Зусім няшмат застаецца да вялікага аграрнага старту: беларускія працаўнікі вёскі ва ўсіх рэгіёнах краіны актыўна рыхтуюцца да вясенне-палявых работ. Гаспадаркі запасаюцца палівам, насеннем, угнаеннямі, правяраюць спраўнасць тэхнікі. У кожнага рэгіёна свае выразныя задачы на сезон. Пры гэтым усе разумеюць важнасць пасяўной кампаніі. Задача — своечасова выйсці ў поле.
Для таго каб праверыць, як ідзе падрыхтоўка да чарговага сельскагаспадарчага сезона, Старшыня Палаты прадстаўнікоў, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці Ігар СЕРГЯЕНКА з рабочай паездкай адправіўся на поўнач нашай краіны — на Віцебшчыну. На працягу двух дзён, 19 і 20 сакавіка, спікер правяраў гатоўнасць сельгаспрадпрыемстваў вобласці да вяснова-палявых работ.
«Настрой у калектывах рабочы»
У першы дзень рабочай паездкі Старшыня Палаты прадстаўнікоў азнаёміўся з дзейнасцю шэрагу сельгасарганізацый Шаркаўшчынскага і Браслаўскага раёнаў. Першым пунктам на маршруце дэлегацыі стала гаспадарка ААТ «Княж», што знаходзіцца ў аграгарадку Германавічы Шаркаўшчынскага раёна. На прадпрыемстве працуюць 172 чалавекі. У распараджэнні гаспадаркі — 44 трактары, 5 кормаўборачных і 8 збожжаўборачных камбайнаў. Плошча сельгасугоддзяў — 7 772 га, у тым ліку раллі — 5 162 га. Валавы збор збожжавых у 2025 годзе склаў 4827 тон пры сярэдняй ураджайнасці — 22,8 ц/га.
Падчас наведвання механізатарскага двара сельгаспрадпрыемства гаворка ішла пра тое, якая тэхніка на хаду і якія яе магутнасці, а таксама наколькі аператыўна праводзіцца рамонт няспраўных агрэгатаў і што яшчэ трэба арганізацыі для паспяховай работы ў палях. Зямля ў гаспадарцы складаная, таму тэхніка патрэбна дастаткова магутная.
Ігар Сергяенка наведаў некалькі сельгаспрадпрыемстваў і ў Браслаўскім раёне, дзе азнаёміўся з гатоўнасцю тэхнікі, удакладніў, ці хапае паліва для машын і як настроеныя аграрыі на будучую пасяўную. На мехдвары КУСП «Браслаўскі» прыезд Старшыні Палаты прадстаўнікоў не чакалі. Але, улічваючы высокую гатоўнасць тэхнікі, кіраўнік прадпрыемства з упэўненасцю далажыў аб сітуацыі ў гаспадарцы.
Яшчэ адным нечаканым для кіраўніка гаспадаркі пунктам маршруту спікера Палаты прадстаўнікоў у Браслаўскім раёне стаў мехдвор ААТ «Слабодка-агра». Прадпрыемства ў нядрэнным стане, нягледзячы на тое, што раней па большасці паказчыкаў яно «плялося» ў хвасце рэгіянальных зводак. Машынны парк гаспадаркі складаецца з 18 трактароў, 4 збожжа- і 2 кормаўборачных камбайнаў, грузавых аўтамабіляў і мноства спецыялізаваных агрэгатаў.
Пасля праверкі гатоўнасці тэхнікі да работ спікер адказаў на пытанні журналістаў. «Віцебская вобласць прыступае да вяснова-палявых работ на наступным тыдні. Фактычна ўжо сёння ў Глыбоцкім раёне прыступілі да сяўбы яравых, — паведаміў Ігар Сергяенка. — Я паглядзеў, як арганізавана падрыхтоўка тэхнікі ў гаспадарках Шаркаўшчынскага і Браслаўскага раёнаў. Што хацелася б адзначыць -настрой у калектывах рабочы. Некаторыя так і гавораць, што ўжо засумавалі па працы, хочуць выйсці ў поле».
Закранаючы тэму гатоўнасці сельскагаспадарчай тэхнікі да выхаду ў палі, Ігар Сергяенка канстатаваў: энерганасычаная тэхніка, трактары, пасяўныя агрэгаты, плугі — амаль уся сельгастэхніка гатовая. «Снег фактычна сыходзіць з палёў, глеба халодная яшчэ, аграрыі вядуць падкормку азімых ужо адпаведнымі прэпаратамі. Ну і гатоўнасць высокая, — звярнуў увагу ён. — Ва ўсякім разе, настроенасць на гэта ёсць, людзі гатовыя».
Для паспяховага выхаду тэхнікі ў палі, на думку Старшыні Палаты прадстаўнікоў, аграрыям варта дадаць у арганізацыі работ. Неабходна, каб на час вясенне-палявых работ падача запчастак для сельгастэхнікі была арганізавана мабільна. «У прынцыпе, з пачаткам актыўных работ думаецца, што ўсё будзе арганізавана на належным узроўні», — выказаў упэўненасць спікер.
