У Віцебскай вобласці пачнуць адкрываць пункты пракату прадметаў першай неабходнасці для нованароджаных. Такая мера заклікана дапамагчы маладым сем’ям зэканоміць на куплі рэчаў, якія патрэбны толькі першыя месяцы жыцця дзіцяці. Ініцыятыву анансавала намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Віцебскага аблвыканкама Вера Астапенка на выніковай калегіі ведамства, паведамляе SB.by.
Новы фармат дапамогі арыентаваны на сем’і з дзецьмі і стане часткай рэгіянальнай дэмаграфічнай праграмы, каардынатарам якой з 2026 года выступае камітэт па працы і сацабароне. Пункты пракату дазволяць бацькам бясплатна атрымліваць неабходныя рэчы на час, не трацячы сродкі на іх пакупку, адзначыла Вера Астапенка:
— Мы плануем адкрыць пункты пракату для тых сем’яў, дзе нараджаюцца дзеткі, каб чалавек не набываў рэчы першай неабходнасці, мог прыйсці і ўзяць. Для гэтага будзем прыцягваць спонсарскія сродкі, пазабюджэтныя крыніцы і, вядома, дапамогу ад грамадзян, якія ўжо выгадавалі сваіх дзяцей. Яны могуць перадаць каляскі і хадункі ў нашы цэнтры. Атрымаюцца добрыя пункты пракату.
Чакаецца, што такая ініцыятыва не толькі знізіць фінансавую нагрузку на маладыя сем’і, але і дасць магчымасць рацыянальна выкарыстоўваць дзіцячыя тавары, якія хутка страчваюць актуальнасць, але застаюцца ў добрым стане.
Паралельна ў рэгіёне працягваецца развіццё іншага запатрабаванага сэрвісу — службы сацыяльнага таксі. Першымі паслугу ацанілі жыхары Віцебска і Аршанскага раёна, дзе праект стартаваў у 2025 годзе.
— У гэтым годзе запланавана адкрыццё сацыяльнага таксі ў Полацкім раёне і Наваполацку, — паведаміла Вера Астапенка. — У планах пяцігодкі — укараніць паслугу і ў іншых гарадах, дзе яна будзе найбольш запатрабаваная.
Сацыяльнае таксі прызначана для людзей з інваліднасцю і пажылых грамадзян, якім патрабуецца дапамога ў перамяшчэнні да сацыяльна значных аб’ектаў: бальніц, аптэк, устаноў сацабароны. Запуск сэрвісу стаў лагічным працягам работы па стварэнні даступнага асяроддзя: да 2025 года ўсе ўстановы сацабароны рэгіёна былі абсталяваны з улікам патрэбнасцяў маламабільных груп насельніцтва.
Абедзве ініцыятывы — і пункты пракату, і сацыяльнае таксі — частка комплекснай работы па павышэнні якасці жыцця ў рэгіёне.