаразкі, страты не перавысяць 10 %.
На 24 сакавіка дзень у Віцебскай вобласці пасеялі амаль дзве тысячы гектараў збожжавых і зернебабовых культур. Узарана 7,5 тысячы га глебы, з якіх да сяўбы падрыхтавана 4,8 тысячы. Сёлета структура яравога кліна паўночнага рэгіёна складзе 308 тысяч га.
Для правядзення вясновых палявых работ вобласці неабходна 383 мільёны рублёў. На дадзены момант забяспечана звыш 70 % ад патрабаванай сумы. Асноўныя выдаткі прыпадаюць на закупку мінеральных угнаенняў, сродкаў абароны раслін, рамонт тэхнікі і набыццё насення. Недахоп фінансавання плануецца папоўніць за кошт бюджэтных пазык, крэдытных рэсурсаў і ўласных сродкаў арганізацый.
Аграрыі Глыбоцкага раёна сёлета прыступілі да палявых работ на тыдзень раней, чым у мінулым годзе. З падтрымкай райвыканкама сельгаспрадпрыемствы своечасова паставілі на лінейку гатоўнасці тэхніку, што павінна першай выязджаць у поле, паклапаціліся аб забяспечанасці гаспадарак насеннем і ўгнаеннямі. Таму ўсе прадпрыемствы Глыбоччыны амаль адначасова пачалі падсеў траў, падкормку збожжавых азімых і азімага рапсу. Высокі тэмп вясновых работ задаюць аграрыі ААТ «Сельцы», УП «За Радзіму» і «Мярэцкія». Дарэчы, хлебаробы апошняй гаспадаркі першымі ў раёне пачалі сяўбу яравых.
«Сёлета на Глыбоччыне ўпершыню будуць вырошчваць яравое трыцікале, наша гаспадарка ў тым ліку, — расказаў галоўны аграном УП „Мярэцкія“ Віктар Далідзёнак. — Пастараемся пасеяць гэту культуру ў самыя кароткія тэрміны. План вясновай сяўбы ў нас вялікі — 1400 га. Работы арганізаваны так, каб да мінімуму скараціць перагоны тэхнікі, не дапускаць яе прастояў».
Пасяўная кампанія стартавала і ў Бешанковіцкім раёне. Хлебаробы раёна вывелі агрэгаты ў палі яшчэ на мінулым тыдні. Свае карэктывы ў распарадак аграрыяў унесла надвор’е, накрыўшы глебу снегам, аднак на бягучым тыдні работы аднавіліся. Яравы клін на Бешанковіччыне сёлета складзе 11 841 га. Першымі да сяўбы прыступілі работнікі ЗАТ «АСБ-Агра Наватар», на іх рахунку ўжо звыш 30 га аўса. Дарэчы, у «наватараў» самая вялікая плошча яравой сяўбы ў раёне — 2651 га.
Фота газеты «Зара»