«Важна агульнымі намаганнямі зрабіць і край, і раён камфортнымі для пражывання людзей»
Чарговым пунктам на маршруце спікера стаў Шаркаўшчынскі райвыканкам. Тут адбылася сустрэча са школьнай і працоўнай моладдзю раёна. Ігар Сергяенка падрабязна расказаў аб ключавых кірунках дзейнасці Палаты прадстаўнікоў. Акрамя таго, ён закрануў тэму нацыянальнай бяспекі, якую забяспечваюць не толькі ваеннаслужачыя, але і супрацоўнікі праваахоўных органаў, ратавальнікі. Ігар Сергяенка расказаў і аб сацыяльна-эканамічным развіцці нашай краіны, адзначыўшы, што законы ў гэтай сферы накіраваны на паляпшэнне ўзроўню жыцця беларусаў, у тым ліку ў рэгіёнах.
У размове з журналістамі Ігар Сергяенка адзначыў важнасць правядзення сустрэч з моладдзю. Каментуючы сустрэчу ў райвыканкаме, спікер падкрэсліў: «Гаворка ішла аб надзённых праблемах і працоўнай моладзі. Маладыя людзі задавалі пытанні, якія датычацца працаўладкавання, замацавання кадраў на вёсцы, заканатворчай дзейнасці. Атрымаўся цікавы абмен меркаванняў».
Старшыня Палаты прадстаўнікоў таксама канстатаваў, што ў маладых людзей сапраўды прысутнічае любоў да роднага краю. «Так, раён невялікі, райцэнтр таксама. Тры гады таму тут прайшлі абласныя „Дажынкі“, змянілася аблічча населенага пункта. І, вядома, важна агульнымі намаганнямі зрабіць і край, і раён камфортным для пражывання людзей. Гэта і працоўныя месцы, і добраўпарадкаванне, і дарогі, і медыцынскае забеспячэнне. У гэтым плане, вядома, трэба дадаць», — рэзюмаваў Ігар Сергяенка.
«Як бы сумна гэта ні гучала, усю вашу эканоміку цягне ўніз менавіта сельская гаспадарка»
У другі дзень рабочай паездкі спікер узяў удзел у адкрытым пасяджэнні Браслаўскага райвыканкама. Галоўнымі тэмамі сталі сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна, павышэнне эфектыўнасці работы прадпрыемстваў. Былі таксама абмеркаваны меры па падрыхтоўцы сельскагаспадарчых арганізацый раёна да правядзення сёлетніх палявых работ.
Спікер адзначыў, што ў дакладзе акцэнт быў зроблены на поспехах раёна, аднак важна пазначыць і задачы, якія неабходна вырашыць у найбліжэйшы час. Браслаўшчына — унікальны прыродны край. Спікер у сувязі з гэтым нагадаў, што адзін з пунктаў развіцця раёна — турызм. І менавіта гэта сфера была прызнана адным з сямі ключавых прыярытэтаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026–2030 гады, з мэтай павелічэння яго ўкладу ў ВУП да 4,5 %.
Закранаючы тэму падрыхтоўцы сельскагаспадарчых арганізацый раёна да правядзення вясенне-палявых работ, Ігар Сергяенка звярнуў увагу на тое, што па ўсіх паказчыках гэта сфера з’яўляецца балючай для раёна: «Як бы сумна гэта ні гучала, усю вашу эканоміку цягне ўніз менавіта сельская гаспадарка». У сувязі з гэтым былі падрабязна вывучаны стан сферы, магчымыя варыянты вырашэння існуючых праблем. Абмеркавалі таксама перспектывы вырошчвання кукурузы і іншых культур у раёне, эканамічнае абгрунтаванне некаторых сельскагаспадарчых этапаў, а таксама неабходнасць іх тэхналагічнага абнаўлення ў мэтах эканамічнай выгады.
Ігар Сергяенка таксама прыняў удзел ва ўшанаванні лаўрэатаў ганаровага звання «Чалавек года Браслаўшчыны» і «Найлепшы па прафесіі» і ўручыў падзякі Старшыні Палаты прадстаўнікоў. Звяртаючыся да прысутных, спікер адзначыў: «За мінулы год Браслаўскім раёнам забяспечана станоўчая дынаміка па экспарце тавараў і паслуг, рэнтабельнасці продажаў, уводзе ў строй жылля. З’явіліся новыя гандлёвыя аб’екты, асфальтаваныя вуліцы і аблічча горада стала яшчэ лепшым. Выкананы заданні па сукупным паступленні даходаў кансалідаванага бюджэту, намінальнай налічанай сярэднямесячнай заработнай плаце, нарматыве зніжэння ўзроўню выдаткаў на вытворчасць прадукцыі. Асвоена 94,5 млн рублёў інвестыцый у асноўны капітал. Раён спрацаваў з чыстым прыбыткам».
Кіраўнік дэпутацкага корпуса падкрэсліў: «Час ставіць новыя, больш складаныя задачы. Але разам мы зможам іх адолець. Бо ўсіх аб’ядноўвае любоў да роднай зямлі, імкненне зрабіць Беларусь яшчэ больш дагледжанай і зручнай для жыцця».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА